Балота паміж дзвюх рэк. Да конкурсу гісторый пра балоты

  • Тэма: Балоты
  • Аўтары: Mary Gulina
  • Час публікацыі: 20.03.2019, 00:55

«Багна» працягвае публікацыю лепшых гісторый з конкурсу, прысвечанага Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў. У гэтым выпуску — гісторыя ад Таццяны Сіняўскай.

На поўдзень ад нашага хутара, там, дзе сустракаюцца плыні дзьвух рэк, у атачэнні непралазных хмызняковых абшараў, знаходзіцца багністы дол, утвораны на месцы былога рэчышча ракі Ластаянкі, і цягнецца гэтае балотца даліннага тыпу акурат да месца ўпадзення ў Заходнюю Бярэзіну. Калісьці, напачатку 20-га стагоддзя, пакуль ручво палягала акурат па гэтых мясцінах, даліну атачалі паплавы, якія штовесну ішлі пад ваду разам с пабудовамі на нашым хутары.

Менавіта тут месціўся вадзяны млын колішняга гаспадара, яго можна пабачыць хіба што на старых польскіх мапах пачатку 20-га стагоддзя, але ў сучасным выглядзе не засталося анічога — гаспадар за Саветамі іміграваў у Амерыку, а ад млына не засталося нават падмурка — усё расцягнулі новыя гаспадары на свае пабудовы. Засталося толькі некалькі вялізарных валуноў, на якіх любяць грэцца вясной яшчуркі. Гэтае месца паступова забалочвалася — і зараз гэта пойменнае балота.

Негледзячы на тое, што балота мае штучнае паходжанне і ўтварылася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў выніку будаўніцтва дамбы і змены рэчышча ракі Ластаянкі, тут за гэты час сфарміравалася моцная біясістэма.

У старыцы, што не магла пераўтварыцца ў сухую частку заліўнога лугу, бо падсілкоўваецца і па сёння падземнымі водамі. Адну з крыніц, засмечаную ападам і глеем, мы акуратна пачысцілі — каб багністае прадонне «падыхала».

Больш не дазваляем сабе ніякага ўмяшальніцтва ў жыццё балота, толькі назіраем за цудоўным жыццём балотнай флоры і фауны, і нельга не заўважыць, як неабходна гэтая частка прыпойменным лясам і біясістэме гэтых дзьвух рэк — Ластаянцы і Заходняй Бярэзіне.

І наогул, мы — людзі на балоце. Блізкасць да яго нас цешыць. Тут, вядома, вялікая колькасць інсэктаў, у тым ліку камароў, але дзякуючы іх прысутнасці тут жыве незлічоная колькасць птушак, кожную вясну яны радуюць сваімі разнастайнымі спевамі. Напрыклад, паляванне лунёў можна назіраць на свае вочы, яны аблюбавалі гэтыя мясціны.

Ужо на прадвесні, калі глеба ў наваколлі цвіхчыць ад вільгаці, з'яўляюцца першыя балотныя кветкі: гусіная цыбуля і чысцец асвяжаюць жоўклы леташні дзірван сваімі драбнюткімі сонечнымі канапушкамі. Там, дзе стаіць вада, пачынае красаваць лотаць.
Ужо на прадвесні, калі глеба ў наваколлі цвіхчыць ад вільгаці, з'яўляюцца першыя балотныя кветкі: гусіная цыбуля і чысцец асвяжаюць жоўклы леташні дзірван сваімі драбнюткімі сонечнымі канапушкамі. Там, дзе стаіць вада, пачынае красаваць лотаць.© Таццяна Сіняўская
© Таццяна Сіняўская
З балота кожны вечар транслююцца канцэрты рапух, у іх распачынаецца шлюбны час. Завітваюць вадаплаваючыя птушкі, што ласуюцца галавастыкамі.
З балота кожны вечар транслююцца канцэрты рапух, у іх распачынаецца шлюбны час. Завітваюць вадаплаваючыя птушкі, што ласуюцца галавастыкамі. © Таццяна Сіняўская
А навокал ніцае і непрывабнае чаромхавае рэдкалессе раптам упрыгожваецца і разносіць водары свайго белага ўбрання.
А навокал ніцае і непрывабнае чаромхавае рэдкалессе раптам упрыгожваецца і разносіць водары свайго белага ўбрання.© Таццяна Сіняўская
З'яўляюцца вужы ў вялікай колькасці: усюды можна пабачыць іхнія норы. Мы іх не крыўдзім, але не баімся. Наша дачушка з маленства ведае старую беларускую легенду пра Вужыную каралеву, якую ні ў якім разе нельга крыўдзіць, а лепш пачаставаць малаком. А для тутэйшых буслоў вужы найлепшы пачастунак, таму яны свабодна ходзяць па купінках у пошуках ежы, не зважаючы на нашую прысутнасць.
З'яўляюцца вужы ў вялікай колькасці: усюды можна пабачыць іхнія норы. Мы іх не крыўдзім, але не баімся. Наша дачушка з маленства ведае старую беларускую легенду пра Вужыную каралеву, якую ні ў якім разе нельга крыўдзіць, а лепш пачаставаць малаком. А для тутэйшых буслоў вужы найлепшы пачастунак, таму яны свабодна ходзяць па купінках у пошуках ежы, не зважаючы на нашую прысутнасць.© Таццяна Сіняўская
Бліжэй да лета пачынаецца лёт стракоз — і гэта найцудоўнае відовішча. Летась удалося нават пабачыць вельмі рэдкія віды. Звычайна ў гэты час яны ўвіхаюцца ў парах ці адпачываюць на вольхавай лістоце, карункавых лісціках стрэлаліста ці рагозавых стрэлах. Сфатаграфаваць іх досыць цяжка, і гэта вельмі захапляльны працэс фатапалявання.
Бліжэй да лета пачынаецца лёт стракоз — і гэта найцудоўнае відовішча. Летась удалося нават пабачыць вельмі рэдкія віды. Звычайна ў гэты час яны ўвіхаюцца ў парах ці адпачываюць на вольхавай лістоце, карункавых лісціках стрэлаліста ці рагозавых стрэлах. Сфатаграфаваць іх досыць цяжка, і гэта вельмі захапляльны працэс фатапалявання.© Таццяна Сіняўская
© Таццяна Сіняўская
У сярэдзіне лета балотнае люстэрка пачынае зарастаць раскай, адбываецца фантастычнае пераўтварэнне: уся паверхня пакрываецца ярка-зялёным аксамітным кілімам, такім плотным, што можна назіраць сонечныя зайчыкі на ім, што прабіваюцца праз кроны кустоўя і дрэў.
У сярэдзіне лета балотнае люстэрка пачынае зарастаць раскай, адбываецца фантастычнае пераўтварэнне: уся паверхня пакрываецца ярка-зялёным аксамітным кілімам, такім плотным, што можна назіраць сонечныя зайчыкі на ім, што прабіваюцца праз кроны кустоўя і дрэў.© Таццяна Сіняўская
У летнюю спёку на балоце сапраўдны рай.   З надыходам халодных раніц балота пачынае губляць сакавітыя фарбы, пакрысе сціхаюць птушыныя спевы.
У летнюю спёку на балоце сапраўдны рай. З надыходам халодных раніц балота пачынае губляць сакавітыя фарбы, пакрысе сціхаюць птушыныя спевы. © Таццяна Сіняўская
Але яшчэ можна сустрэць вялізных смаўжэй, што павольна перасоўваюцца па сфангнуму па сваіх смаўжыных справах.
Але яшчэ можна сустрэць вялізных смаўжэй, што павольна перасоўваюцца па сфангнуму па сваіх смаўжыных справах.© Таццяна Сіняўская
Пасля першых зазімкаў навакольныя адценні пераважна вохрыстыя, толькі купінкі балотнай асакі не губляюць сваей дэкаратыўнасці яшчэ доўгі час, выглядаюць з-пад вады сваімі зялёнымі свежымі шапачкамі.
Пасля першых зазімкаў навакольныя адценні пераважна вохрыстыя, толькі купінкі балотнай асакі не губляюць сваей дэкаратыўнасці яшчэ доўгі час, выглядаюць з-пад вады сваімі зялёнымі свежымі шапачкамі. © Таццяна Сіняўская
На нейкі час вада ў забалочанай старыцы з невядомай прычыны робіцца малочна-лазурнай, як медны купарос, а потым зноў становіцца празрыстай. Гэта выглядае даволі экзатычна, але ці добра гэта? Ці не вынік гэта гаспадарчай дзейнасці? Мы не ведаем, і спытаць няма ў каго. Шчыра кажучы, людзі, што жывуць у нашых ваколіцах, не надта клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе — пра гэта сведчаць горы смецця, што мы збіраем каля ракі нават у такіх бязлюдных мясцінах...  Яшчэ адна праблема нас хвалюе: як спыніць распаўсюджанне клёна ясенелістнага на нашых балотных абшарах. Яго дамінаванне над вольхамі і чаромхамі становіцца відавочным, што змяняе гэтую біясістэму і робіць яе бяднейшай і безабароннай.
На нейкі час вада ў забалочанай старыцы з невядомай прычыны робіцца малочна-лазурнай, як медны купарос, а потым зноў становіцца празрыстай. Гэта выглядае даволі экзатычна, але ці добра гэта? Ці не вынік гэта гаспадарчай дзейнасці? Мы не ведаем, і спытаць няма ў каго. Шчыра кажучы, людзі, што жывуць у нашых ваколіцах, не надта клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе — пра гэта сведчаць горы смецця, што мы збіраем каля ракі нават у такіх бязлюдных мясцінах... Яшчэ адна праблема нас хвалюе: як спыніць распаўсюджанне клёна ясенелістнага на нашых балотных абшарах. Яго дамінаванне над вольхамі і чаромхамі становіцца відавочным, што змяняе гэтую біясістэму і робіць яе бяднейшай і безабароннай.© Таццяна Сіняўская