У Гомелі пройдзе публічная дыскусія, прысвечаная 50-годдзю нацпарка «Прыпяцкі»

  • Тэма: Адукацыя
  • Аўтар: Багна
  • Час публікацыі: 28.06.2019, 10:58

1 ліпеня ў Гомелі ў «Медыяпрасторы» (вул. Працоўная, 7А, 2 паверх) пройдзе публічная дыскусія «Прыпяцкі — 50 гадоў у пошуках запаведнасьці». Да ўдзелу запрашаюць журналістаў, экалагічных актывістаў і ўсіх зацікаўленых.

Аб пытаннях, якія будуць абмяркоўвацца на публічнай дыскусіі, распавядае Інэса Балоціна, каардынатарка грамадскай кампаніі «За будучыню прыпяцкіх дуброў»:

— На сустрэчы мы пагаворым пра тое, чаму і як 50 гадоў таму было прынята рашэнне стварыць запаведнік на Прыпяці, што адбывалася там на працягу першых 25 гадоў яго існавання, чаму запаведнік рэарганізавалі ў нацпарк і што гэта змяніла для прыроды і людзей. Абмяркуем мэты і задачы запаведнікаў, дасягненні, з якімі «Прыпяцкі» прыйшоў да свайго 50-годдзя, будучыня, якую для яго мы бачым. Яшчэ адно важнае пытанне — чаму з’явілася грамадская кампанія ў падтрымку дзікай прыроды нацпарка «Прыпяцкі».

Рыгор Фёдараў, юрыст ГА «Экадом», раскажа аб юрыдычных аспектах паняццяў «запаведнік» і «нацпарк»: чым савецкі запаведнік адрозніваўся ад сучаснага нацпарка? Якімі былі юрыдычныя падставы для рэарганізацыі запаведніка ў нацпарк? Як можа грамадскасць ўплываць на рашэнні, якія прымаюцца ў нацпарку сёння?

Яўген Меркіс пагаворыць пра турызм у «Прыпяцкім». Нацпарк — найвялікшая запаведная тэрыторыя рэгіёну. Ён уключаны ў Залатое кальцо Гомельшчыны. Як выкарыстоўваецца яго турыстычны патэнцыял? Ці ведаюць гамяльчане пра «Прыпяцкі», ездзяць туды? Што трэба змяніць, каб павялічыць выкарыстанне турыстычнага патэнцыялу нацпарка?

Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў арганізаваны 3 чэрвеня 1969 г. на плошчы 61,5 га ў складзе Міністэрства лясной гаспадаркі. Затым ён перападпарадкоўваўся Дзяржаўнаму камітэту па экалогіі БССР, Кіраўніцтву справамі Савета Міністраў Беларусі. У жніўні 1994 года запаведнік плошчай 65 050 га быў перададзены ў веданне Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе пры запаведніку створана Эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка (ЭЛОХ) «Ляскавічы». У 1996 годзе Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў рэарганізаваны ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі».


Перадрук матэрыялаў Багны магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі

*Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». Сіда не абавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна»

Інэса Балоціна, каардынатарка грамадскай кампаніі «За будучыню прыпяцкіх дуброў»
Інэса Балоціна, каардынатарка грамадскай кампаніі «За будучыню прыпяцкіх дуброў»© Volha Kaskevich