Географы ў абарону Альманаў: будоўлю дарогі на балоце трэба спыніць

  • Тэма: Балоты
  • Аўтары: Kanstancin Chykalau
  • Час публікацыі: 01.12.2018, 22:33

На Альманскіх балотах працягваюць пракладаць дарогу, якая ставіць пад пагрозу захаванне мясцінаў з рэдкім для Беларусі ландшафтам.

Пра будаўніцтва АПБ і Багна даведаліся ў чэрвені, і адразу спецыялісты выехалі на месца. Мы пабачылі, як бульдозеры і самазвалы кладуць новую дарогу па жывым балоце, замест таго, каб весці яе па старой лясной. Пазіцыя Палескага лясгаса: дарога дазволіць дабрацца да пажараў у нетрах балотаў, а таксама дасць доступ да драўніны. Ахоўнікі прыроды пярэчаць: дарога сама зробіцца правакатарам пажараў, бо падсушыць балота і зробіць яго даступным для людзей. Не кажучы пра разбурэнне ўнікальнага ландшафту, дзякуючы якому Альманы атрымалі статус рэспубліканскага заказніка.

У ліпені ў Давыд-Гарадку прайшла экспертная сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў, у якой удзельнічалі прыродаахоўныя арганізацыі. Нягледзячы на мноства аргументаў супраць дарожнай будоўлі, яна ўсё яшчэ працягваецца.

Беларускае геаграфічнае таварыства, якое мае ў сваіх шэрагах шмат ланшафтаведаў,  таксама выступіла ў абарону Альманаў і напісала зварот у Мінпрыроды, дзе гаворыць, што будаўніцтва з высокай імавернасцю прывядзе да разбурэння тыповых ландшафтаў заказніка. Гэта супярэчыць яго мэце, бо заказнік ствараўся, каб захаваць унікальныя ландшафты і «чырвонакніжнікаў» Прыпяцкага Палесся.

“Мы лічым, што пэўная шкода тэрыторыі заказніка ўжо нанесеная падчас гэтага этапу будаўніцтва дарогі, але яшчэ ёсць магчымасць папярэдзіць непапраўныя для ўнікальных ландшафтаў «Альманскіх балотаў» наступствы”, — гаворыцца ў лісце.

У навуковым абгрунтаванні заснавання заказніка «Альманскія балоты» расказваецца, як фарміраваўся гэты лесабалотны комплекс. У познеледавіковы час рэкі са шматлікімі ручвамі блукалі сярод пясчаных дзюнаў, градаў ды барханаў. Воды рухаліся між іх і спыняліся ў лагчынах, а на асадкавым матэрыяле, які яны неслі, нарастаў торф. Пясчаныя выспы розных памераў і формы сталі «мінеральным» каркасам пляскатахвалістага азёрна-балотнага ланшафту.

©svaboda.org

Географы нагадваюць, што правілы аховы ландшафтаў забараняюць праводзіць работы, што прывядуць да яго зменаў і парушаць гідралагічны рэжым. А будоўля дарогі разбурае натуральныя пясчаныя дзюны як у межах заказніка, так і па-за імі: пясок дзюнаў будаўнікі выкарыстоўваюць як матэрыял для дарогі, а самі дзюны яны зразаюць, каб яна не мела перападаў па вышыні.

Лясгас плануе актыўна высякаць лес на выспах, калі дабудуе дарогу. Географы лічаць, што гэта таксама зменіць ландшафт. Менавіта дрэвы ўтрымліваюць абсыпанне крутых схілаў і захоўваюць эолавыя формы рэльефу на Альманскіх балотах. Не будзе дрэваў — папаўзуць схілы, разбурыцца рэльеф.

Чалавек не можа назіраць змену ландшафту на свае вочы, бо яна займае больш часу, чым жыццё чалавека. Але праявы гэтых зменаў, напрыклад, утварэнне і карэнную трансфармацыю ўрочышчаў, можна пабачыць. «Дастаткова нязначна панізіць узровень грунтовых водаў на балоце, як знікае балотнае разнатраўе, што любіць вільгаць, спыняецца накапленне торфу, змяняюцца мікракліматычныя асаблівасці — і ўсё гэта цягам вельмі кароткага адцінку часу. Паступова адбываецца страта цэлага рэгіянальнага комплексу,» — даводзяць географы і дадаюць, што экасістэма Альманскіх балотаў мае не толькі рэгіянальную, але і агульнаеўрапейскую значнасць.

Эканамічныя выдаткі таксама будуць істотныя, прадракаюць аўтары ліста: дарога, пракладзеная паўзверх абводненага слою торфу, будзе хутка псавацца.

©svaboda.org

Географы звяртаюць увагу на тое, што заканадаўства недастаткова ўлічвае глыбокія сувязі кампанентаў прыроднага асяродку. Такі фармальны падыход не дазваляе комплексна ацаніць наступствы антрапагеннага ўздзеяння.

Беларускае геаграфічнае таварыства заклікае спыніць будоўлю, сабраць навукоўцаў і грунтоўна разабрацца ў сітуацыі. Заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы для гэтага трэба адклікаць, а для службовых асоб, якія прымалі рашэнне аб будоўлі дарогі, вызначыць меру пакарання, каб папярэдзіць такія выпадкі на будучыню.

Цалкам ліст Беларускага геаграфічнага таварыства можна пачытаць па спасылцы.

Ахова птушак Бацькаўшчыны
© svaboda.org