Букацiнскае балота як адукацыйны цэнтр

  • Тэма: Балоты
  • Аўтары: Kanstancin Chykalau
  • Час публікацыі: 14.09.2016, 06:00

Маляўнічае верхавое балота пад Віцебскам пры мінімальных укладаннях можа ператварыцца ў зручны асветніцкі аб’ект.

Вёска Лужасна, што каля самога Віцебска, добра вядомая ў краіне. З большага яе ведаюць па былой гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей, а цяпер Віцебскім кадэцкім вучылішчам. Тут захавалася шмат помнікаў гісторыі і культуры: гарадзішча ранняга жалезнага веку, Узнясенская царква (1908) і былая царква Узвіжання Крыжа (1815), былая земляробчая школа (1909). У вёсцы больш за 10 помнікаў і памятных шыльд: партызану М. Сільніцкаму, Ф.А. Сурганаву, У.І. Леніну, у гонар вызвалення вёскі, у памяць закатаваных ваеннапалонных і іншыя.

Ёсць і цікавыя прыродныя аб’екты: дэндрапарк Лужаснянскага аграрнага каледжа, самы вялікі вяз у Віцебскім раёне, “Браты” (дуб і ясень, якія вырастаюць з аднаго кораня). Да вёскі вельмі лёгка дабірацца: ад вакзала маршрутка ідзе 20, а аўтобус 35 хвілін. Ёсць пэўная інфраструктура і досыць шмат турыстычнай інфармацыі ў Інтэрнэце. Праводзяцца пешыя і велаэкскурсіі, ёсць конная школа — месца папулярнае. Карацей, вёска з’яўляецца адной з самых перспектыўных для развіцця турызму ў наваколлі Віцебска.

У кіламетры ад Лужасна, непадалёк ад вёскі Букаціна захавалася цікавае верхавое балота. Ёсць шэраг плюсаў, якія робяць распрацоўку тут экалагічнай сцяжыны вельмі прывабным. Да балота лёгка і блізка дабірацца, што для жыхара горада мае значную перавагу.

Балота мае высокія берагі і вельмі маляўніча выглядае. Назіраць за любым балотам найбольш цікава са спецыяльна пабудаванай вышкі. У Букаціна ж балота знаходзіцца ў катлавіне, таму з высокіх і стромкіх берагоў можна за ім  назіраць без спецыяльных збудаванняў.

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Памеры балота невялікія, абыйсці можна за палову гадзіны, але гэтага хопіць, каб пазнаёміцца з раслінным светам беларускай багны. Можна пахадзіць па імху (небяспечных месцаў тут няма), паглядзець на чэзлыя дрэўцы, якія не вышэй за сярэдняга чалавека і выглядаюць зусім маладымі, але іх узрост большы за палову стагоддзя.

Асабліва прыгожа тут увесну, калі квітнее падвей. Падвей (па-руску “пушица”) — род шматгадовых травяністых раслін сямейства асаковых.

Грэчаская назва Eriophorum паходзіць ад слова erion — пух, воўна і phoros — нясучы. Такім чына “нясучы пух” атрымаў назву дзякуючы сваеасаблівым кветкам, якія складаюцца з белых ніткападобных валаскоў, што разрастаюцца ў пухоўкі пры пладах-арэшках. Яны чымсці падобныя да невялікіх кветак бавоўны. Расліны ўтвараюць купінкі. Квітнее падвей у чэрвені і гэта вельмі прыгожае відовішча.

Усе прадстаўнікі роду з’яўляюцца торфаўтвараючымі раслінамі, а падвей шыракалісты (Eriophorum latifolium) яшчэ і карысная лекавая расліна. У тундры падвей вельмі ахвотна ядуць паўночыня алені, ласі, лемінгі. Нашыя жывёлы падвей не любяць з-за жорсткасці сцяблінаў. Продкі беларусаў выкарыстоўвалі пухоўкі для набіўкі падушак, вырабу фіцілей, трута, дадавалі да воўны ці бавоўны пры вырабы тканінаў. У сучасным ладшафтным дызайне падвей выкарыстоўваецца пры афармленні вадаёмаў.

Гэтую расліну варта было б зрабіць сымбалем балота, а можа і знакам вёскі Букаціна, а адзін з дзён падчас квітнення зрабіць днём народзінаў балота, ладзіць тут цэлы фэст. У Японіі час квітнення сакуры з’яўляецца нацыянальным святам. Жыхары краіны на пэўны час ідуць у сады і любуюцца сваёй улюбёнай кветкай. Можа сёння фестываль квітнення падвею бачыцца малаверагодным, але ўсе значныя ідэі калісьці пачыналіся з разважанняў.

У сезон тут можна пазбіраць журавіны і паназіраць за птушкамі. Для апошняга, канешне, трэба мець біноклі, фотакамеры і запасціся цярплівасцю. Пры наяўнасці засідкі і пэўнай ўдачы тут можна ўбачыць і сфатаграфаваць бусла, чаротавак, свярчка, бугая, чаплю, балотнага луня і іншых птушак.

Паходжанне балота звычайнае: раней у гэтым месцы было невялікае возера, якое ўтварылася пры таянні ледавіка. Паступова яно зарастала і пераўтварылася ў верхавое балота. Але мясцовыя жыхары лічаць па-іншаму. Яны распавядаюць легенду аб тым, што ў Букаціна жыў пан, у якога была прыгожая дачка. Аднойчы яна пайшла па ваду і ўтапілася ў возеры. Няшчасны бацька пракляў яго і з таго часу возера пераўтварылася ў балота. Такіх паданняў пра паходжанні балатоў па Беларусі шмат, i гэта ўскосна сведчыць пра тое, што тут калісьці магло быць язычніцкае капішча.

Што ж варта зрабіць на Букацінскім балоце? Пры невялікім фінансаванні можна стварыць драўляныя насцілы і арганізаваць экалагічную сцяжыну з месцамі для назірання. Змесціць тут выявы найбольш тыповых раслін і звесткі пра іх. Дадаць інфармацыю пра тое, як расце торф, ўтвараецца балота, іх ролю ў жыцці прыроды і чалавека.

bukacina-09

Колькі можа каштаваць стварэнне экалагічнай сцяжыны? Не шмат. Драўляны насціл па балоце. Маркеры-указальнікі па дарозе ад Лужасна да Букаціна. Інфармацыйныя стэнды каля балота і ўздоўж насціла. Варта добраўпарадкаваць падыход да балота і сыход да яго. У ідэале — арганізацыя сцяжыны па беразе вакол балота і стварэнне некалькіх аглядных пляцовак з інфазнакамі.

Крыху высілкаў — і пад Віцебскам можа з’явіцца цэлы “гідралагічны адукацыйны цэнтр” на тэму багацця беларускіх балотаў.

Багна
Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic