Балота паміж дзвюх рэк. Да конкурсу гісторый пра балоты
- Тэма: Балоты
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 19.03.2019, 18:55
«Багна» працягвае публікацыю лепшых гісторый з конкурсу, прысвечанага Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў. У гэтым выпуску — гісторыя ад Таццяны Сіняўскай.
На поўдзень ад нашага хутара, там, дзе сустракаюцца плыні дзьвух рэк, у атачэнні непралазных хмызняковых абшараў, знаходзіцца багністы дол, утвораны на месцы былога рэчышча ракі Ластаянкі, і цягнецца гэтае балотца даліннага тыпу акурат да месца ўпадзення ў Заходнюю Бярэзіну. Калісьці, напачатку 20-га стагоддзя, пакуль ручво палягала акурат па гэтых мясцінах, даліну атачалі паплавы, якія штовесну ішлі пад ваду разам с пабудовамі на нашым хутары.
Менавіта тут месціўся вадзяны млын колішняга гаспадара, яго можна пабачыць хіба што на старых польскіх мапах пачатку 20-га стагоддзя, але ў сучасным выглядзе не засталося анічога — гаспадар за Саветамі іміграваў у Амерыку, а ад млына не засталося нават падмурка — усё расцягнулі новыя гаспадары на свае пабудовы. Засталося толькі некалькі вялізарных валуноў, на якіх любяць грэцца вясной яшчуркі. Гэтае месца паступова забалочвалася — і зараз гэта пойменнае балота.
Негледзячы на тое, што балота мае штучнае паходжанне і ўтварылася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў выніку будаўніцтва дамбы і змены рэчышча ракі Ластаянкі, тут за гэты час сфарміравалася моцная біясістэма.
У старыцы, што не магла пераўтварыцца ў сухую частку заліўнога лугу, бо падсілкоўваецца і па сёння падземнымі водамі. Адну з крыніц, засмечаную ападам і глеем, мы акуратна пачысцілі — каб багністае прадонне «падыхала».
Больш не дазваляем сабе ніякага ўмяшальніцтва ў жыццё балота, толькі назіраем за цудоўным жыццём балотнай флоры і фауны, і нельга не заўважыць, як неабходна гэтая частка прыпойменным лясам і біясістэме гэтых дзьвух рэк — Ластаянцы і Заходняй Бярэзіне.
І наогул, мы — людзі на балоце. Блізкасць да яго нас цешыць. Тут, вядома, вялікая колькасць інсэктаў, у тым ліку камароў, але дзякуючы іх прысутнасці тут жыве незлічоная колькасць птушак, кожную вясну яны радуюць сваімі разнастайнымі спевамі. Напрыклад, паляванне лунёў можна назіраць на свае вочы, яны аблюбавалі гэтыя мясціны.