50 гадоў надзеі. Нацыянальны парк “Прыпяцкі”: ад ідэі да яе ўвасаблення

  • Тэма: ААПТ
  • Аўтар: Грамадская кампанія saveprypjatski.by
  • Час публікацыі: 03.06.2019, 14:39

50 гадоў таму нарадзілася надзея на тое, што ўнікальная палеская прырода каля Прыпяці назаўжды атрымала абарону ад знішчэння ў працэсе развіцця чалавечай тэхнагеннай цывілізацыі. Гэтая надзея ўмацоўвалася, набывала свае абрысы. Але раптам разбілася ад сквапнасць тых, хто прызвычаіўся толькі браць ад прыроды. І цяпер яна зноў цеплецца бліскучым агенчыкам у свядомасці тых, каму не абыякавы лёс прыпяцкай прыроды, тых, хто любіць Беларусь. Гэта былі 50 гадоў надзеі.

У 1969 годзе Прыпяць, Прыпяцкае Палессе, Тураўшчыну наведваў вядомы беларускі пісьменнік, класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У той сваёй паездцы ён выказаў ідэю, што дзівосная палеская рака, унікальныя каляпрыпяцкія лясы і балоты, старажытны Тураў і ягонае наваколле з незлічонай колькасцю археалагічных і гістарычных помнікаў, аўтэнтычныя народныя абрады, якія дагэтуль захоўваюць жыхары вёсак на Тураўшчыне, павінны стаць нацыянальным паркам. Пад словам “нацыянальны” пісьменнік меў на ўвазе скарб усяе беларускае нацыі. Ён быў перакананы, што гэты скарб здольны дадаць свой унёсак у тое, каб беларусы сталі больш заможнымі.

Палескі скарб валяецца ў нас пад нагамі, а нам неахвота нагнуцца і падняць яго. Дзесяткі тысяч людзей, замест Балатона ці Залатых пяскоў, праехаліся б на параходзе па ціхай яшчэ Прыпяці, пазагаралі б, палавілі рыбу, пакачаліся б на цвітучых яе паплавах. І пакінулі б тут грошы, якіх хапіла б на тое, каб аднавіць старыя будынкі, узбагаціць музеі і ператварыць ўсё гэта зноў ў грошы, коштам якіх можна было зрабіць Палессе, — дый не толькі яго, — Эдэмам”, — пісаў Караткевіч у сваім эсэ пасля паездкі.

А паралельна з ім пра захаванне дзіўнай прыпяцкай прыроды дбалі і беларускія навукоўцы ды эколагі. Яны звярталіся ва ўрад, абгрунтоўвалі пільную патрэбу ў тэрміновых захадах для захавання палескай пярліны. Плёнам іхняе працы стала пастанова Савета Міністраў БССР, якой у міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці быў створаны Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Яна датуецца 3 чэрвеня 1969 года і мае нумар 200.

Праз месяц — 1 ліпеня 1969 года, запаведнік арганізавалі загадам у складзе Міністэрства лясной гаспадаркі. У ім была прынятая ашчадная сістэма аховы і гаспадарання. У наваколлі вёсак дазвалялася пасвіць свойскую жывёлу, нарыхтоўваць дровы, сена, грыбы і ягады. А ў зоне абсалютнай запаведнасці не вялося аніякай гаспадаркі. Цалкам было забароненае паляванне і змяненне ландшафтаў, а таксама меліярацыя тэрыторыяў. Дзівосны лясны масіў у Жыткавіцкім, Лельчыцкім і Петрыкаўскім раёнах стаў жыць без антрапагеннага ўціску.

Асабліва каштоўнымі ў гэтых лясах ёсць ўнікальныя дубровы ў пойме Прыпяці. Участкаў такіх поймавых дуброваў усяго некалькі на еўрапейскім кантыненце. Дуброва высокай шчыльнасці штогод на некалькі месяцаў сыходзіць пад ваду. Глыбіня вады ў лесе дасягае 2 метраў. Пасля сканчэння паводкі вада сыходзіць з лясоў. Такі гідрарэжым сфармаваў своеасаблівы свет флоры і фауны ў поймавых дубровах. І яны былі адной з галоўных каштоўнасцяў Прыпяцкага запаведніка. Высечкі там не вяліся, унікальны лес жыў сваім натуральным жыццём. А беларуская навука атрымлівала каштоўныя навуковыя звесткі з некранутага чалавечым уплывам месца.

У рэжыме запаведніка (а гэты статус дае найбольш высокі ўзровень аховы) прыпяцкае ўлонне праіснавала да 1996 года. А потым распараджэннем прэзідэнта А. Лукашэнкі, якое груба парушала дзейнае на той час заканадаўства, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў ператвораны ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Але, на жаль, гэта не сталася ўвасабленнем ідэі Уладзіміра Караткевіча. У парк не ўлучылі гістарычныя і археалагічныя помнікі, туды не трапіў старажытны Тураў, ніхто не збіраўся рабіць з яго палескую турыстычную Меку, як гэта бачылася класіку літаратуры.

Замест гэтага на супрацьлеглым ад запаведнага лесу беразе Прыпяці ў вёсцы Ляскавічы пабудавалі вялічэзны і надзіва пражорлівы цэх па вытворчасці паркету. У суткі яму патрабавалася да 200 кубічных метраў дубовага кругляка. А асноўная сыравіна — на тэрыторыі некалі запаведнага лесу.

Нейкі час гэты лес яшчэ і сапраўды захоўваў статус запаведнага. Так звалася зона Нацыянальнага парка, на якой былі значна абмежаваныя гаспадарчыя работы, і якая засталася ад часоў запаведніка, дзе мела назву зоны абсалютнай запаведнасці. Але год ад году ўсё новыя і новыя кварталы лесу выводзіліся са складу запаведнай зоны.

Не мінуў гэты лёс і ўнікальныя поймавыя дубровы па-над Прыпяццю. Паводле занавання 2012 года Хлупінскі масіў поймавых дуброваў быў цалкам выведзены з запаведнай зоны і абвешчаны зонай рэгулюемага гаспадарчага выкарыстання.

Пад выглядам “аздараўлення” ў дубровах пачалі праводзіць суцэльныя і выбарачныя высечкі. Праз масіў праклалі насыпную жвіравую дарогу, якая цяпер фактычна выконвае ролю дамбы, значна замінаючы свабоднай цыркуляцыі паводкавай вады. Застой вады на лета парушае звыклы для дрэваў гідрарэжым і выклікае новае засыханне. Гэта зноў жа выкарыстоўваецца для абгрунтавання высякання незвычайнага лесу. У былой запаведнай зоне пачалі праводзіць паляванні на капытных жывёлаў. Штучная падтрымка іхняй папуляцыі і змаганне з драпежнікамі парушаюць натуральныя ўзаемасувязі ў экасістэмах.

Менавіта пагроза канчатковага знішчэння, якая навісла над унікальнымі прыпяцкімі дубровамі, прымусіла грамадскіх актывістаў у 2014 годзе стварыць грамадскую ініцыятыву “Выратуем Прыпяцкія дубровы” (з 2018 года яна перайменаваная ў “За будучыню Прыпяцкіх дуброў”). Лес трэба было тэрмінова ратаваць. Выкарыстоўваючы самыя розныя законныя сродкі, прыцягваючы ўвагу грамадства да праблемаў, шукаючы шляхі ўплыву на кіраўніцтва нацыянальнага парка, удзельнікі ініцыятывы крок за крокам адваёўвалі ў гаспадарнікаў права ўнікальнага лесу развівацца без гаспадарчага прэсінгу.

Актывістам ініцыятывы ўдалося спыніць суцэльныя высечкі поймавых дуброваў, узяць пад грамадскі кантроль правядзенне выбарачных высечак. Але дагэтуль жывая надзея на галоўнае. На тое, што прыпяцкія дубровы вернуцца ў запаведную зону, і чалавек з бензапілой і стрэльбай адтуль сыйдзе.

Не гіне ў грамадства і надзея на стварэнне сапраўднага нацыянальнага парка па-над Прыпяццю. Прыкладна такога, якім яго бачыў славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Каб турыстаў, якія едуць на Палессе, вадзілі не на паляванні, не ў няўцямную “сядзібу Дзеда Мароза” і “парк дыназаўраў”, створаныя за вялікія грошы цяперашнім кіраўніцтвам нацпарка “Прыпяцкі”, а ў сапраўды экалагічныя туры, калі чалавек знаходзіцца ў згодзе з прыродай і нібыта ўліваецца ў яе. Сёння такія туры вельмі папулярныя ў Еўропе і, як раз яны і мусяць прыносіць асноўныя прыбыткі такім установам, як нацыянальныя паркі.


3 чэрвеня 2019, Андрусь Гаёвы © saveprypjatski.by, арыгінал: http://saveprypjatski.by/50-gadou-nadzei-natsyyanalny-park-prypyatski-ad-idei-da-yae-uvasablennya/

Уладзімір Караткевіч на Тураўшчыне
Уладзімір Караткевіч на Тураўшчыне© агульны здабытак
Постановление БССР об организации Припятского государственного ландшафтно-гидрологического заповедника, стр. 1
Постановление БССР об организации Припятского государственного ландшафтно-гидрологического заповедника, стр. 1© агульны здабытак
Постановление БССР об организации Припятского государственного ландшафтно-гидрологического заповедника, стр. 2
Постановление БССР об организации Припятского государственного ландшафтно-гидрологического заповедника, стр. 2© агульны здабытак