Новыя арт-аб’екты ў KONTAKTе з прыродай
- Тэма: Адукацыя
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 06.09.2019, 04:54
Арт-рэзідэнцыя і валанцёрскі летнік у Белавежскай пушчы завяршыліся экафестывалем KONTAKT, які сабраў аматараў прыроды побач з Новым Дваром Свіслацкага раёна. У праграме былі майстар-класы, перформанс і музычны вечар. А яшчэ можна было падзівіцца на новыя арт-аб’екты, якія з’явіліся ў аграгарадку і на экасцежках. Зрабілі іх удзельнікі творчай рэзідэнцыі, якія правялі тыдзень разам з месцічамі, намалявалі муралы, пабудавалі сцэну, аднавілі традыцыйны абрад і не толькі.
Ладзілі гэту рэзідэнцыю тры арганізацыі: «Время Земли», Dekabristen e.V. і «Багна». Атрымалася рознабакова і насычана. Удзельнікі расказалі, што паспелі зрабіць за гэты тыдзень.
Юлія Раманюк, педагог-мастак:
— Мой праект — гэта роспіс сцяны ў школе Новага Двара. Ідэя была не ў тым, каб намаляваць самой, а ў тым, каб арганізаваць дзяцей на роспіс. Яны рабілі ўсё сваімі рукамі. Мы намалявалі эскіз на тэму прыроды. Цудоўна выйшла, сюжэты, якія атрымаліся, аб’ядналі ў вялікую кампазіцыю. Пасля чаго гэта ўсё было мною перапрацавана і адмалявана, каб лініі былі зразумелымі і выразнымі, каб дзецям было лёгка з імі працаваць. З дапамогай праектара мы ўсё перавялі на сцяну. Дзяўчаты і хлопцы ўсё гэта перамалёўвалі алоўкамі. Потым пачалі абводзіць фарбамі. Гэта значна цяжэй, бо руку трэба трымаць пастаянна выцягнутай, усё трасецца, баліць. Непрывычна, фарба цячэ ўніз. Гэта зусім іншы спосаб малявання, які дзеці засвоілі. Класна, што ў іх атрымалася. Яны прайшлі ад пачатка да канца працэс стварэння гатовага праекта. Адбыўся выхад за мяжы школьнай праграмы, за рамкі дазволенага — маляваць на сцяне. У іх усё атрымалася, унізе мы пакінулі месца для аўтографаў, каб гэта карціна не засталася невядомай. Наш праект выклікаў рэзананс сярод дзяцей. Пастаянна прыходзіў хтосьці новы, прыводзіў бабуль-дзядуль. Было вельмі прыемна, што сваякам не ўсё роўна. Тут і ў дзіця гордасць ёсць, што яно робіць нешта значнае, і ў бацькоў.
Аляксандра Рыбалка, скульптар:
— Мой праект з’явіўся непасрэдна падчас рэзідэнцыі. Побач са школай ёсць экасцежка з васьмю прыпынкамі. Частку з іх я праілюстравала, каб лепш запаміналіся вобразы і інфармацыя. Напрыклад, другі прыпынак — гэта Чырвоная кніга. Я з дроту звязала раскрытую кнігу. На адной старонцы — выява дзятла, якога я тут ужывую пабачыла, на іншай — папаратніку, які таксама расце побач з гэтым месцам. На прыпынку пра птушак лесу я стварыла сояк. Мне гэтыя птушкі спадабаліся тым, што яна не чырыкаюць, а мяўкаюць. У іх ёсць сінія пярынкі, а яшчэ сойкі носяць жалуды па лесе і дзякуючы ім растуць маленькія дубцы. Я заўсёды на іх звяртаю ўвагу. Таксама сойкі будуюць гнёзды з галінак бярозы. Я спляла са звычайнай вяроўкі гэтых птушачак, крыху пафарбавала і падвесіла жалуды. Далей, дзе прыпынак пра жывёлаў лесу, там сапраўдныя лісіныя норы. Я туды паставіла лісічак. Выразала лобзікам з дрэва і размалявала.
Алена Агарэлышава, кіраўніца канцэнтрацыі «Гендарныя даследаванні» ў ECLAB:
— Мы спачатку хадзілі да мясцовых жыхароў і пыталі, якія ў іх абрады. Даведаліся пра нейкія цікавыя славечкі, пранікліся Новым Дваром. І на аснове гэтага рэканструявалі абрад каравайніц. Гэта асноўны абрад, пра які ўсе ўспаміналі — чырвоная лінія навадворскага вяселля. У іх ёсць дзве спецыяльныя жанчыны-каравайніцы, якія перад вяселлем ходзяць па вёсцы і ўсіх запрашаюць. Мы, адпаведна, узялі ў мясцовых бабуль касцюмы, у якіх яны калісьці хадзілі, зрабілі вянкі, я пашыла шапачкі і стужкі. То-бок агульнымі намаганнямі стварылі гэта ўсё. І дзве нашы дзяўчыны хадзілі ў пятніцу вечарам і запрашалі на вяселле.
Яшчэ я рабіла майстэрню па шытву адзення. Дарослае насельніцтва цяжка падцягнуць да нейкіх актыўнасцяў, таму трэба зрабіць нешта карыснае, каб людзі прыйшлі. Мы з імі размаўлялі пра жыццё. Шытво — гэта пункт уваходу, такі манатонны працэс, падчас якога ты можаш пагутарыць з людзьмі. Паралельна з фемінізмам я размаўляла з удзельнікамі ў лагеры, што такое квір. Рабіла на майстар-класы квір-лялькі. Гэта таксама была вялікая цікавостка, бо нават наша повар гэтым зацікавілася і забрала адну сабе ляльку.
Удзельнікі зрабілі набор маленькіх мастацкіх інтэрвенцый у трапу непасрэдна ў запаведнай частцы Белавежскай пушчы. Яны распісалі альтанку, якая знамянальна тым, што з гэтага месца пасля вайны пачыналі аднаўленне папуляцыі зуброў. А для наведвальнікаў фестывалю, якія, дарэчы, прыехалі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Германіі і Украіны, паказалі сярод лесу перформанс.
Канстанцін Чыкалаў, старшыня «Багны», расказаў, што гэта першыя крокі, як наблізіць мясцовых жыхароў праз фестываль і арт-аб’екты да аховы нацпарку. У перформансу выкарыстоўвалі рэальныя дыктафонныя запісы, які зрабілі падчас гутарак з месцічамі. Яны расказваюць, як людзі ўспрымаюць пушчу, што ведаюць пра яе.
— З боку нацпарку было цікава ўспрынятае наша мерапрыемства. Да нас прыязджаў адзін з адказных за развіццё экатурызму ў Белавежскай пушчы, і яму наш фармат вельмі спадабаўся. Ён ўжо запрашаў налета арганізаваць нешта падобнае ў іншым месцы. Фармат фестываляў — гэта нядрэнная магчымасць прыцягнуць больш усвядомленых людзей і пазнаёміць з гэтымі тэрыторыямі, паказаць іх каштоўнасць. Калі рабіць гэта правільна, то такія фестывалі могуць быць у дапамогу. На экасцежцы нацпарку мы спецыяльна адмовіліся ствараць нешта штучнае, бо там запаведная тэрыторыя і туды прыязджаюць для знаёмства з прыродай. Таму ў якасці лакацыі для арт-аб’екту абралі ўжо існуючую альтанку, аздобілі яе выцінанкамі на тэму зубраў і правялі невялікі аўдыё-перформанс.
Пакуль што ў Беларусі няма такой практыкі, каб валанцёрскія летнікі арганізоўвалі самі нацыянальныя паркі. Хаця ў Еўропе такі падыход распаўсюджаны. Чалавек праз валанцёрства можа лепш асэнсаваць захоўванне прыроды. Калі чытаеш кнігі ці бачыш фільмы — гэта адно. Калі ўласнаручна нешта робіш на месцы, то з’яўляецца больш асабістай адказнасці.
— Тут ёсць першапачаткова праблема закрытасці нацпаркаў Беларусі — яны вельмі аддалена існуюць ад мясцовай супольнасці, — тлумачыць эксперт. — З Белавежскай пушчай сітуацыя не такая крытычная. Але яскравы прыклад — рамеснікі, якім абмяжоўваюць гандаль сваімі падробкамі на тэрыторыі нацпарка. Адна з магчымасцяў — абмеркаванне плана кіравання гэтай тэрыторыі. Зараз мы на гэтым робім акцэнт. Раз на пяць год такія планы пераглядаюцца. Мы імкнёмся або самастойна, або праз мясцовых жыхароў збіраць інфармацыю пра тое, што яны чакаюць ад тэрыторыі. Па іншаму нацпарку мы, напрыклад, праводзілі шэраг трэнінгаў. У выніку фарміруецца актыўная група, якой не ўсё роўна, што будзе з гэтай тэрыторыяй і праблемамі. І яны гатовыя браць адказнасць і быць актыўнымі.
Як самі месцічы адносяцца да такіх мерапрыемстваў, мы запыталі ў Віктара Сукача, які працуе ў аграгарадку рабочым. Ён увесь тыдзень дапамагаў валанцёрам і мастакам.
— Мне спадабалася. Гэта ўсё для нас ў навінку. На маёй памяці такая падзея ў вёсцы ўпершыню. Аўтобус — такая старызна стаяла, а яны зрабілі нешта каляровае. Сценку ў школе таксама ўпрыгожылі. Я і сам паспрабаваў на майстар-класе паляпіць гліну. Хацеў люльку зрабіць. Упершыню з валанцёрамі я сутыкнуўся два гады таму, калі шукалі хлопчыка ў лесе. Я пранікся вялікай павагай да любога валанцёрскага руху. Побач з Новым Дваром гадоў 15 назад рысі былі, зубры хадзілі. Цяпер, мабыць, ёсць, але я не бачыў. За апошнія гады вада на возеры ў пушчы ўпала мінімум на паўметры. Калісьці мы на яго ў паходы з аднакласнікамі хадзілі. Я стаўлюся станоўча да такіх мерапрыемстваў і аховы. Але народ крыху крыўдзіцца, што гэта наш лес і возера, а рубіць і лавіць рыбу не даюць.
Дарэчы, гісторыя Новага Двара даволі спецыфічная, бо гэта адзіная вёска ў акрузе, дзе не было прыгоннага права. Таму месцічы вельмі дакладна праводзілі мяжу свой-чужы.
Вікторыя Краўцова, якая працуе ў Dekabristen e.V., падзялілася, што для яе арт-рэзідэнцыя была ў тым ліку пра тое, як мастакі самі рэфлексуюць і гутараць на тэму экалогіі, мабыць нават мяняюць нешта ў сваіх харчовых звычках ці ў падыходзе да смецця.
— Мне падаецца, што экалагічнасць і экалагізм — гэта суперкарысна. Добра рабіць праекты, каб прыбраць нешта, пабудаваць трапу… Але мне падаецца, важна яшчэ крытычна рэфліксаваць, ці сапраўды гэта нешта мяняе і прынясе карысць. Для мяне экалогію немагчыма разумець у адрыве ад сацыяльнага. Калі кажаш, што чалавек павінен берагчы прыроду, не трэба забываць, што чалавек павінен яшчэ неяк асэнсоўваць сябе ў гэтым свеце. Сабе нармальна адчуваць. Мець менш праблем са сваёй ідэнтычнасцю і сацыяльна сабе камфортна адчуваць. Калі людзі з гэтай вёскі з’язджаюць, зразумела, што тут няма чагосьці, што ім не хапае.
У выніку арт-рэзідэнцыі кожны з 20 удзельнікаў рэалізаваў свой праект. Мясцовыя хлопцы і дзяўчаты казалі, што гэта найцікавейшая падзея лета. Усе спадзяюцца, што новыя рознакаляровыя аб’екты застануцца ў аграгарадку і будуць заахвочваць месцічаў на творчасць.
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».