Дзікі арт. Як мастакі звяртаюць увагу на праблемы прыроды

  • Тэма: Адукацыя
  • Аўтар: Багна
  • Час публікацыі: 03.03.2020, 04:18

Пажары, паводкі, знікненні відаў — гэта заўсёды кранае не толькі ахоўнікаў прыроды, але і ўсіх, хто ўлюблёны ў наваколле. Мастакі праз свае перформансы, музыку і іншыя віды мастацтва крычаць пра тое, што сапраўды важна. Мы зрабілі падборку, у якой паказалі арт-аб’екты, якія прызываюць не заставацца абыякавымі да наваколля.

Лес на месцы стадыёна

Клаўс Літман на два восеньскія месяцы ператварыў аўстрыйскі футбольны стадыён у цэнтральна-еўрапейскі лес. Ён усталяваў амаль 300 дрэваў на пляцоўцы Wörthersee Stadion у Клагенфурце і тым самым стварыў найбуйнейшую арт-інсталяцыю ў краіне. Праз сваю творчасць ён хацеў звярнуць увагу на вырубкі і змяненне клімату. Ідэя ў тым, каб паказаць свайго роду антыўтопію: калі пра прыроду не клапаціцца, яна застанецца толькі ў такіх месцах, і мы будзем хадзіць паглядзіць на лес, нібы ў заапарк. На стварэнне гэтай мастацкай інсталяцыі Клаўс Літман натхніўся малюнкам аўстрыйскага мастака і архітэктара Макса Пэйтнера. Ён намаляваў такі ж стадыён і гледачоў, якія дзівяцца на дрэвы, яшчэ ў 1970-1971 гадах.

У лесе, створаным Літманам, растуць бяроза, алешына, граб, дуб і іншыя знаёмыя нам дрэвы. Пасля таго як напрыканцы кастрычніка праект завяршыўся, яны былі ў такой жа форме перасаджаны побач са стадыёнам, каб заставацца жывымі скульптурамі і нагадваць пра праблемы навакольнага асяроддзя.

Супраць лясных пажараў

Маркотнай нагодай для творчасці сталі леташнія пажары ў Расіі. На гэта адгукнуліся многія творчыя людзі. Спявачка Монеточка выпусціла кліп на песню «Гори гори гори», дзе яна нібы сядзіць і не рухаецца ў пакоі, які палае. Анансуючы песню, спявачка прызвала праводзіць прафілактычныя меры круглы год, расказваць пра пажары і тушыць іх на пачатковых стадыях. Даход ад праслухоўвання песні на стрымінгавых сервісах накіроўваецца на праграму Greenpeace па барацьбе з пажарамі на прыродных тэрыторыях.

Цікавы арт-аб’ект на тэму сібірскіх пажараў з’явіўся ў Шувалаўскім парку Санкт-Пецярбургу. Мясцовы мастак Loketski на гарэлым дрэве намаляваў вядомы савецкі вобраз Радзімы-маці. Фота сваёй творчасці ён выклаў на асабістай старонцы ў Instagram і падпісаў: «Зараз адзін “УССпешный” дзяржаўны дзеяч лічыць, што ратаваць Радзіму ад пажараў “эканамічна нявыгадна і нават дзесьці шкодна». А іншы, яшчэ больш паспяховы, рэгулярна прапануе дапамогу ў тушэнні ляснога агню то ЗША, то Ізраілю, то Грэцыі. Калі твая родная маці хворая, у яе мацнейшая гарачка, яна задыхаецца і моліць аб дапамозе, ты стаіш над ложкам з калькулятарам і кажаш: «Не, мам. Я лепш для суседкі ў аптэку схаджу, гэта эканамічна выгадней». У сваім подпісе Loketski спасылаецца на словы губернатара Краснаярскага краю Аляксандра Уса, які сказаў, што тушыць некаторыя лясныя пажары немэтазгодна.

Музыка на льдзіне

Італьянскі піяніст і кампазітар Людовіка Эйнаўдзі сыграў свой твор, плаваючы на льдзіне у Паўночным Ледавітым акіяне. Пярфоманс адбыўся ў 2016 годзе дзеля захавання Арктыкі ад нафтавага свідравання і разбуральнай рыбалкі. На край свету ён паплыў на караблі Arctic Sunrise ад Greenpeace. Яны ўзялі разам з сабою галасы 8 мільёнаў людзей, чыі паведамленні заклікалі ўрады звярнуць увагу на праблемы гэтага паўночнага рэгіёна. Арктыка нам патрэбная дзеля захавання ўнікальнай дзікай прыроды, рэдкіх відаў, як белы мядзведзь, і рэгулявання клімату.

© greenpeace.org
© greenpeace.org

Піяніст разам са сваім раялем плыў насупраць ледніка Валенбергбрын, які знаходзіцца на Шпіцбергене, Нарвегія. Літаральна падчас гучання яго музыкі ад ледніка адколваліся кавалкі і з грукатам падалі ў ваду. Праз твор Людовіка Эйнаўдзі гэтыя мільёны галасоў загучалі сярод льдоў.

«Элегія для Арктыкі» спецыяльна была створаная дзеля гэтага пярформанса. На тым тыдні, калі кампазітар граў пасярод акіяна, праходзіла пасяджэнне Камісіі ОСПАР.

Камісія была створаная для таго, каб ахоўваць прыроду Арктыкі, але, на думку Greenpeace, Нарвегія, Данія і Ісландыя кіруюцца хутчэй карпарацыйнымі інтарэсамі, ніж прыродаахоўнымі. Нашай планеце жыццёва неабходна захаваць гэты рэгіён, а не рызыкаваць дзеля кароткатэрміновага прыбытку.

Графіці супраць забруджвання паветру

Бразільскі мастак Аляксандр Арыён праз свае зваротныя графіці прыцягвае ўвагу да праблемы забруджвання паветру. Найбольш вядомы арт-аб’ект ён зрабіў у 2006 годзе ў тунэлі Макса Фэфера ў Сан-Паўла і паўтарыў яго ў 2010 годзе ў іншым гарадскім тунэлі Фернанда-Віера-дэ-Мэла.

Выціраючы сажу і бруд ад машын са сцен тунэлю, ён намаляваў чэрапы і назваў свой праект Ossário («Кастніца»). У першы раз чарапы расцягнуліся на 300 метраў і сталі самым буйным арт-аб’ектам, выкананым у гэтай тэхніцы. Праз свае працы мастак робіць акцэнт не толькі на экалагічнай шкодзе выхлапаў, якія забруджваюць паветра, але і на сацыяльных праблемах. Па статыстыцы ў Сан-Паўла шэсць чалавек на дзень паміраюць з-за шкодных выкідаў.

Вядома ж, гарадскія ўлады даволі хутка змылі ўсе зваротныя графіці з гэтага тунэлю. Але ж пярфоманс быў варты намаганняў мастака.

Скульптура ў гонар каралаў

Мастачка і адвакатка Кортні Мэцісан стварыла керамічны арт-аб’ект вышынёй 8,5 метраў спецыяльна для пасольства ЗША ў Джакарце, Інданезія. У цэнтры спіралі каралы, анемоны, губкі і іншыя істоты выглядаюць яскрава і жыва. Але бліжэй да краёў яны абясколерваюцца. Калі каралы хварэюць і губляюць колер, яны пачынаюць галадаць і ў выніку паміраюць. Гэтыя працэсы пагражаюць рыфам па ўсім свеце.

Кампазіцыя пад назвай Confluence («Сутока») прысвечаная Каралаваму трохкутніку ў Ціхім акіяне. Ён размешчаны ў водах Інданезіі, Малазіі, Філіпінаў, Папуа — Новай Гвінеі, Усходняга Цімора і Саламонавых астравоў. У гэтым месцы існуе амаль 600 розных відаў рыфаствараючых каралаў, што робіць яго адным з самых важных падводных участкаў у свеце. Зараз гэтаму куточку дзікай прыроды пагражае празмерны вылаў рыбы, забруджванне наваколля і змяненне клімату. Крохкі фарфор перадае, якімі неабароненымі з’яўляюцца каралы і як важна звярнуць на іх увагу і захаваць.

© courtneymattison.com
© courtneymattison.com

Марафон малюнкаў

Не адзін арт-аб’ект, а 2653 малюнка жывёл, птушак і раслін, аховай якіх займаўся Сусветны фонд дзікай прыроды ў Расіі, намалявалі ўдзельнікі леташняга марафону. Тым летам WWF святкаваў 25-годдзе сваёй дзейнасці ў Расіі і да гэтай даты запусціў мастацкі праект. Яго куратарамі выступілі ілюстратаркі з суполкі Art For Planet. Яны праводзілі бясплатныя майстар-класы, у якіх мог паўдзельнічаць любы чалавек. Трэба было абраць адзін з 25 відаў і намаляваць яго ў любым стылі. Лепшыя працы можна паглядзець у акаўнце @wwfrussia ў Instagram.

Так, напрыклад, Вікторыя Хнейнюк намалявала кабаргу. Гэты клыкасты звярок, падобны на аленя, жыве на Далёкім Усходзе, у Алтае-Саянах, а таксама сустракаецца ў іншых рэгіёнах Расіі, Манголіі, Кітая і абедзвюх Карэй. Галоўная яго пагроза — браканьеры, якія забіваюць жывёл дзеля мускусу.

Падводныя скульптуры

Падводныя скульптуры, створаныя Джэйсанам дэ Кэйрас-Тэйларам, вядомыя па ўсім свеце. Калекцыя музея на дне Карыбскага мора пастаянна папаўняецца і ўжо налічвае некалькі соцень скульптур. Людзі ў розных позах, быццам бы за сваімі паўсядзённымі заняткамі, стаяць, сядзяць і ляжаць на марскім дне, паступова абрастаючы падводнай расліннасцю.

Аўтар быў занепакоены тым, што каля 300 000 турыстаў штогод прыязджаюць у нацпаркі на заходняе ўзбярэжжа Мексікі. Гэта зашмат для мясцовай экасістэмы і шкодзіць марской флоры ды фаўне. Джэйсан Тэйлар спадзяецца, што праз некаторы час на месцы музея сфарміруецца штучны рыф, які разгрузіць прыродныя запаведнікі. Да таго ж на скульптурах, акрамя багавіння, жывуць малюскі, якія фільтруюць ваду.

© boardmasters.com
© boardmasters.com

Таксама прапануем паглядзець лекцыю на TED аб падводных скульптурах Джэйсана дэ Кэйрас-Тэйлара.

Мора і пластык

Мастак і фатограф Фон Вонг робіць арт-аб’екты з пластыку, нагадваючы пра адну з галоўных бед сучаснасці — забруджванне акіянаў і дзікай прыроды рэчамі, якія будуць ляжаць і раскладацца сотні год. Інсталяцыя «Раздзяленне пластыкавага мора» летась была ўсталяваная ў гандлёвым цэнтры Estella Place у Хашыміне. Яна створаная з 168 037 пластыкавых саломінак для напояў, якія валанцёры за шэсць месяцаў сабралі на вуліцах В’етнама. Асноўная ідэя была зноў жа нагадаць, што такія трубачкі людзі выкарыстоўваюць па прызначэнню некалькі хвілін, а патрапіўшы ў мора, яны плаваюць там стагоддзямі, прычыняючы шкоду экасістэме.

Плануецца, што ў будучыні гэтая інсталяцыя пераедзе на пастаяннае месца жыхарства ў нейкі музей ці ўстанову. Дарэчы, Фон Вонг і Zero Waste Saigon, якія дапамагалі яму з гэтым праектам, атрымалі сертыфікат Кнігі рэкордаў Гінеса за самую вялікую скульптуры з пітных саломінак.

Фотапраект пра засуху

Праблему засухі, якая выклікана змяненнем клімату, праілюстравалі ў сваім фотапраекце Greenpeace. Гэта возера Лагуна Акулеа ў Чылі, якое літаральна за некалькі год высахла. Прыродаахоўнікі сабралі мінулыя здымкі возера і ўпісалі іх у сённяшні пейзаж. Атрымалася крыху жудасна.

Маціас Асун, нацыянальны дырэктар Greenpeace Chile, лічыць, што значнае скарачэнне выкідаў СО2 павінна быць дасягнута ўжо ў гэтым дзесяцігоддзі. Інакш нашым нашчадкам застануцца толькі такія парушаныя экасістэмы.

© greenpeace.org
© greenpeace.org


Галоўнае фота © Klaus Littmann/FOR FOREST

Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

FOR FOREST by Klaus Littmann
FOR FOREST by Klaus Littmann© Gerhard Maurer
FOR FOREST by Klaus Littmann
FOR FOREST by Klaus Littmann© Unimo