25 балот, якія навукоўцы раюць наведаць у Беларусі
- Тэма: Балоты
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 02.02.2020, 05:47
Пра свой топ балот Беларусі на дзікай лекцыі ад «Аховы птушак Бацькаўшчыны» расказаў Дзмітрый Грумо, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі. Ён патлумачыў, што расце на балоце, як яго захаваць і чаму торфаздабыча больш не ў трэндзе.
У топ-25 увайшлі балоты, якія навукоўцы раюць наведаць усім, каго прыцягвае багна. Самі яны таксама не проста прайшлі іх усе, але ж яшчэ і апісалі ў сваіх навуковых работах.
1. Ельня
Адно з пяці найбуйнейшых балот Еўропы. Каля 8 000 гадоў таму гэта балота пачало фарміравацца з-за таго, што гліна ў грунту затрымлівала ваду. І з часам яно разраслося. У 2002-м балота вельмі моцна пацярпела ад пажару. Пагарэлі каля 10-13 тыс. га з 16 тыс. га. Дзякуючы здымкам з космасу навукоўцы знайшлі месца ўзгарання 6 верасня 2002, калі б была магчымасць, можна было знайсці і людзей, з-за якіх здарыўся пажар. Некаторыя ўчасткі Ельні ў той час нагадвалі поле для гольфу — проста адкрыты торф. Але Ельня паступова аднаўляецца.
2. Альманскія балоты
Яны апошнім часам на слыху з-за скандалаў па будаўніцтве дарог. Раней тут былі Мерлінскія Хутары, якія потым рассялілі — і ў 1961 годзе стварылі найбуйнейшы ў Еўропе авіяцыйны палігон. Зараз там запаведная тэрыторыя: мясцовыя жыхары збіраюць журавіну, а некаторыя — арганізуюць экстрэмальны турызм.
Як расказвае Дзмітрый Грумо, сёлета навукоўцы ацанілі кошт экасістэмных паслуг Альманаў. Усяго атрымалася 43 мільёны долараў у год. Прычым кошт ураджаю журавін у шэсці разоў перавышае кошт паслуг лясной ці воднай экасістэм. Часта бывае, што навукоўцы адстойваюць балоты, бо даказваюць, што іх захаванне і экасістэмныя паслугі даюць нашмат больш, чым, напрыклад, торфаздабыча.
3. Прыпяцкія балоты
Запаведнік тут быў створаны ў 1969 годзе, каб паказаць нейкі эталон балота, які будзе ахоўвацца, пакуль вакол ідзе меліярацыя. Але навуковец звяртае ўвагу, што велізарная перыферыйная частка, і ў Белавежскай пушчы, і ў Прыпяцкім, вельмі моцна ўплывае на гідралагічны рэжым балота. Яно ўсё адно знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з наваколлем, таму там таксама ідзе дэградацыя з-за парушанага гідралагічнага рэжыму наваколля.
Поўдзень Беларусі да 1960-х быў аднім з самых забалочаных рэгіёнаў Еўропы і аднім з бяднейшых краёў. Эканамічны рост Палесся пайшоў за кошт балот. Гэты эксперымент з меліярацыяй даў рост для рэгіёна. Але гэта адбылося за кошт асушэння 66,3 % балот рэспублікі. Цяперашняя плошча натуральных балот складае 4,2% (863 000 га). Тым не менш нават зараз гэта вышэй за сярэдні паказчык па свеце — 3,5 %.
4. Каз’янскія балоты
Яны знаходзяцца на мяжы Полацкага і Шумілінскага раёнаў, побач з ваенным палігонам Дрыбінскі. Дзмітрый Грумо лічыць, што яны недаацэненыя і з часам турысты да іх таксама прыйдуць.
5. Юхавіцкі Мох
Гэта вельмі маладое балота знаходзіцца ў Расонскім раёне. Яно даволі топкае і цяжкае для праходу. Тэрыторыя захавалася ў вельмі добрым стане, нягледзячы на невялікі ўчастак, дзе прайшла меліярацыя.
6. Спораўскае
Пойменнае балота знаходзіцца на рацэ Ясельда ў Бярозаўскім раёне. У 1930-я гады тут суцэльна праходзіў сенакос, але зараз чалавек сышоў — і балота стала зарастаць. Заказнік праводзіць мерапрыемствы, каб захаваць Спораўскае, у тым ліку ладзіць конкурс касцоў, што ў нейкай ступені дазваляе стабілізаваць працэс зарастання.
7. Званец
Яшчэ 20 гадоў таму гэта было адкрытае балота, а сёння яно цалкам зарасло трысцём, бо людзі перасталі касіць. На Званцы і Спораўскім жыве каля паловы сусветнай папуляцыі самай дарагой птушкі Еўропы — вяртлявай чаротаўкі. Усе грошы, якія выдзяляюцца на яе падтрыманне, перш за ўсё ідуць на захаванне месцаў жыхарства.
8. Асвейскае
Гэта верхавое балота знаходзіцца побач з велізарным Асвейскім возерам на поўначы Беларусі. Тут быў парушаны гідралагічны рэжым прыкладна ў 1920-30-я гады, і ўжо дзесьці на 300 метраў па беражку возера сфарміравалася нізавое балота.
9. Балота Мох
Адно з нямногіх месцаў, дзе была знойдзена пладаносная марошка. Яно складае фактычна адзіны комплекс з Ельняй у Мёрскім раёне. Дарэчы, на балотах можна сустрэць шмат рэдкіх відаў: карлікавую бярозу, драбнаплодныя журавіны, пуханос і шмат іншых.
10. Дзікае
Ландшафты тут як у саванне. На думку навукоўца, гэта адно з самых прыгожых і найбуйнейшых нізавых балот у Еўропе. Хоць зараз ад яго застаўся невялікі кавалачак каля 16 000 га, раней яно цягнулася на 15-20 км.
2 лютага адзначаецца Дзень водна-балотных угоддзяў. Да гэтага свята Акадэмія навук плануе выпусціць кнігу пра балота Дзікое. Дзмітрый Грумо расказвае, што навукоўцы вельмі шмат займаліся гісторыяй балота, чыталі апісанні 1930-х гадоў. Вядомы польскі балотавед у той час працаваў на Палессі. Але там, дзе ён рабіў свае апісанні, сёння дарогі, бальніцы, школы, сады, палі… Адпаведна таго балота, як раней, няма. Захаваўся толькі кавалачак, які паступова пачынае зарастаць і знікаць.
Калісьці ўсё балота было ў дзялянках, хоць ўраджай траў быў нізкай якасці, але ж іншых месцаў для загатоўкі сена не існавала. Летам балота касілі некалькі разоў, збіралі ў стажкі, а вывозілі толькі ўзімку. Людзі жылі ў надзеі, што асушэнні ім дапаможа. Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя экспедыцыя Жылінскага прыйшла на Палессе, тут былі праведзены меліярацыйныя каналы, некаторыя з іх дагэтуль функцыянуюць. У пэўнай ступені гэта дазволіла павялічыць прадуктыўнасць лясоў, сенакосу, вызваліць сельскагаспадарчыя тэрыторыі. У той час гэта быў вельмі модны накірунак. Лічылася, што асушэнне ашчаслівіць гэты край, бо такія маштабныя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў Заходняй Еўропе. Але тую меліярацыю нельга параўнаць з тым, што адбылося ў сярэдзіне ХХ века, калі Палессе поўнасцю пераўтварылася ў аграрны край.
11. Домжарыцкае
Знаходзіцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. На трэць верхавое, трэць — нізіннае, трэць — пераходнае. Далей на захад разнастайнасць балот памяншаецца, таму Заходняя Еўропа ў асноўным мае нізавыя балоты. Дарэчы, Беларусь займае 15-е месца ў свеце па агульнай плошчы тарфянікаў і 21-е месца ў свеце па фактычнаму запасу вугляроду.
12. Слабадское
Балота нізіннага тыпу ў тым жа Бярэзінскім біясферным запаведніку. Звычайна раслінны свет нізінных балот прадстаўлены асакою, трысцём, хвашчом, шабельнікам і бабоўнікам. Асака фарміруе велізарныя купіны, па якіх можна перайсці балота.
13. Сервеч
Асноўныя функцыі балот — гэта паглынанне вугляроду, стварэнне запасаў торфу і прэснай вады. Балота — сэрца ўсёй гідраграфічнай сістэмы. Беларусь зараз захоўвае больш за 7 млрд кубаметраў прэснай вады ў балотах. Па ацэнках спецыялістаў, каля 50 % вады мы згубілі з-за меліярацыі. Таму і маем наступствы — засуху, абмяленне вадаёмаў, гібель лясоў. Кліматолагі на гэты конт даюць дзве парады: павялічваць тэрыторыю, пакрытую лесам, і праводзіць мерапрыемствы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму. Самая галоўная небяспека для нас — перавышэнне здабычы торфу над прыростам у 12 разоў. І мы недастаткова, з пункту гледжання эканомікі, выкарыстоўваем біялагічныя рэсурсы балот.
14. Морачна
Раслінныя астаткі дастаткова складана раскладаюцца пры недахопе кіслароду і паступова пераўтвараюцца ў торф. Ён на 90 % складаецца з вады, на 2-10 % з сухога рэчыва і на 1-7 % з газаў. Калісьці Морачна асушвалася пад торфаздабычу, але потым прайшло паўторнае забалочванне. У год ствараецца каля 0,4 мм торфу, то бок капаць торф — гэта як бы пераносіцца на машыне часу. Па ім спецыяліст адразу скажа, як фарміравалася балота, якія былі кліматычныя ўмовы.
Торф з верхавых балот эканамічна выгадна выкарыстоўваць у вытворчасці грунту. А з нізавых — на брыкеты для ацяплення. Але ў параўнанні з коштам экалагічных паслуг здабыча торфу ў любым выпадку прайграе.
15. Астравы Дулебы
Гэта былы ваенны палігон, дзікія мясціны, дзе няма ні мабільнай сувязі, ні людзей практычна. Балота пераважна верхавога тыпу. Калі верхавое балота не парушанае, на склонах балот фарміруюцца комплексы з градамі, мачажынамі і азяркамі. Такія балоты вельмі цяжка прахадзіць.
16. Карыценскі Мох
Па гэтым балоце, як і па некаторым іншым, можна прайсці з экскурсіяй і паглядзець на вясенне-летняе цвіценне раслін. Візіт-цэнтр тут быў адкрыты не так даўно — толькі у траўні 2018-га.
17. Жада
Верхавое балота побач з Ельняй. На ім, як і на ўсіх балотах гэтага тыпу, можна знайсці шмат цікавых раслін. Багун, які расце побач з дурніцамі (з-за яго яны, дарэчы, і атрымалі сваю назву) мае даволі спецыфічны пах. Журавіны — адзін з асноўных рэсурсных аб’ектаў. На верхавых балотах знаходзіцца больш за палову ягадных зараснікаў. З пункту погляду прыбытку больш выгадна збіраць гэтыя ягады, чым нарыхтоўваць торф.
Жыве на верхавых балотах і насякомаедная расліна — расянка, якая з’яўляецца індыкатарам топкіх мясцін. Але ж асноўным відам, які, уласна кажучы, і фарміруе балота, з’яўляецца сфагнавы мох. Ён можа ўтрымліваць у 30-40 разоў больш вады за сваю масу і добра пераносіць засуху. Раней яго выкарыстоўвалі ў якасці матэрыялу для перавязак, бо ён мае антысептычныя ўласцівасці.
18. Выганашчанскія балоты
Частка гэтага балота была асушаная для сельскай гаспадаркі: вырошчвання траў і зерневых культур. У цэлым паніжэнне ўзроўню вады цягне за сабою і кліматычныя змяненні. Дзмітрый Грумо кажа, што сёлета па замерах на некаторых балотах яны мелі ўзровень стаяння вады 1,5 – 2 метра — гэта ўжо ўмовы сухадольных лясоў. Навукоўцы прагназуюць, што да 2050 года 68,3 % балот зарастуць лесам. І гэта ўжо будуць лясныя балоты, хоць тарфяная залеж там захаваецца.
19. Стары Жадзен
Балота знаходзіцца на поўдні Жыткавіцкага раёна. Усё Палессе мае асаблівую культуру і гісторыю. Раней падчас паводак вёсцы пераўтвараліся ў Вянецыю: перамяшчацца паміж дамамі можна было толькі на лодках. Бесперашкодна з суседзямі з іншых населеных пунктаў сустракаліся толькі ўзімку, калі дрыгва замярзала. Гэта ўсё уплывала на культуру і менталітэт палешукоў.
Кнігавыдавец і вандроўнік Маракуеў напрыканцы ХІХ стагоддзя наведаў Палессе. Ён пісаў, што ехаў сярод велізарных непраходных балот, якія ніколі не замярзалі. І зямля была чырвоная ад жалеза. Балота тады лічылася гіблым месцам. Былі праблемы з малярыяй, калі з-за ўкусаў камароў выміралі цэлыя вёскі. Аднак ўсё адно людзі неяк жылі: усе балоты і астравы мелі свае назвы, на іх размяшчалі агароды, а летам збіралі ягады, лавілі рыбу, касілі сена.
20. Лебядзіны мох
Многія балоты з’яўляюцца тэрыторыямі, важнымі для птушак. У тым ліку і Лебядзіны мох. З чырвонакніжнікаў тут на гнездаванні адзначаны чорнаваллёвы гагач, вялікі бугай, чорны бусел, скапа і іншыя птушкі.
У цэлым каля трэці ўсёй біяразнастайнасці знаходзіцца на балотах. Вучоныя за апошнія гады шмат чаго зрабілі для аховы балот, але яшчэ 323 000 га (27 %) трэба ўзяць пад ахову, адстаяць у вытворчасці. Дзмітрый Грумо ўпэўнены, што нам трэба не столькі развіваць нацыянальную сістэму, колькі ствараць міжнародныя водна-балотныя тэрыторыі, то бок Рамсарскія угоддзі. Калісьці гэтай стратэгіі сапраўды прытрымліваліся, але потым Мінпрыроды адмовілася ад такой ідэі.
21. Дакудаўскае
Маленькі кавалак — каля 1000 га — гэтага балота захаваўся. Але цікава яно тым, што тут знайшлі рэдкі для нашай краіны від — прысадзістую марошку. На поўначы, у Карэліі, гэта даволі звычайная ягада: з яе там робяць розныя настойкі і варэнні. Але ў нас самы паўднёвы пункт, дзе яе знайшлі, — побач з Лідай.
22. Дражбітка-Свіна
Тэрыторыя прадстаўляе адзіны леса-балотны масіў, у якім сустракаюцца ўсе асноўныя тыпы прыродных супольніцтваў, характэрных для Беларускага Паазер’я. Тут таксама ў 1970-я праводзілася меліярацыя, а ў 1990-я паміж возерам Балныра і ракой Свіна быў прарыты канал. Гэта прывяло да падзення ўзроўню вады ў возеры, змяншэнню стоку па рацэ Дражбітка. Зніжэнне ўзроўню грунтовых вод на нізінным балоце, якое прылягае да ракі, узмацніла працэс яго зарастання, а месцамі прывяло да поўнай змены расліннага свету.
На многіх парушаныя балоты імкнуцца наладзіць гідралагічны рэжым — зараз ужо аднавілі 51000 га, але гэта не так шмат. Задача да 2030 года — яшчэ на 75 000 га правесці мерапрыемстваў па аднаўленню. Лепш за ўсё каналы засыпаць, але гэта часцей немагчыма зрабіць, таму ўсталёўваюць перамычкі, якія затрымліваюць ваду, у некаторых выпадках тут дапамагаюць сродкі буйных кампаній, якія фінансуюць праект.
23. Заазер’е
Балота знаходзіцца на тэрыторыі заказніка, які цікавіць яшчэ і тым, што тут знаходзіцца ланцуг азёр ледавіковага паходжання.
24. Мошна
Каб балота не зацягнула, трэба ведаць «правілы руху». Галоўнае не хадзіць аднаму, мець палку, не хадзіць ноччу, а калі ўжо упалі, не рабіць рэзкіх рухаў. Але навукоўцы яго не баяцца, а наадварот адчуваюць тут сябе як дома. Па словах Дзмітрыя Грумо, балота дазволіла знайсці свой калектыў, аднадумцаў, сяброў — не толькі вучоных, але і грамадскія арганізацыі і неабыякавых людзей. Яно дае эмоцыі і стварае нейкую ідэалогію, як трэба адносіцца да прыроды. У пэўнай ступені балоты дапамагаюць выражаць і грамадскую пазіцыю, бо часам іх трэба абараняць.
25. Махавое
Гэта апошняя балота ў спісе навукоўцаў. Але ж варта сказаць, што ўсяго ў нашай краіне іх 9192, хоць і большую частку ўжо асушылі. За прыгодамі на нашы балоты едуць са ўсяго свету. Падчас праекту Belarus Wetlands, які цягнуўся пяць гадоў, Беларусь наведалі больш за 150 валанцёраў з амаль што 40 краін свету, у тым ліку з ПАР, Аўстраліі, ЗША… Яны прыязджалі і працавалі з навукоўцамі на балоце. Многія буйныя кампаніі падтрымалі гэты праект. Адна з японскіх нават хацела такім чынам праверыць сваіх менеджэраў, бо балота любіць цярплівых людзей, якія ўмеюць працаваць у камандзе.
Галоўнае фота © Аляксандр Юрчык
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».