Аддаць прыродзе тое, што пазычалі. Досвед вяртання выпрацаваных тарфянікаў у лясны фонд вывучалі ў Рагачове

  • Тэма: Балоты
  • Аўтары: Багна
  • Час публікацыі: 18.11.2019, 17:52

Засваенне мясцовымі лесаводамі перададзеных ім плошчаў асушаных тарфнікаў вывучалі галоўныя ляснічыя лясгасаў Гомельшчыны на сумесным рэгіянальным семінары, арганізаваным Інстытутамі лесу і эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з удзелам Мінлясгасу і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У лясны фонд лясгасаў Гомельскага лесагаспадарчага аб’яднання агулам перадалі больш як 19 тысячаў гектараў выпрацаваных тарфянікаў. Такія масівы ёсць практычна ў кожным лясгасе. Адны з найбольшых плошчаў былых торфараспрацовак знаходзяцца менавіта ў Рагачоўскім лясгасе.

Саджаць ці зарошчваць?

Асноўны масіў, які Рагачоўскі лясгас атрымаў ад былога торфапрадпрыемства «Беліцкае», месціцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Рагачоўскага лясніцтва. Перадавалі яго ад пачатку 2000-х гадоў і да 2005-га года. Агульная плошча — 741 гектар. З яе пакрытая лесам на цяперашні момант складае 338,5 га. А 277 га — гэта балоты.

Спецыфічны рэльеф гэтага масіва — ухіл ідзе ад ускрайкаў да цэнтра, дзе праходзіць магістральны меліярацыйны канал. Паўз яго ў выніку збору вільгаці тэрыторыі ў асноўным забалочаныя. Як распавёў, адкрываючы семінар, загадчык лабараторыі праблем глебазнаўства і рэабілітацыі антрапагенна парушаных лясных земляў Інстытуту лесу Мікалай Булка, сярэдняя рэшткавая таўшчыня торфу на гэтым масіве каля 2,5 метраў, але на ўскрайках, бліжэй да сельскагаспадарчых палеткаў яна значна меншая — усяго 0,2-0,3 м.

Гэта перадвызначыла і стратэгію выкарыстання гэтых участкаў лясгасам. У адрозненне ад некаторых іншых, якія дакладна выконвалі загады зверху саджаць на такіх участках лясныя культуры, ды яшчэ і так званых гаспадарча-каштоўных пародаў, рагачоўцы не пабаяліся даверыць справу аднаўлення знявечанага чалавекам балота самой прыродзе. Большая частка тут была пакінутая пад натуральнае лесааднаўленне. І ў выніку сфармаваныя нармальныя насаджэнні бярозы з асінай ды некаторымі іншымі пародамі дрэваў і вербавым падлескам, якія ўжо цалкам выконваюць свае экалагічныя функцыі.

Любы лесавод ведае такое паняцце, як пароды-піянеры. Гэта тыя дрэвы, якія першымі засвойваюць і бязлесныя, і не надта ўрадлівыя ўчасткі. І бяроза — як раз з іх ліку. Справа ў тым, што, паводле сцвярджэння загадчыка сектара маніторынгу расліннага свету Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН, кандыдата біялагічных навукаў Аляксандра Судніка, які праводзіў маніторынг перададзеных лясгасам тарфянікаў у некалькіх абласцях Беларусі, найбольш урадлівы пласт торфу на такіх масівах зняты падчас распрацоўкі радовішча. Тыя ж пласты, што засталіся, маюць нізкую ўрадлівасць і высокую кіслотнасць. Высаджваць на іх патрабавальныя да глебавых умоваў дуб ці елку можа быць сабе даражэй. Бяроза ж — аптымальны варыянт. Тым больш, калі яна расце сама і на яе пасадку і догляд не марнуюцца бюджэтныя грошы.

Але ж не ўсюды магчыма дамагчыся фармавання патрэбнага насаджэння шляхам натуральнага зарошчвання. Гэта апраўдана там, дзе могуць адбыцца падтапленні ці наадварот рэзкія недахопы вільгаці. Там аддаць усё наводкуп прыродзе — найлепш. На больш высокіх ўчастках паўз ускрайкі апісваемага масіву, на мяжы з сельгаспалеткамі, рагачоўцы высадзілі бярозу ў выглядзе лясных культур. Тут таўшчыня тарфянога слою ўсяго 0,3-0,5 м. І бяроза тут сябе адчувае вельмі добра. Невыключана, што пасля абароту высечкі гэтага не вельмі патрабавальнага да глебавага багацця дрэва, якое за час свайго жыцця павялічыць гумусаўтрыманне ў глебе, там будзе сэнс разводзіць і іншыя пароды дрэваў.

Бабры — як галоўныя пажарнікі

Важнай тэмай, якая закраналася падчас семінару, сталі супрацьпажарныя захады на перададзеных лясгасу тарфяніках. Як распавядаў галоўны ляснічы Рагачоўскага лясгасу Уладзімір Астапенка, у ранейшыя гады, калі супрацьпажарная тэхніка лясгасаў абмяжоўвалася пажарнай машынай, ранцавымі апырсквальнікамі і рыдлёўкамі, тарфяныя пажары на перададзеных тэрыторыях прыносілі шмат клопату. Леснікі літаральна днявалі і ночылі на тарфяніках. Цяпер жа, улічваючы наяўнасць у гэтым масіве натуральных вадаёмаў — канала і адмыслова створаных супрацьпажарных вадаёмаў — і забяспечанасць лясгаса помпамі, якія могуць выпампоўваць ваду нават з глею і твані і пампаваць яе на значныя адлегласці, барацьба з пажарамі значна палегчылася.

Акрамя гэтага, важнымі падаюцца словы Уладзіміра Астапенкі: «Тут бабёр — наш сябар!». І сапраўды, бабры ў сухія гады падтрымліваюць узровень вады ў вадаёмах на досыць высокім узроўні. Адпаведна, увільготніваюцца і прылеглыя тарфяныя масівы, што паніжае рызыку ўзнікнення пажараў.

Адзін з участкаў, наведаных удзельнікамі семінара, папросту петарвораны ў малаглыбінны вадаём. Вырошчваць тут лес немэтазгодна, бо тэрыторыя часта падтопліваецца.

Таму лясгас збудаваў дамбу, шлюз і рэгулюе ўзровень вады ў вадаёме. А ён, у сваю чаргу, ператварыўся ў сапраўднае птушынае раздолле.

Нават у канцы кастрычніка на воднай гладзі плавалі лебедзі. Побач гняздуюцца журавы. А ўжо розных відаў качак у адпаведны сезон проста не злічыць. Такі спосаб выкарыстання выпрацаванага тарфяніка і з экалагічнага гледзішча мае толькі плюсы, і з супрацьпажарнага.

Падчас абмеркавання ўбачанага ўсе ўдзельнікі семінара былі згодныя з той тактыкай засваення выпрацаваных тарфянікаў, якую абралі ў Рагачоўскім лясгасе. На жаль, як стала зразумела з размоваў з прадстаўнікамі іншых лесагаспадарчых установаў рэгіёна, шмат дзе на выпрацаваных тарфяніках спрабавалі ствараць лясныя культуры дуба ці нават елкі. У выніку і лесанасаджэнняў належнага складу не атрымалі, і нажылі сабе праблемы з апраўданнем выдаткаваных бюджэтных сродкаў.

Інвазіўныя журавіны і зношаная меліярацыя

У прэзентацыях навукоўцаў разгледзелі і досвед выкарыстання тарфянікаў у іншых абласцях Беларусі. На кожным участку маюцца свае праблемныя пытанні, але агульны падыход прыкладна аднолькавы — натуральнае зарошчванне лесам, забалочванне, у месцах, дзе маюцца ўмовы — стварэнне лясных культураў пародаў-піянераў — бярозы (найлепш — пушыстай) і альхі чорнай. Сутыкнуліся навукоўцы і з досыць спецыфічнымі праблемамі. Напрыклад, у адным з лясгасаў на перададзены забалочаны тарфянік з размешчанай паблізу плантацыі перакінуліся буйнаплодныя журавіны, якія паводзяць сябе даволі агрэсіўна. Не выключана, што ў флоры краіны з’явіцца чарговы інтрадуцэт, які стане інвазіўным. Праблемай таксама з’яўляюцца меліярацыйныя сістэмы, якія перадаюцца на баланс лясгасаў разам з тэрыторыямі. У большасці выпадкаў яны амаль цалкам страцілі сваю водарэгулюючую ролю і ў 70%, паводле словаў Мікалая Булкі, падлягаюць спісанню, бо аднавіць іх найчасцей немагчыма. У той жа час, як адзначыў Аляксандр Суднік, лясгасы маюць права не прымаць у свой склад выпрацаваныя тарфянікі, пакуль торфапрадпрыемствы не выканаюць рэнатуралізацыю гэтых земляў.

Канчатковыя ж рэкамендацыі навукоўцаў па выкарыстанні былых торфараспрацовак у лясным фондзе будуць дадзеныя пасля заканчэння праекта абследавання, інвентарызацыі і навуковых разлікаў па кожным участку. Гэта адбудзецца не раней 2021-га года.


Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

© Андрусь Гаёвы
Мікалай Булка, загадчык лабараторыі праблем глебазнаўства і рэабілітацыі антрапагенна парушаных лясных земляў Інстытуту лесу
Мікалай Булка, загадчык лабараторыі праблем глебазнаўства і рэабілітацыі антрапагенна парушаных лясных земляў Інстытуту лесу© Андрусь Гаёвы
На першым плане Аляксандр Суднік, загадчыка сектара маніторынгу расліннага свету Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі
На першым плане Аляксандр Суднік, загадчыка сектара маніторынгу расліннага свету Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі© Андрусь Гаёвы
© Андрусь Гаёвы
© Андрусь Гаёвы