Валанцёрскі летнік у Ельні 2017 — як усё было. Частка першая (Фота)

Валанцёрскі летнік у Ельні 2017 — як усё было. Частка першая (Фота)

У першы тыдзень ліпеня грамадская арганізацыя «Багна» сумесна з Эстонскім фондам прыроды правялі прыродаахоўны валанцёрскі летнік на балоце Ельня. Калі вам не ўдалося паўдзельнічаць — прапануем пачытаць і ўбачыць як гэта было.

Дзень першы

Наша экспедыцыя на Ельню пачынаецца 2 лiпеня. Увечары частка нашай групы, нагружаная заплечнікамі і намётамі, сядае ў цягнік Менск — Віцебск. Астатнія ўдзельнікі летніка прыедуць на машынах адразу ў лагер. А наш наступны прыпынак — Міёры.

Косця, адзін з арганізатараў летніка, расказвае нам, што калі ехаць па гэтым накірунку цягніком удзень, можна ўбачыць неверагодныя краявіды Віцебскай вобласці. Але мы едзем ўначы і, папіўшы гарбаткі, хутка засынаем.

Прачынаемся мы а 6 раніцы — прыехалі, за вокнамі станцыя Міёры. На вуліцы шэра, зябка, зусім не па-летняму. Пачынае злёгку накрапваць доджд. Я ўжо мару пра гарачы душ і цёплы швэдар, а астатнія адпускаюць жартачкі пра тое, што мы вязем з сабой добрае надвор’е.

На станцыі нас чакае дырэктар заказніка Іван Барок і машыны, на якіх мы паедзем у лагер. Мы знаёмімся, дзелімся на групкі, сядаем у машыны і імчым у вёску Сухавержа. Там і будзе размяшчацца наш лагер. Мы ляніва перагаворваемся і пазяхаем, пакуль яшчэ нічога не ведаючы пра тое, што нас чакае наперадзе.

Дарэчы, Ельня — самае вялікае верхавое балота ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэта гідралагічны заказнік, які мае істотнае значэнне для водаплаваючых і каляводных птушак. Наогул, балоты паглынаюць у 20 разоў больш вуглякіслага газу, чым лес, і яшчэ яны на 90 адсоткаў складаюцца з прэснай вады, таму вельмі важныя для ўсёй воднай сістэмы, як такі натуральны гідравузел. З Ельні выцякае тры ракі і не ўцякае ніводнай (вось такая несправядлівасць). Яе плошча складае 250 квадратных кіламетраў, на ёй знаходзіцца больш за сто азёр і ўсе яны — рэшткі аднаго вялікага возера. Узрост балота каля 9000 гадоў, а вызначаецца ён па таўшчыні слоя торфа, які прырастае на 1 міліметр у год дзякуючы мху сфагнум. У сфагнума шмат карысных скілоў — ён вылечвае раны і з яго нават робяць лекі. У Вялікабрытаніі яго выкарыстоўваюць у пракладках і памперсах, бо ён выдатна ўсмоктвае і распаўсюджвае вільгаць.

Сфагнум — моцны антысептык, таму вада ў балотных азёрах цёмная, але вельмі чыстая. У яго няма каранёў, ніжняя частка проста адмірае і так утвараецца торф. Торф — выдатнае угнаенне, і таму ў 60-я годы балоты асушвалі, з нагоды таго, што на месцы асушаных балот усё будзе добра расці. Але не выгарэла, і цяпер усе намагаюцца вярнуць як было. Што, канешне, складана — багна вельмі адчувальная экасістэма. У апошнія гады на Ельню было адпраўлена шмат экспедыцый, раней валанцёры дапамагалі будаваць плаціны і гнезды, тады яшчэ пры ўдзеле мясцовых жыхароў. Амаль два гады назад пры падтрымцы праекта ЕЗ/ПРААН былі пабудаваны вялікія плаціны на асноўных каналах багны. Дзякуючы гэтаму балота стала адчуваць сябе лепей. І мы таксама тут як раз для таго, каб хаця б крыху дапамагчы Ельні.

Наш лагер знаходзіцца на ўчастку мясцовага егера Віктара. Па прыездзе мы адразу пачынаем касіць траву, каб вызваліць месца для намётаў, і распальваць палявую кухню. Дождж узмацняецца, таму мы стараемся зрабіць усё хутчэй. Нарэшце, намёты стаяць, рэчы выратаваныя ад дажджу, а мы ядзім аўсяначку.

1_resize 2_resize 3_resize 4_resize 5_resize 6_resize

Мы правядзём тут амаль тыдзень і па плане ў нас умацаванне існуючых плацін, рамонт насціла экасцежкі, будаўніцтва штучных гнёздаў і размяшчэнне іх на балоце, прыборка смецця на маршрутах і ўсталёўка аншлагаў.

Сёння ў нас не самы складаны дзень, рамантаваць нічога не будзем, але збіраемся і ідзем на балота, каб ацаніць маштаб працы. Ад нашага лагера да Ельні яшчэ трэба дайсці з кіламетр па лесе, увесь час адмахваючыся ад камароў. Але мы выжываем і нашым вачам адкрываюцца неверагодныя краявіды балота Ельня.

7_resize 11_resize 10_resize

Я апынулася на балоце першы раз у жыцці і не паверыла сваім вачам. 26 год я пражыла з разуменнем таго, што багна — гэта вязкая зялёная жыжа і трасіна, у якой гібнуць людзі. А насамрэч балота — гэта вельмі прыгожа. Гэта асобная экасістэма, сапраўдная лесатундра, навокал імхі і рэдкія сілуэты дрэў. Ельня — верхавое балота, тут няма дрыгвы, таму завязнуць тут вельмі складана, максімум у торфе можна пакінуць боты. Тут вельмі ціха, навокал у 10 кіламетрах зусім няма людзей, але калі прыслухаешся — шмат птушак. Іх тут не пералічыць — чайка шызая і чайка-клыгун, стучок, чубаты нырок, кулён і чыркі. Гэта асобны свет, у якім людзі зусім не патрэбныя.

Мы праходзім па драўляным насціле з бярвенняў і Іван распавядае нам пра мясцовыя расліны. Дарэчы, раслін тут няшмат, але ўсе ўнікальныя, характэрныя для тундры, а ў нас яны засталіся пасля ледавіка, які прайшоў тут 9000 гадоў таму. Напрыклад, тут расце багнік, які сваім пахам можа адурманіць і які квітнее ў траўні — тады Ельня цалкам белая. А яшчэ два тыдні таму Ельня была ўся ружовая ад квітнеючых журавінаў, а восенню яны зробяць багну цалкам чырвонай.

12_resize 13_resize 14_resize

Наш шлях прыводзіць нас да возера Курганістае — аднаго са шматлікіх балотных азераў. Вада ў гэтых азёрах вельмі чыстая і цёплая, бо яны неглыбокія, а на дне сапрапель і торф, якія хутка награюцца. Але не многія з нашай групы рызыкуюць паплаваць — палохаюцца халоднага надвор’я.

15_resize 16_resize

Прагуляўшыся, мы вяртаемся ў лагер, дзе нас чакаюць астатнія ўдзельнікі летніка і вячэра. Увечары да нас далучаецца група валанцёраў з Эстоніі. Усе ўдзельнікі, стомленыя насычаным днём і дарогай, яшчэ крыху сядзяць ля вогнішча, але хутка разыходзяцца па намётах і салодка засынаюць.

19_resize 20_resize

Дзень другі

Мы даволі рана прачынаемся і ідзем снедаць. На кухні робяць магію з круп Алёна і Ксюша з маленькай дачкой Васілісай. На прыродзе апетыт разыгрываецца, і хутка праглынуўшы кашу з гарбатай, мы пачынаем знаёміцца, бо учора усе былі для гэтага занадта стомленыя. Пры знаёмстве аказваецца, што частка нашай групы — сапраўдныя экаактывісты, аматары балот і прафесіяналы. Але большасць — людзі, якія проста вельмі любяць прыроду і прагнуць ёй дапамагчы. Тут і географы і гісторыкі, настаўнікі, журналісты і эка-турысты. Усіх нас аб’ядноўвае адно — прага да падарожжаў і неабыякавасць да прыроды.

21_resize 22_resize 23_resize 24_resize

Пасля знаёмства мы абмяркоўваем план на сённяшні дзень. Наша асноўная мэта — адвезці на балота пластыкавыя балкі якімі будзем умацоўваць плаціны. Навошта нам плаціна? У трыццатыя гады праз усе балота праклалі канал, які злучыў тагачасныя азёры і дзякуючы якому працаваў вадзяны млын. Млына няма ўжо даўно, а канал застаўся, і праз яго з балота кожную секунду выцякае да 200 літраў вады. Узровень вады на балоце значна панізіўся і гэта вельмі небяспечна. З-за таго, што балота падсыхае, на ім адбываюцца пажары, якія вельмі складана тушыць. Плаціны ж дапамагаюць аднавіць гідралагічны рэжым, і з часоў, калі іх пачалі будаваць, узровень вады падняўся, пажараў стала значна меньш, стала больш ягад, а ў сваю чаргу пачалі знікаць бярозкі, зязюлін лён і верас, якія не павінны тут расці.

Разам з Іванам і егерам Віктарам я сядаю ў балатаход — гэта машына з вялізнымі коламі, на якой можна безперашкодна ехаць па балоту, не баючыся увязнуць. Але толькі па спецыяльнай дарозе, каб не пашкодзіць раслінам, мясцовым жывёлам і птушкам. Усё ж такі балота — не самае добрае месца для машын.

25_resize 26_resize 27_resize 28_resize 29_resize

Мы вязем загружаныя у балатаход балкі для плаціны. Калі мы прыязджаем на месца, становіцца зразумела — дажджы размылі дарогу і падмылі дамбу, якую нам трэба ўмацаваць. У мяне нават не атрымалася выйсці з машыны — без высокіх ботаў тут рабіць няма чаго. Таму я проста сяджу і назіраю, як Іван і Віктар выкладываюць балкі, пасля чаго яны адвозяць мяне да сцежкі з бярвенняў, дзе я чакаю нашу групу.

30_resize 31_resize 32_resize 33_resize 34_resize

Разам з ёй мы вяртаемся да дамбы, каб усе маглі ацаніць месца працы і яе маштаб. Сёння мы больш нічога не можам зрабіць, а заўтра Іван паабяцаў прывезці некалькі пар высокіх ботаў, каб мы маглі працаваць. Далей у нас па плане абед на балоце і экскурсія ў інфацэнтр заказніка, а потым на экасцежку.

35_resize 36_resize 37_resize 38_resize 39_resize 40_resize

У інфацэнтры Іван праводзіць для нас экскурсію, расказвае пра Ельню, пра азеры і мясцовых птушак. Тут мы даведваемся, што «кароль» Ельні — шэры журавель, што янотападобныя сабакі — гэта вялікая небяспека для жыхароў багны, а адсутнасць кісларода ў торфе, гумінавая кіслата і пастаянная тэмпература прыводзяць да таго, што чалавек альбо жывёла, затануўшыя ў балоце, застаюцца ў тым жа выглядзе, у якім туды трапілі. Так у Шатландыі ў 80-я годы ў балоце знайшлі рыцара ў даспехах і разам з канём. А ў мінулым годзе ў Ірландыі быў знайдзены дванадцацікілаграмовы кавалак сыру, які праляжаў у балоце паўтары тысячы гадоў і які ўсё яшчэ можна было есці.

Пасля захопліваючых аповесцей Івана мы ідзем піць настой з багніка і іншыў траў з мёдам, а затым выпраўляемся на экасцежку.

41_resize 42_resize 44_resize 45_resize

Экасцежка — асобная нагода для гонару заказніка Ельня, бо гэта адзіная такая сцежка ў Беларусі. Яе будавалі цэлы год і яна ўяўляе сабой 1,5 кіламетры насцілу з дубовых дошак. Дарогу да сцежкі размывае дажджамі, таму апошні кіламетр без гумовых ботаў не пройдзеш (як вы ужо зразумелі, боты — асноўная неабходнасць на балоце).

У пачатку сцежкі ёсць алытанкі і назіральная вышка, а першыя сто метраў абсталяваныя парэнчамі для людзей з інваліднасцю. Сцежка ідзе праз розны стан багны, ад засыхаючай з-за былых пажараў да жывой багны, дзе ўпіраецца ў возера. Паабапал — трава, дробнае кустоўе, невысокія дрэўцы. Таксама ўздоўж сцежкі ёсць інфармацыйныя шыльды пра балотных жыхароў і расліны. Сюды можна прыехаць на экскурсію, і лепш за ўсё ехаць з траўня па кастрычнік. Восенню тут журавіны і жураўлі, якія адпачываюць перад дальнім пералётам у цеплыя краіны, а яшчэ вельмі прыгожае зорнае неба. Безумоўна трэба вярнуцца.

 

47_resize 48_resize 49_resize 50_resize 51_resize

Нагуляўшыся і налюбаваўшыся, мы вяртаемся ў лагер да нашай смачнай ежы і вогнішчу — грэцца і адпачываць. Трэба набрацца сіл, бо заўтра пачнецца сапраўдная складаная праца.

53_resize 54_resize 55_resize

Багна

Фота: Арцём Тарсевіч, Ülle Saatmäe , Воля Каскевіч

Поделиться:

Оставить комментарий