Валанцерскі летнік у Ельні 2017 — як усё было. Частка другая (Фота)

Валанцерскі летнік у Ельні 2017 — як усё было. Частка другая (Фота)

У першы тыдзень ліпеня грамадская арганізацыя «Багна» сумесна з Эстонскім фондам прыроды правялі прыродаахоўны валанцёрскі летнік на балоце Ельня. Калі вам не ўдалося паўдзельнічаць — прапануем пачытаць і ўбачыць працяг фотагiсторыi як гэта было.

Дзень трэці

Вечарам мы вырашылі, што сення раздзелімся на дзве групы – першая адправіцца на дальнюю плаціну, на якой не вельмі шмат працы, але да якой вельмі далека дабірацца. А другая пойдзе да бліжэйшай плаціны, дзе і будзе працаваць цэлы дзень. Я трапляю ў другую групу.

Раніцай я прачынаюся ад таго, што намет калашмаціць вецер і дождж – здаецца, што мяне зараз знясе ў Канзас. На гадзінніку пяць раніцы. Паўяўляўшы карціны таго, як мы пад праліўным даджом працуем на балоце і парадаваўшыся таму, што зараз я ў цеплым і моцным намеце, я ізноў засынаю.

Наступны раз прачынаюся ў 8 раніцы – у намет ваўсю свеціць сонца. Лета зараз такое – нічога нельга загадваць.

Першая група ўжо выправілася на дальнюю плаціну, а мы снедаем і таксама пачынаем збірацца. Іван прывез высокія боты 41-44-га памераў, таму мы адразу вызначаем хто сення будзе стаяць па калена ў балотнай вадзе.

І вось мы ізноў прабіраемся праз полчышчы камароў, пасля ідзем па насціле з бярвенняў, а потым наўпрост па балоце дабіраемся да дамбы. Дамба пабудавана у рамках праекту ПРААН/ЕС паўтары гады таму, яна зроблена цалкам з торфу, пабаках забіты драўляныя шчыты – крылы. Цягам двух зім плаціну трошкі пачало размываць вадой. Наша мэта – умацаваць спецыяльнымі пластмасавымі балкамі размытыя месцы.

Аляксандр, адзін з кіраўнікоў эстонскай группы, сам робіць некалькі драўляных дубін, каб імі закалачваць балкі ў торф. Рабіць гэта даволі складана, бо па-першае для гэтага трэба знаходзіцца ў вадзе, па-другое загнаць балкі ў торф трэба больш чым на метр, бо першы метр яшчэ прапускае ваду. Праца пачалася.

01 02 03 04 05 06 07 08

Пакуль хлопцы займаюцца плацінай, мы ідзем шукаць сухія дрэвы, каб з іх зрабіць насціл па якому можна будзе пераходзіць з дамбы праз канал. Для гэтага нам патрэбны сухія пасля апошняга пажару, але не трухлявыя сосны. Пры праверцы сасны на трухлявасць Воля, якая прыехала на балота на дзянек, атрымлівае першае раненне шчэпкай у вока. Рана не ўяўляе небяспекі, і Воля не засмучваецца – кажа, што шрамы атрыманыя на балоце толькі ўпрыгожваюць.

09 10 11 12 13

Праз нейкі час да нас вяртаецца стомленая далекай дарогай першая група. Яны ўжо адрамантавалі сваю плаціну і бяруцца дапамагаць нам. Хутка сілы заканчваюцца – трэба ісці абедаць. І тут якраз ізноў пачынае ліць дождж. Мы вырашаем перачакаць яго на дамбе, збіваемся ў кучку і закутваемся ў дажджавікі. Але дзякуючы непастаяннаму надвор’ю, дождж хутка заканчваецца і мы выпраўляемся насустрач ежы.

14 15 16 17 18 19 20 21 22

Пасля абеду мы зноў вяртаемся да працы. Увесь час то пачынаецца, то заканчваецца дождж, але мы не палохаемся надвор’я і плануем сення цалкам закончыць рамонт плаціны. Пакуль уладальнікі высокіх ботаў працягваюць забіваць балкі, астатнія недалёка ад плаціны капаюць торф – ім трэба замацаваць размытыя берагі дамбы. Гэта нялегкая справа – торф мокры і цяжкі, таму мы вышыхтоўваемся ў ланцужок і такім чынам перадаем адзін адному выкапаныя кавалкі торфу.

23 25 26 27 28 29 30 31 32 33

У сем гадзін брудныя, стомленыя, але задаволеныя мы ідзем у лагер. Плаціна умацавана, а нас чакае лазня – самая неабходная зараз рэч. Пасля лазні мы чыстыя і, адпачыўшы, вячэраем і яшчэ доўга сядзім ля вогнішча, п’ем гарбату і смяемся. Па тварах людзей заўважна, што сення быў цудоўны дзень.

34 35

Дзень чацверты

На сення у нас вельмі насычаная праграма: мы павінны зрабіць гнездзішчы для шэрай кугакаўкі, адрамантаваць экасцежку і паставіць аншлагі па краю заказніка. Таму мы зноў дзелімся, на гэты раз на тры групкі. Я і яшчэ чатыры дзяўчыны застаемся ў лагеры рабіць дамы для кугакаўкі.

 

Іван прывозіць нам адзін узор гнездзішча, зроблены арнітолагамі, па якім мы і будзем рабіць астатнія гнезды. У пецярых мы хутка скалочваем дошкі, прамочваем адмысловай фарбай, малюем на іх вуглем розныя малюнкі і пакідаем сохнуць. Ад прамочвання гнездзішчы атрымаліся ружовымі і мы жартуем, што кугакаўкам павінна спадабацца. Заўтра разам з арнітолагам мы пойдзем шукаць дрэвы, якія падыйдуць для гнездзішч і будзем іх вешаць.

36 37 38

Закончыўшы працу мы ідзем дапамагаць нашым паварам гатаваць абед і чакаць, пакуль вернуцца са сваіх прац астатнія. Яны вяртаюцца не хутка, бо дарога ў іх была далекая. Але галоўнае, што сцежка адрамантаваная, а знакі па мяжы заказніка расстаўлены. Сення мы добра папрацавалі.

40 41 42 43 44 45 47 48

Пасля абеду мы збіраемся ехаць на экскурсію ў Браслаў, які тут зусім побач. Але мне нажаль трэба вяртацца ў Менск, хоць астатнія застаюцца тут яшчэ на дзень.

Па прыездзе ў Менск я доўга буду з захапленнем рассказваць які ж гэта цуд – беларуская багна, і абавязкова запланую вярнуцца восенню слухаць жураўлеў.

49 50 51 52 53 54 55

Багна

Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic

Фота: Арцем Тарсевіч, Ülle Saatmäe , Воля Каскевіч

Поделиться:

Оставить комментарий