Не стаў падпісваць смяротныя прысуды здаровым зубрам і пазбавіўся ўлюбёнай працы. Яшчэ адзін аповяд былога заолага нацпарка «Прыпяцкі»

  • Тэма: ААПТ
  • Аўтары: Багна
  • Час публікацыі: 11.01.2019, 05:21

Святаслаў Анішчук працаваў навуковым супрацоўнікам у Нацыянальным парку «Прыпяцкі». А цяпер ён даволі вядомы ў мастацкіх колах Санкт-Пецярбурга мастак, асноўнай тэмай працаў якога з’яўляецца менавіта прыпяцкая прырода. Ад бязмежнай любові да прыпяцкіх паплавоў, поймавых дуброваў, балотаў ён не змог пазбавіцца нават на суворых берагах панырай Нявы. Чаму ж пакінуў ён такі ўлюбёны край? Пра тое, як трапіў у нацпарк, як склаўся там ягоны навуковы лёс і пра сёе-тое іншае Святаслаў распавядае сам.

У «Прыпяцкі» я прыйшоў працаваць у 2005 годзе. Да таго працаваў токарам на Мазырскім заводзе сельгасмашын і адначасова завочна вучыўся на біяфаку Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. На трэцім курсе мая выкладчыца Лідзія Цвірко запытала ў мяне, дзе я працую. І калі даведалася, што токарам на заводзе, то папросту абурылася тым, што я займаюся не сваёй справай. Лідзія Міхайлаўна была ўпэўненая, што я павінен працаваць з жывой прыродай. Яна патэлефанавала дырэктару нацпарка Сцяпану Бамбізу і папрасіла за мяне. Так я і трапіў на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка.

Птушкі — гэта самыя эстэтычныя стварэнні.

Напачатку ўсё ішло проста цудоўна. Праца была для мяне насамрэч як наркотык: зацягнула, я ўпэўніўся, што гэта маё. Я вывучаў птушак і нейкі час млекакормячых. Птушкі — гэта ж самыя эстэтычныя стварэнні. Мы выяўлялі месцы, дзе гнездаваўся арлец — вялікі і малы, назіралі за мноствам кулікоў у прыпяцкай пойме. Я асабіста апісаў і паставіў на ўлік барсучыныя «гарадкі».

Я актыўна развіваў у нацпарку экалагічны турызм. Непасрэдна на мае экскурсіі прыязджалі турысты з Нямеччыны, з Латвіі, з іншых краінаў. Аднаго разу з гэтай нагоды нават прыцягнуў увагу спецорганаў — мяне апытвалі, што за замежнікі са мной ходзяць і з якой мэтай яны прыязджаюць у Беларусь.

Хаця гэта быў не першы выпадак, калі я трапіў пад пільную ўвагу спецслужбаў. Яшчэ ў першы год сваёй працы, калі мне давялося пэўны час жыць у памяшканні станцыі кальцавання птушак, я паехаў па дровы ў Сіманічы — вёску на тэрыторыі Лельчыцкага раёну. І пакуль чакаў там лесніка з выпіскай, вырашыў прайсціся да ўзлеску. І там мяне раптам схапіў участковы. «Трапіўся, галубчык!? Я цябе тут ужо другі дзень чакаю! » — сказаў міліцыянт. Потым мяне павезлі ў Лельчыцы, дзе цэлы дзень розныя людзі мяне дапытвалі. Гэта была зіма 2005 года, насоўвалася вядомая выбарчая кампанія-2006. І, хаця я да таго разу ніколі не быў у тых Сіманічах, мяне абвінавацілі ў тым, што я распаўсюджваў там нейкія ўлёткі. Аказалася — я на нейкага падобны. Пасля таго я зразумеў, што жыву ў паліцэйскай дзяржаве.

Былі ў мяне і выпадкі, калі я тануў у балоце, калі давялося на балоце ночыць, бо ідучы, выкруціў нагу і не мог вярнуцца ў Тураў.

З асабістага архіва Святаслава Анішчука

Зубры мяне не любілі. Яны з мяне здзекваліся — не падпускалі, ганялі.

Напрыканцы маёй «прыпяцкай» кар’еры на мяне ўсклалі абавязкі па кантролі за зубрыным статкам. Зубры мяне не любілі. Яны з мяне здзекваліся — не падпускалі, ганялі. Адзін гоніць у адзін бок, а там сустракае іншы і гоніць у іншы. Але я ведаў іх усіх. І менавіта з іх і пачаўся мой сыход з «Прыпяцкага».

Аднаго разу да мяне звярнуўся намеснік гендырэктара па навуковай дзейнасці Углянец і сказаў, што трэба скласці акт выбракоўкі на двух звяроў, нібыта яны хворыя. Маўляў, едуць нейкія вялікія паляўнічыя з-за мяжы і ім патрэбныя вартыя трафеі. Я доўга разважаў, і ў выніку сказаў, што не магу скласці такі акт. Углянец мне тады пачаў даводзіць, што ён збіраецца на пенсію, а мяне будзе прапанаваць на сваё месца. «Табе дадуць мой кабінет, машыну, дом табе ў Ляскавічах далі. І за ўсё гэта табе трэба ўсяго толькі напісаць адну паперку. А не складзеш — цябе проста звольняць», — даводзіў намеснік. Потым прыйшоў і Сцяпан Бамбіза, тое самае казаў. Але я катэгарычна адмовіўся.

Зубры на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»

Я тады паехаў на навуковую канферэнцыю ў нацпарк «Нарачанскі», які мяне туды і запрасіў. Паехаў за свой кошт, узяўшы на працы адгулы. А прыехаўшы, даведаўся, што мне не працягваюць кантракт. Потым Углянец пайшоў да Бамбізы, каб мяне абараніць, даводзіў, што я добры адмысловец. Сцяпан Мікалаевіч слухаў, а потым сказаў: «Ну так, ёсць у Святаслава поспехі і ў навуцы, і ў турызме. Гэта варта прызнаць. Але працягваць кантракт я яму проста не хочу. Вось не хочу і ўсё тут!». Так я стаў беспрацоўным. Гэта быў 2014 год.

Потым сябры запрасілі ў Пецярбург. Давялося ўзгадаць сваю першую прафесію токара. Працаваў на заводзе. Адначасова пачаў маляваць. Рабіў некалькі выставаў. Але тое, што ў такім багатым сваёй прыродай месцы, як Нацыянальны парк «Прыпяцкі», замест навуковага вывучэння і экалагічнага выкарыстання прыродных багаццяў пануе выключна паляўнічая гаспадарка і лесапіленне, мяне асабіста і засмучае і абурае. На жаль, пакуль супраць гэтага асабіста я мала што магу зрабіць.

Андрусь Гаёвы для Багны

Святаслаў Анішчук былы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»
Святаслаў Анішчук былы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»© Андрусь Гаёвы
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» уключае найбуйнейшы леса-балотны масіў, які захаваўся ў натуральным і блізкім да прыроднага стану ў цэнтры Палесся, у пойме Прыпяці і міжрэчча яе правых прытокаў Ствігі і Убарці. Сёння плошча нацпарка складае 88 553 га.  Натуральныя і малапарушаныя экасістэмы займаюць 85,8% ад тэрыторыі. Тут размешчаны самыя буйныя ў рэгіёне масівы пойменных дубраў. У нацыянальным парку сустракаюцца ўсе тыпы балот: нізінныя, пераходныя і верхавыя.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» уключае найбуйнейшы леса-балотны масіў, які захаваўся ў натуральным і блізкім да прыроднага стану ў цэнтры Палесся, у пойме Прыпяці і міжрэчча яе правых прытокаў Ствігі і Убарці. Сёння плошча нацпарка складае 88 553 га. Натуральныя і малапарушаныя экасістэмы займаюць 85,8% ад тэрыторыі. Тут размешчаны самыя буйныя ў рэгіёне масівы пойменных дубраў. У нацыянальным парку сустракаюцца ўсе тыпы балот: нізінныя, пераходныя і верхавыя.© Анатоль Дамашкевіч