Балота ў карціне сьвету беларусаў
- Тэма: Балоты
- Аўтары: Kanstancin Chykalau
- Час публікацыі: 12.01.2017, 04:34
Словы «балота», «багна», «дрыгва» знаёмыя кожнаму беларусу. Гэта ня дзіўна, бо празьмерна ўвільготненыя землі і балоты займаюць каля траціны ўсёй тэрыторыі Беларусі. Але ў масавай сьвядомасьці сучасных людзей слова «балота» мае, як правіла, нэгатыўнае гучаньне. Непрыдатнае для жыцьця, гразкае, багністае і небясьпечнае месца — такія яго геафізычныя характарыстыкі. А ў сацыяльнай праекцыі пад «балотам» разумеюць пасіўную, індыфэрэнтную частку грамадзтва. Як выглядала, успрымалася балота ў карціне сьвету беларусаў? Якое месца займала ў беларускім космасе? Як яно ўплывала на жыцьцё беларусаў: гаспадарку, побыт? Гутарка Радыё Свабода з этнакультуролягам Уладзімерам Лобачам.
Вячаслаў Ракіцкі: Для беларускіх гараджанаў пачатку ХХІ стагодзьдзя «балота» — катэгорыя хутчэй мэтафізычная, а для вяскоўцаў балота было і ёсьць неад’емнай часткай рэальнасьці. Ці можна казаць, што балота зьяўляецца адным са знакавых элемэнтаў беларускай этнічнай прасторы ў цэлым?
Уладзімер Лобач: Такая тэза цалкам слушная. Значнасьць і знакавасьць балота выяўляецца як у сфэры гаспадаркі і матэрыяльнай культуры, так і ў плашчыні духоўных каштоўнасьцяў беларусаў. Калі казаць пра вясковы сьвет, дык вельмі трапна пра значэньне балота ў жыцьці палешукоў выказаўся польскі этнограф Юзэф Абрэмбскі:
«Дабрабыт палешука поўніцца ня толькі з руплівай працы на малаўрадлівай і неўраджайнай зямлі, але таксама, і ў вельмі значнай ступені, з выкарыстаньня прыродных дароў лесу, балота і багны. Лес, балота і багна — гэта ня толькі прыродныя склады для будаўніка і паша для быдла. Гэта пастаўшчыкі мёду, мяса і рыбы, ягад, арэхаў і грыбоў, дзікарослай па балотах манны і бярозавага соку, якія зьяўляюцца неадменнымі складнікамі штодзённага харчаваньня палескай сям’і».
З другога боку, вобраз балота вельмі грунтоўна асэнсаваны ня толькі ў беларускай міталёгіі і нашым традыцыйным фальклёры, але і ў нацыянальнай літаратуры, дзе гэты прыродны лёкус набывае статус каштоўнасьці. Варта толькі прыгадаць эпас Івана Мележа «Людзі на балоце», «Дзікае паляваньне караля Стаха» Уладзімера Караткевіча, дзе багна фактычна зьяўляецца адным з дзеючых пэрсанажаў, альбо «Дрыгву» Якуба Коласа. У балота ідуць, каб захаваць сваё жыцьцё, але выходзяць з балота, каб зьмяніць жыцьцёвы парадак, атрымаўшы перамогу над ворагам ці ўласнай слабасьцю.
Ракіцкі: Аднак у беларускай міталёгіі вобраз балота даволі дэманічны. Невыпадковай ёсьць і пашыраная прыказка «У кожным балоце чорт жыве». Чаму ва ўяўленьнях беларусаў балота трывала суадносіцца з чортам?
Лобач: У беларускіх касмаганічных легендах, дзе апавядаецца пра стварэньне сусьвету, «аўтарства» балота прыпісваецца менавіта чорту, які вырашыў схітраваць і выступіў супраць волі Бога. Вось як казалі на Случчыне:
«Балота да ўсялякую тхланю да нетру зрабіў чорт. Ён падгледзеў, што Бог сее зямлю, от ён схапіў трохі зямлі да й схаваў яе ў горла. Азірнуўся Бог да й пытае, што ён есьць. Чорт, каб адперціся, хутчэй праглынуў тую зямлю. Толькі ён тое зрабіў, як у ём зямля пачала расьці. Бачыць чорт, што зямля расьпёрла яго, от ён давай рыгаць. От дзе толькі чорт рыгнуў, там і зрабілася балота да такая нетра, што там і да тых часоў толькі й жывуць чэрці».
Ракіцкі: Але ж стварэньне чортам балота адбылося ў пракаветныя часы, няўжо з тае пары балота захоўвае сваю міталягічную небясьпеку для людзей?
Лобач: Цесная сувязь балота з чортам (нячыстай сілай) шырока прадстаўленая і ў фальклёрных запісах пачатку ХХІ стагодзьдзя. Звычайна «чортавы балоты» характарызуюцца мясцовым насельніцтвам як патэнцыйна небясьпечныя для чалавека, дзе апошні можа заблукаць альбо нават загінуць. Вось запіс, зроблены ў Пастаўскім раёне:
«Яшчэ ля Скрундаў балота, называюць „Чортава балота“, бо там заўжды нешта здаецца. Ёсьць такое балота ў вёсцы Скрунды. Там і грукаюць, і зьвяры нейкія здаюцца. І гаварылі пра такія вокны. Іх, канешне, трэба апасацца, бо калі пападзеш у гэта акно, адразу ўтопісься навекі, і ніхто цябе ня знойдзе і ня выцягне».
Акрамя ўласна чорта, гаспадаром балота мог быць і адмысловы міталягічны пэрсанаж — балотнік (багнік, аржавень ці лозьнік), які намагаўся ўсяляк шкодзіць людзям у сваіх уладаньнях.
Ракіцкі: Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што ў традыцыйных уяўленьнях беларусаў балота мае выключна нэгатыўны статус?
Лобач: Не зусім так. Балота ў мітапаэтычнай карціне сьвету беларусаў мае выразную сымбалічную амбівалентнасьць. З аднаго боку, балота — бязладная сумесь вады і зямлі, рэпліка хаосу ў арганізаваным сусьвеце. Здольнасьць балота паглынаць, засмоктваць, зьнішчаць трактуецца адмоўна. Але з другога боку, балоту ўласьцівыя ўнутраны дынамізм, экспрэсіўнасьць, зьменлівасьць, у ім бяруць свае пачаткі-вытокі шматлікія ручаі і рэкі. Можа падацца вельмі дзіўным, але ў балотных урочышчах разьмешчана вялікая колькасьць сьвятых крыніц, шанаваных беларусамі. Ва Ўшацкім раёне распавядалі:
«Кругом балота такое, а там стаяла такая каплічка. У гэтай капліцы там людзі малілісі Богу, на празьнік… Там балота. Ну толькі маленькая баравіначка, ну можа як на нашу хату, большая яна не была, дзе каплічка гэтая стаяла. Дык тут балота, а тут крыніца ў гэтым калодзежы».
Ідэі нараджэньня, абнаўленьня, чысьціні, руху і жыцьця ў цэлым, якія зьвязваюцца ў традыцыйным сьветапоглядзе з крыніцай, у гэтым выпадку прадметна і наглядна канкуруюць з ідэямі сьмерці, зьнікненьня, нерухомасьці, трывала суаднесеных з уласна балотам. Але такое супрацьпастаўленьне цалкам лягічнае ў канктэксьце рытуалу лекаваньня: да сьвятыні ідуць, каб пакінуць там хваробу і атрымаць здароўе.
Ракіцкі: Атрымліваецца, што балота ёсьць вельмі важным элемэнтам у тым парадку сьвету, як яго мысьляць сабе беларусы?
Лобач: Безумоўна. Гэта цудоўна відаць на прыкладзе замоўнай традыцыі і народнай мэдыцыны ў цэлым. Хвароба, як і чалавек, мае сваё пэўнае месца ў сьвеце. Парушэньне нормы, межаў і прыводзіць да захворваньня. Адпаведна, сымболіка лекаваньня заключаецца ў вяртаньні немачы на сваё месца, у якасьці якога вельмі часта фігуруе менавіта балота. Гэта пацьвярджалі жыхары колішняга Клімавіцкага павету:
«Выхадзіця вы (зубішчы) на мохі, на балоты, на топкія патопы. Там вам цясовыя краваці, пуховыя пярынкі, цьвілёвыя падушкі; там вам спаць і гуляць, і красавацца, а ня ў етым дзіцяці, рабе Божым Іваньку».
У беларускай фальклёрнай традыцыі балота парадаксальным чынам фігуруе і ў паданьнях — як месца заснаваньня гарадоў і мястэчак. Гэткім чынам нібыта ўзьнікае Бярэсьце:
«Нібыта вёз купец на калёсах свой тавар у Літву ды завяз у багністых балотах. Ня выбрацца. Пачаў выдзіраць бяросту і засьцілаць ёю гаць. А калі назад зь Літвы вярнуўся, пабудаваў на гэтым месцы каплічку. Да той каплічкі як да сьвятога месца «на бярэсьце» пачалі зьяжджацца людзі. Месца гэта было лёгка ўмацаваць ад ворагаў… І пачалі асядаць тут людзі, пачалі будаваць горад «на бярэсьце».
Ідэнтычны сюжэт, калі горад (мястэчка) паўстае на месцы балота, сустракаем і ў паданьнях пра ўзьнікненьне Івянцу, Клімавічаў, Поразава і шэрагу вёсак. Іншымі словамі, балота, нягледзячы на адмоўныя значэньні, заўсёды мае патэнцыял для пазытыўнай трансфармацыі: асушанае балота ператвараецца ў палеткі і пашы.
Ракіцкі: Дагэтуль мы гаварылі пра міталёгію, легенды, народную мэдыцыну, а ці прадстаўлены вобраз балота ў беларускім песенным фальклёры?
Лобач: Канешне. Балотная прастора мае даволі выразную сымбалічную нагрузку і ў абрадавым фальклёры. Калі ўласна балота азначае сытуацыю нявызначанасьці і няпэўнасьці, то лёкус, які пазначае яго цэнтар, выступае ў якасьці месца, дзе вызначаецца асабістая (шлюбная) доля фальклёрнага пэрсанажу:
Кругла балотца невялічкае,Вясна красна на ўвесь сьвет!На том балотцы ляжыць камень,На том камені да сядзіць зьмійка.Тудэю едзе душа-сужонка,Хоча зьмійка застрэліці.— Ня стрэль, ня стрэль, душа-сужонка,Буду ў годзе, ў вялікай прыгодзе.Сам буду табе за свацейка,Жонку пушчу за сванечку,Сына пушчу за дружчатка,Нявестку пушчу за каравайначку,Дачку пушчу за сьпявачку.
З другога боку, пэрыфэрыйная зона балота, якая адначасова зьяўляецца і маргінальнай прасторай культурнага ляндшафту, у песенным фальклёры ўвасабляе нешчасьлівы варыянт жаночай долі, сымбалізаваны дрэвам, якое гіне «пры балоце»:
А рабіна, рабінушка, кудравае дзераўца,Ой, люлюшкі-люлюшкі, кудравае дзераўца.А загінула, стоячы пры моху, пры балоцечку,Пры моху, пры балоцечку, пры торнай дарожачцы.А малодка маладая загінула жывучы,Пры худой худачынаю, за малой дзяцінаю.
Ракіцкі: Вярнуўшыся ў беларускую сучаснасьць, што мы можам сказаць пра балоты Беларусі? Гэта яе праблема ці адметнасьць, гаспадарчыя няўдобіцы ці помнікі прыроды? Праклён ці шчасьце? І што зьмянілася ў стаўленьні беларусаў да балота з даўніх часоў?
Лобач: Беларускія балоты — гэта прадмет нашага гонару і праблема адначасна. У савецкія часы ў выніку непрадуманай маштабнай мэліярацыі было зьнішчана шмат балотных масіваў, пераважна ў Палесьсі. Але чаканага эфэкту ў галіне сельскай гаспадаркі гэта не прынесла. Наадварот. У шэрагу раёнаў была парушана экалягічная раўнавага, пачалі высыхаць лясы, актывізавалася карозія ўрадлівых глебаў. Аказалася, што балоты ёсьць тым падмуркам, на якім грунтуецца ўся беларуская прырода. Гэта і найбуйнейшыя ў Эўропе рэзэрвуары прэснай вады, і «лёгкія» нашай краіны. Цяпер прыйшло разуменьне, што балотныя ляндшафты Беларусі зьяўляюцца абсалютна ўнікальнымі і каштоўнымі і вымагаюць аховы на дзяржаўным узроўні. Прыкладам можа быць балота Ельня ў Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах, якое зьяўляецца адным з найбуйнейшых верхавых балотаў Эўропы і займае плошчу 253 км2. Тут маглі б разьмясьціцца Ліхтэнштэйн, Сан-Марына, Манака і Ватыкан, разам узятыя. Краявід гэтага балотнага масіву выглядае неверагодна прыгожа, а з вышыні птушынага палёту — фантастычна. Ня дзіва, што Ельня прыцягвае ня толькі беларускіх турыстаў, але гасьцей практычна з усіх краінаў Эўропы, бо дзе яшчэ ўбачыш дзясяткі тысяч пералётных птушак і прыродны ляндшафт, які захаваўся некранутым з часоў апошняга ледавіка. Можна ўпэўнена сказаць, што балоты з колішняга «праклёну» сталі ня толькі адметнай візытоўкай Беларусі, але і мэтафарай беларусаў, якія ўжо ня першае стагодзьдзе, балянсуючы на мяжы зьнікненьня, раз за разам упарта выбіраюць новае нараджэньне.