Забараніць вясновае паляванне на птушак!

Забараніць вясновае паляванне на птушак!

У сакавіку ў Беларусі змянілі правілы палявання. Вясновае паляванне на вадаплаўных птушак падоўжана з 28 дзён да 2 месяцаў. АПБ заклікае ўсіх падпісаць петыцыю супраць вясновага палявання на птушак у Беларусі.

Да сярэдзіны траўня ў нашай краіне на гусей і качак дазволена паляванне. Некаторыя загінуць ад свінцовага шроту, іншыя страцяць партнёраў, трэція не змогуць вывесці птушанят пад гром стрэлаў.

Як вясновае паляванне на птушак б’е па іх папуляцыях?

Па-першае, вясной забіваюць птушак, якія перажылі восень і зіму, вытрымалі доўгі пералёт дадому. Гэта самыя моцныя асобіны! Яны павінны размнажацца. Замест гэтага ў сезон размнажэння, калі яны найбольш уразлівыя, іх знішчаюць паляўнічыя, завабліваючы з дапамогай запісаных галасоў і чучалаў.

Па-другое, амаль усе гусі фармуюць пары на ўсё жыццё, а пары ў качак фармуюцца яшчэ ўвосень. Забітая праз памылку самка качкі і любы партнёр з гусінай пары азначаюць, што гнездавання не адбудзецца і ўвосень папуляцыя не папоўніцца маладымі птушкамі.

Па-трэцяе, як заявіў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі, аргументуючы даданне ў спіс да самцоў 7 відаў качак яшчэ двух відаў: паляўнічым «у палёце даволі складана хутка вызначыць, што за від». Але ў Беларусі зарэгістравана 24 віды качак. Паводле такой логікі, заўтра ў спіс паляўнічых відаў уключаць іх усе. Паляўнічыя сапраўды дрэнна ведаюць птушак і практычна штогод вясной у Беларусі адстрэльваюць белавокіх ныркоў і гусей-піскулек, занесеных у Чырвоную кнігу.

hunters-768x576

Што такое сучаснае паляванне?

Беларускі паляўнічы купляе пуцёўку ў паляўнічую гаспадарку, на вясновы сезон яна можа каштаваць 20-100 рублёў. Замежныя паляўнічыя плацяць за кожнага здабытага самца качкі 10 еўра, за гусь – 20 еўра. Прымаючы бок канечне зацікаўлены, каб замежнікаў было паболей, каб паляванне доўжылася падолей і каб птушак можна было здабываць усімі спосабамі. Па-першае, паляваць цягам сутак цяпер дазволена на гадзіну даўжэй: увечары і ўранку з 18.00 да 12.00. А па-другое, замест 28 каляндарных дзён страляць па птушках дазволілі 28 паляўнічых дзён, гэта значыць практычна ўсе выходныя цягам двух месяцаў.

Што да паляўнічых тураў, якімі карыстаюцца ў асноўным замежнікі, то для іх увогуле няма абмежавання па колькасці дзён палявання. Дарэчы, ім яшчэ спрасцілі правоз боепрыпасаў, а таксама афармленне дакументаў пры куплі паляўнічых тураў у Беларусь.

Правілы палявання не абмяжоўваюць колькасць асобін, якіх можна здабыць увесну за дзень або за выходныя. Паляўнічым дазволена выкарыстоўваць паўаўтаматычныя стрэльбы і электронныя вабікі, забароненыя ў Еўрасаюзе. Відаць, без іх паляўнічым цяжэй давесці сваю перавагу над гусямі.

АПБ просіць усіх падпісаць петыцыю ў Адміністрацыю Прэзідэнта з заклікам увесці пяцігадовую забарону вясновага палявання на вадаплаўных птушак, а таксама забарону на выкарыстанне паўаўтаматычных стрэльбаў і электронных вабікаў.

АПБ

Поделиться:

Оставить комментарий