Інтэрв’ю з хросным бацькам тэрміна «біяразнастайнасць»

  • Тэма: Адукацыя
  • Аўтар: Багна
  • Час публікацыі: 04.01.2019, 12:05

Дваццаць гадоў таму выбітны біёлаг і прыродаахоўнік Томас Лаўджой прыдумаў слова, значэнне якога ахапіла не толькі разнастайнасць жыцця на Зямлі, але і тыя жыццядайныя рэчы, якія дасканала збалансаваныя экасістэмы даюць усім нам.

З таго часу яго працяглая і разнастайная праца была заўсёды засяроджаная на іх ахове. У свае 77 гадоў Томас Лаўджой — прафесар прыродаахоўных навук і стратэгій ва ўніверсітэце Джорджа Мэйсана. У сваім інтэрв’ю BirdLife ён падзяліўся думкамі наконт гукаў дыназаўраў, узроўню грамадскай свядомасці і неадкладнай патрэбы для чалавецтва пачаць бачыць сябе часткай прыроды.

Вы першы пачалі ўжываць тэрмін «біяразнастайнасць». Можаце расказаць, як Вы яго прыдумалі?

Цікава тое, што ў 1980 годзе тэрмін «біялагічная разнастайнасць» прыдумалі тры чалавекі. Ніхто з нас не лічыў, што вынайшаў нешта новае, ніхто не думаў: «о, мабыць, я першы», гэта быў натуральны вынік працы нашага навуковага і экалагічнага мыслення таго часу. І толькі пазней Эліат Норс — адзін з тых трох чалавек — пачаў узгадваць, як гэта адбылося, і сказаў, што першым быў я.

Якой была мэта стварэння гэтага слова?

Насамрэч мы хацелі ахапіць складанасць і разнастайнасць прыроды і выйсці за межы мыслення пра традыцыйныя формы аховы прыроды, якія канцэнтруюцца на асобных відах, але перайсці да канцэпцыі захавання разнастайнасці жыцця на Зямлі. Сёння мы гаворым пра крызіс біяразнастайнасці і пра тое, наколькі гэтая праблема сур’ёзная і неадкладная.

Ці ёсць у Вас прапановы, як давесці гэту праблему да свядомасці грамадства?

Мяркую, нам трэба зрабіць дзве рэчы. Адна — гэта прымусіць людзей зразумець, што мы не жывем асобна ад прыроды і што мы сапраўды мусім укараніцца ў свет прыроды і перастаць думаць пра яе як пра нешта, што трэба ахоўваць у нейкім пэўным месцы, агароджаным плотам. Але я таксама лічу, што людзі мусяць зразумець, якую важную ролю біялогія грае ў нашым штодзённым жыцці. Няважна, ці гэта рэцэпт, які вы несяце ў аптэку, ці вада з крана, ці склад атмасферы, мы ўсё бяром з прыроды штосекунду нашага жыцця.

Вы любіце выбірацца на прыроду?

Больш за ўсё на свеце я люблю ездзіць у маё ўлюбёнае месца на Амазонцы, яно знаходзіцца ў некранутым лесе, які цягнецца ажно да Гвіяны. Ён нагадвае першабытны лес, нібы ты ў самым сэрцы жывой планеты. Мне падабаецца браць з сабой знаёмых, гэта заўсёды дапамагае ўнутрана змяняцца.

Як Вы думаеце, якая сёння галоўная задача ў барацьбе з крызісам біяразнастайнасці?

Сапраўды, крызіс існуе, але мы павінны менш часу праводзіць у абмеркаванні дэталяў гэтага крызісу, а больш часу прысвячаць, каб дапамагчы людзям зразумець, што яны — частка прыроды і што захаванне разнастайнасці жыцця на Зямлі — гэта базавая патрэба кожнага чалавека.

Мы цалкам згодныя з Вамі!

Ведаеце, справа яшчэ ў тым, што прырода прыгожая, яна зачароўвае. Як аднойчы сказаў Э.О. Уілсан, у кожнага дзіцяці ёсць «перыяд кузуркі», ён проста яго не перарос! І мы ўсе павінны адчуваць гэта ў сабе.

Якая Вашая ўлюбёная птушка (калі яна ёсць)?

Вызначыць вельмі цяжка! Ведаеце, для Дэвіда Атэнбора гэта райская птушка. А для мяне гэта можа быць нейкі від манакінаў — маленькіх птушак, якія жывуць у тропіках Новага Свету, харчуюцца садавінай і вытанчана танчаць. Адзін з відаў мае шапачку, якая пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі, нібы перламутр. Неверагодна чароўна.

Мы шмат гаворым пра птушак як пра індыкатары здароўя планеты. У нашым апошнім дакладзе, прысвечаным становішчу птушак свету, мы называем гэта «трымаць руку на пульсе планеты». Што Вы думаеце на гэты конт?

Па сутнасці, калі вы захаваеце разнастайнасць птушак на планеце, то захаваеце разнастайнасць жыцця, прынамсі, на сушы. Птушкі — цудоўныя індыкатары агульнага здароўя прыроднага асяроддзя. Да таго ж птушкі вельмі даступныя, у тым сэнсе, што за імі лёгка назіраць, а мы атрымліваем інфармацыю ў асноўным візуальна, таму рэагуем на ўборы і сігналы птушак. Але мы таксама ўспрымаем шмат акустычнай інфармацыі, а птушкі карыстаюцца ўсімі відамі акустычнай камунікацыі. Нядаўна зрабілі цікавае адкрыццё: у птушак, што спяваюць з дапамогай ніжняй гартані, гэтая гартань насамрэч засталася ад дыназаўраў, ад якіх паходзяць птушкі. Так што некаторыя дыназаўры выдавалі дзіўныя гукі, падобныя да гукаў птушак. Хіба гэта не ўражвае?

BirdLife разам з National Geographic абвясцілі 2018 год Годам птушак. Адным з яго асноўных мерапрыемстваў лічыцца заахвочванне прадстаўнікоў грамадства рабіць маленькія, але важкія крокі ў напрамку падтрымкі прыроды. На Вашую думку, што можа зрабіць кожны, каб зрабіць найбольш значны ўплыў на захаванне біяразнастайнасці?

Я прапанаваў бы дзве рэчы. Першая — гэта проста пайсці на прыроду, другая — прывесці туды дзяцей, прывесці сяброў, каб дапамагчы ім убачыць сувязь паміж прыродай і якасцю нашага жыцця. Ведаеце, нашая планета жывая, а большасць людзей жывуць у ілюзіі, што яна працуе як фізічная сістэма. Гэта абслютна не так. Нашая планета — складаная фізічная і біялагічная сістэма. У ёй кантралюецца склад атмасферы, цыркуляцыя вады, усе іншыя рэчы, якія робяць планету прыдатнай для жыцця.

Ці ведаеце Вы прыклады выжывання экасістэмы пасля таго, як знікне пэўная колькасць відаў? Калі сістэма загіне?

Экасістэмы выжывуць пры ўмове маленькіх пашкоджанняў, але яны звычайна не вытрымліваюць вялікіх — яны проста разбураюцца і страчваюць здольнасць функцыянаваць так, як раней. Таму тое, што цяпер адбываецца з планетай, — гэта эрозія біялагічнага свету і знішчэнне здольнасці падтрымліваць людзей, а ў гэтым няма абсалютна ніякага сэнсу.

Вы бралі ўдзел у нашым саміце Flyway у Абу-Дабі, дзе збіраліся прадстаўнікі самых розных краін і рэгіёнаў для абмеркавання будучыні прыродаахоўнай дзейнасці: гэта дае Вам надзею?

Гэта неверагодна натхняе, я нават не ведаю дакладнай колькасці краін, якія там былі, мабыць, некалькі дзясяткаў, і ўсіх глыбока хвалюе пытанне, што будзе з птушкамі. У асноўным абмеркаванне тычылася мігруючых птушак. Нават страшна падумаць, што гэтым птушкам даводзіцца перажываць. Аднойчы я ляцеў з Вашынгтона ў Сан-Хасэ, што ў Коста-Рыка, затым ехаў дзве-тры гадзіны на машыне і дабраўся толькі а першай гадзіне ночы. Потым я мусіў а шостай гадзіне раніцы ісці на сустрэчу з магістрантам, які займаўся адловам птушак у тумане, і ў першы ж дзень я злавіў птушку з Паўночнай Амерыкі. Гэта была жоўтая дравесніца, якая толькі што пераадолела яшчэ большую адлегласць, чым я: яна ляцела, напэўна, з Канады. І калі я разгарнуў пер’е, то ўбачыў, што там не было ні кроплі тлушчу, нават бялкі і тыя, мабыць, згарэлі падчас пералёту. І я не ведаю, што гэта, як не цуд.

Як Вы лічыце, у чым палягае асноўная пагроза біяразнастайнасці, якой не надаецца дастаткова ўвагі і якую трэба больш абмяркоўваць?

Адна з рэчаў, што мяне турбуюць, — гэта тая каша з хімікатаў, у якой мы жывем. І лек, які забівае столькі сіпаў [дыклафенак], — гэта ўсяго толькі адзін з прыкладаў дзясяткаў тысяч штучных хімічных рэчываў. Мяне гэта вельмі турбуе, я лічу, чым да большай колькасці арганічных рэчываў, якія натуральным чынам раскладаюцца ў прыродзе, мы зможам вярнуцца, тым лепей.

Амазонка. Фото: Rômulo Ferreira

Як Вы лічыце, чаму людзі не хочуць змяняць сваё стаўленне?

Тут ёсць два бакі праблемы. Адзін бок — асобнаму чалавеку вельмі лёгка думаць: ну што з мяне ўзяць, ці ёсць розніца, буду я нешта рабіць ці не? Але тое, што робіць кожны, акумулюецца. А другі бок — меркаваць, што мы аддзеленыя ад прыроды. Магчыма, большасць людзей на планеце думае ці адно, ці другое. А калі чалавек так лічыць, ён нават не хоча спыніцца, каб усвядоміць, што робіць тое, што можа забруджваць планету. На маю думку, гэта праблема сацыяльных прыматаў: мы занятыя адно адным і абсалютна ігнаруем тое, што адбываецца ў навакольным асяроддзі.

Вы вельмі добра гэта сфармулявалі!

Гэта трошкі падобна — як я калісьці чытаў — да групы бабуінаў, цалкам захопленых адно адным, у той час, калі да іх звонку падбіраецца леў.

Так, гэта праблема не толькі навуковая.

Сапраўды, гэта праблема стаўлення чалавека. Так, цудоўна, што ўсё больш людзей жывуць у гарадах, у тым сэнсе, што гэта здымае шмат цяжару з прыроды, але адначасова павялічваецца ілюзія, што прырода нам непатрэбная. Таму неабходна прыкладаць шмат контрнамаганняў, каб людзі гэта разумелі.

Пераклад Алены Раманоўскай для ptushki.org
Крыніца: Шон Харэл, birdlife.org
Томас Лаўджой, фота амбасады ЗША ў Ліме
Томас Лаўджой, фота амбасады ЗША ў Ліме© birdlife.org
Томас Лаўджой вывучае біяразнастайнасць і ахову яе цягам 50 гадоў
Томас Лаўджой вывучае біяразнастайнасць і ахову яе цягам 50 гадоў© Thomas Lovejoy