Як змагацца з пажарамі: аўстрыйскі вопыт

  • Тэма: Адукацыя
  • Аўтары: Багна
  • Час публікацыі: 11.02.2020, 03:33

Летась у Беларусі было зарэгістравана 682 лясных пажараў на агульнай плошчы 7178,4 га. Як паведамляе прэс-служба Мінлясгаса, да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 931 чалавек за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лесе. Відавочна, прырода ўжо не вельмі добра змагаецца са змяненнем клімату і чалавечай безадказнасцю як у нас, так і па ўсім свеце. Калі параўнаць з 2018-м, то тады ў Беларусі было зафіксавана 438 лясных пажараў на 902,5 га (плошча амаль у 8 разоў менш!).

Мы ўсе спачувалі і спачуваем лясам Сібіры, Амазоніі і Аўстраліі. Але што рабіць? Якраз са спробай адказаць на гэта пытанне ў Мінск прыязджаў Эрнст Шцёкль, камандзір Добраахвотнай пажарнай службы Св. Ёгана ў Ціролі. Яго сустрэчу з прадстаўнікамі розных ведамстваў арганізавала амбасада Аўстрыі ў Беларусі, каб тыя маглі пераняць аўстрыйскі вопыт барацьбы з пажарамі і працы з мясцовымі супольнасцямі. Па меркаванні надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Аўстрыі ў Беларусі Алаізіі Вергетэр, Ціроль нагадвае Гомельскую вобласць, таму часткова мы можам параўнаць меры рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў нас і ў іх. Дарэчы, паміж Беларуссю і Еўрасаюзам існуе праект у сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, да якога падключыліся некалькі краін, у тым ліку і Аўстрыя.

Ці можа пажарная ахова быць добраахвотнай?

Нягледзячы на сур’ёзнасць справы, для ўсіх добраахвотнікаў ратаваць людзей і тушыць дамы — гэта па сутнасці хобі. Камандзір Эрнст Шцёкль у асноўны час працуе прадпрымальнікам, яго намеснік — сталяром, скарбнік — таксама прадпрымальнікам, а сакратар — майстрам пахавальнай справы. У астатніх пажарнікаў таксама ёсць свая праца. Эрнст Шцёкль ужо 35 гадоў з’яўляецца сябрам добраахвотных пажарных дружын у сваёй абшчыне і 27 гадоў узначальвае яе. Каменданта перавыбіраюць кожныя пяць год, як і астатняе кіраўніцтва дружыны.

Добраахвотная пажарная ахова ў Аўстрыі пачала развівацца ў 1850-х. Першыя дружыны з’яўляліся на месцах трагедый, калі людзі вырашалі самі нешта зрабіць супраць агню. Тады пажары распаўсюджваліся вельмі хутка з-за матэрыялаў, якія выкарыстоўвалі для будаўніцтва, таму выручала толькі аператыўнае рэагаванне. У той час пажарнікі збіраліся на гук званоў, потым — сірэны. Зараз усім паведамленні прыходзяць на пэйджар, і толькі ў асаблівых надзвычайных сітуацыях уключаецца сірэна на ўвесь населены пункт. Пасля сігналу людзі паспяваюць збірацца за 5-10 хвілін — і ўжо гатовыя выязджаць.

Як уладкавана праца пажарнай дружыны?

Усяго ў Аўстрыі жыве крыху менш за 9 мільёнаў чалавек, з іх больш за 300 000 — сябры добраахвотных пажарных аб’яднанняў. У сярэднім у кожнай дружыне працуе 80-120 чалавек. Каля дзесяці гадоў таму жанчыны таксама атрымалі магчымасць станавіцца пажарнікамі і зараз ужо ўзначальваюць некалькі дружын. Запісацца ў ратавальнікі можна з 12 гадоў. Ты трапляеш у падлеткавы атрад і тры гады вучышся ў ім, а з 15 можаш ужо падаць заяву каменданту і выязджаць на сапраўдныя выклікі.

У федэральнай зямлі Ціроль жыве 750 000 чалавек і створана каля 300 пажарных добраахвотных дружын, плюс каля 20 на прадпрыемствах і адзіная прафесійная дружына існуе ў сталіцы. Форму і абсталяванне для тушэння закупляюць на сродкі абшчыны. Напрыканцы года праходзіць сход, адкрыты для грамадскасці. Скарбнік зачытвае справаздачу па даходах і расходах, дружына ўшаноўвае асобных сябраў і ганарова прымае навічкоў.

Для павышэння кваліфікацыі створана адзіная на федэральную зямлю вучэльня. Туды на кароткатэрміновыя курсы (1-3 дні) прыязджаюць пажарнікі, якія хочуць навучыцца чамусьці новаму. Да таго ж увесну і восенню сама дружына праводзіць восем вялікіх вучэнняў. А зімой — трэніроўкі па адпрацоўцы асобных навыкаў. Дружына можа выкупаць дамы, якія плануюць зносіць, падпальваць іх і праводзіць трэніроўкі.

Хоць гэта аб’яднанне добраахвотнае, але з яго могуць і адлічыць за парушэнне абавязкаў, адсутнасць за год на ўсіх вялікіх вучэннях ці крымінальнае злачынства.

Паколькі ў пажарнікаў ёсць яшчэ і асноўная праца, з іх кіраўніцтвам заключаецца дамова, што пры сігнале трывогі кожны добраахвотнік можа пакінуць сваё рабочае месца і накіравацца на тушэнне пажару. У такім выпадку працадаўца можа, па законе, патрабаваць кампенсацыі з бюджэту за час, які не быў адпрацаваны, але, як правіла, усе асэнсоўваюць важнасць справы і амаль ніхто не запрошвае кампенсацыю.

© feuerwehr-stjohann.at
© feuerwehr-stjohann.at

Як кажа камендант, іх асноўны прынцып пры тушэнні пажараў — ратаваць жыцці людзей і жывёл. На шчасце, самі пажарныя атрымліваюць траўмы рэдка, у тым ліку дзякуючы самаму сучаснаму абсталяванню. Аднак часам здараюцца і смяротныя выпадкі. Добраахвотная служба займаецца ў тым ліку ачысткай завалаў падчас буры, ДТЗ, ратуе падчас апоўзняў і навадненняў, а стыхіям, вядома, цяжка даць рады. Для Ціроля дужа характэрны навадненні. Калі рэкі выходзяць з берагоў, пажарнікі дапамагаюць у тым ліку суседзям на тэрыторыі іншых муніцыпалітэтаў.

Раз на год кожная пажарная дружына праводзіць свята, прадае непатрэбныя рэчы і такім чынам папаўняе сваю касу. Плюс туды трапляюць ахвяраванні ад фізічных асоб — гэта, дарэчы, з’яўляецца нагодай для падатковага выліку. У пажарнікаў ёсць свой ахоўнік — святы Фларыян. Яго выява размешчаная на афіцыйным сцягу кожнай дружыны, а раз на год усе пажарнікі ходзяць на царкоўную службу ў яго гонар.

Дружыны абшчыны не існуюць самі па сабе. Яны аб’ядноўваюцца ў раённыя, тыя — у зямельныя. І, калі патрэбна, дапамагаюць адна адной. На кожным этапе існуе выбарчае кіраўніцтва. У грамадства пажарнікі карыстаюцца павагай, бо жыць у бяспецы — гэта важна. Галасуюць за захаванне такой службы рублём: зараз дружына Эрнста Шцёкля абсталяваная 11 аўтамабілямі, адзін з якіх набылі літаральна летась. Ва ўсіх ёсць спецыяльная форма — адзін новы камплект каштуе каля 2500 еўра. Яны прыстасаваныя для любых надзвычайных здарэнняў, у тым ліку ёсць машына, у якой знаходзяцца помпы для запампоўвання вады ў верталёт. Населеныя пункты знаходзяцца ў гарыстай мясцовасці, таму лясныя пажары тут адбываюцца ў гарах, да якіх дабрацца не надта проста. Іх тушэнне без верталёта немагчыма. Калі патрэбны, напрыклад, новы аўтамабіль, пажарнікі пішуць пра гэта ў мясцовыя СМІ. Такім чынам мясцовая ўлада можа выдзеліць сродкі і паказаць, што яна іх падтрымлівае, і такім чынам атрымаць плюс у карму ад выбаршчыкаў.

© feuerwehr-stjohann.at
© feuerwehr-stjohann.at

У год дружына выязджае на выклікі каля 150 разоў, то бок прыкладна раз на два дні. Разы 3-4 на год здараюцца буйныя пажары, але яшчэ шмат і памылковых выклікаў, за якія пажарнікі могуць накласці штраф да 450 еўра. Але, як кажа камандзір, чым часцей яны выязджаюць, тым больш людзі ахвяруюць.

Пажарнікі за службу не атрымліваюць ніякія матэрыяльныя выгады: ні грошы, ні падатковыя зніжкі. Адзінае — аўтарытэт сярод суседзяў.

Як кажа Эрнст Шцёкль: «Для нас гэта ганаровы абавязак — рызыкаваць сваім жыццём і дапамагаць іншым». Большасць пажарнікаў застаюцца на сваёй службе да пенсіі. Часта гэтае хобі перадаецца праз сямейныя традыцыі.

Ці сталі лясы больш гарэць?

Эрнст Шцёкль заўважыў, што лясы сталі больш гарэць з-за змянення клімату, таму пажарнікі імкнуцца выдаліць небяспечныя кавалкі лесу, напрыклад, буралом, які можа загарэцца. Тым часам у лясной гаспадарцы асэнсавалі небяспеку монакультурных лясоў: доўгі час у Аўстрыі высаджвалі лістоўніцу, як у нас хвою. Гэта былі цэлыя лясы і добрыя грошы, бо драўніна дарагая. Але зараз стала відавочна, што ва ўмовах кліматычных змяненняў такія лясы больш уразлівыя і прывабныя для шкоднікаў і, як вынік, пажараў. Зараз у лясной гаспадарцы перайшлі да змешаных пасадак.

Лясныя пажары ў Аўстрыі — гэта, як правіла, самаўзгаранне. Калі хтосьці злаўмысна падпаліў лес, за гэта ён атрымае 5-7 гадоў (і гэта толькі калі ніхто не пацярпеў), плюс фінансавая кампенсацыя шкоды можа быць пажыццёвай. Зараз стрымліваць пажары дапамагае хуткасць рэагавання і людзі, якія больш адказна адносяцца да прыроды.


Галоўнае фота © Freddy Enguix

Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

© feuerwehr-stjohann.at
© feuerwehr-stjohann.at