Прыпяць, птушкі і бабло (Фота)

Прыпяць, птушкі і бабло (Фота)

Ёсць верагоднасць, што адна з самых некранутых рэк Еўропы можа татальна памяняцца ў нас на вачах – грошы на гэта ўжо звіняць. Каб высветліць, як справы на Палессі цяпер, 34Mag.net далучыўся да экспедыцыі Багны. Дзе кальцуюць птушак, як выглядае захад сонца з вышыні байдаркі, калі лепей «выгульваць» дрон і хто жыве ў загадкавым Мардзвіне – трохдзённы дайв-рэпорт з птушынага раю на Палессі.

У 2014 годзе пачалася праца па аднаўленні (ты не паверыш!) шляху «з варагаў у грэкі». Без лішняга пафасу шлях завецца Е-40 і вельмі аддалена нагадвае тую самую рачную трасу, па якой рускія купцы ганялі ў Царград, каб затарыцца вінішкам і абразамі. Запусціўшы Е-40, транспартнікі мараць ізноў разаслаць чырвоную дарожку ад Балтыйскага да Чорнага мора. Чарговае пасяджэнне беларуска-польскай рабочай групы па пытаннях аднаўлення міжнароднай воднай магістралі прызначана на чэрвень.

01

Па дарозе да раю

Красавік, 17-е, +1°C. Ля галерэі «Ў» я і экаактывісты з «Багны» чакаем Лену. Яе беламу Nissan X-Trail давядзецца намотваць на колы дарогі Палесся там, дзе наўрад ці пройдуць «пузацёркі». Лена прыхапіла з сабою тхароў — Мальту і Клёпу. Косця кажа, што яны пахнуць дзіцячымі фарбамі. Мне здаецца, яны пахнуць так, быццам ужо памерлі.

Жвава рухаемся па трасе Р-23. За вокнамі пралятаюць шумаахоўныя агароджы з празрыстымі ўстаўкамі – на іх намаляваныя птушкі. Місія сённяшняга дня – дабрацца да Турава, дзе знаходзіцца найстарэйшая ў Беларусі станцыя кальцавання птушак.

«Місія сённяшняга дня – дабрацца да Турава»

Па дарозе зарульваем у Салігорск і дзеля цікаўнасці спрабуем падабрацца бліжэй да тэрыконаў. З будкі ля шлагбаума матэрыялізуецца жанчына – далей рухацца нельга. «Фатаграфаваць таксама нельга – мяне тут для гэтага і паставілі». Што ж, не перашкаджаем чалавеку пры выкананні.

Салігорск, дарэчы, стаіць на рацэ Случ, правым прытоку Прыпяці.

02 03

Водную магістраль Е-40 даўжынёй 2000 кіламетраў утвараюць рэкі Вісла, Заходні Буг, Прыпяць і Днепр. Яны працякаюць (на выпадак, калі ты бязбожна прагульваў(-ла) геаграфію) праз Польшчу, Беларусь і Украіну. Пакуль дабрацца «ў грэкі» па Е-40 немагчыма. Каб запусціць баржу тон на 900 ад Гданьска да Херсона, прыйдзецца аднавіць водны ўчастак ад Варшавы да Брэста і «праапгрэйдзіць» дзеючыя адрэзкі магістралі. Згодна з папярэднім планам, пад грунтоўны «апгрэйд» трапляе амаль не кранутая дагэтуль чалавекам Прыпяць: рэканструкцыя дзеючых шлюзаў, пабудова гідравузлоў, выпрамляльныя работы… У эколагаў шмат пытанняў.

Птушыная хатка

Дом стаіць проста ля вады, яго лёгка пазнаць па брамцы з выявай зуйка вялікага. Гэтая дробная, але не пазбаўленая шарму птушка – маскот станцыі кальцавання «Тураў».

Калі чуеш «станцыя кальцавання птушак», уяўляеш сабе што заўгодна, толькі не звычайную вясковую хатку. Але менавіта ў такім доме асвоіліся беларускія арнітолагі-энтузіясты, каб весці ўлік птушак на Тураўскім лузе. Улетку станцыя адзначыць 18-годдзе.

У дамку на ўсю моц кіпіць праца. Мы ва ўсе вочы (і камеры) назіраем, як паслухмяна пераносіць працэдуры замераў, кальцавання і забора крыві птушка турухтан у руках Наталіі, вядучай навуковай супрацоўніцы лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН. Наталія кажа нам, што турухтан – маўклівая птушка. Вось табе і Philomachus pugnax – «ваяўнічы аматар бітваў»… Але характар дэманстраваць яшчэ не час: хутка самцы апрануцца ў шлюбны ўбор і ад усёй шчырай душы папантуюцца перад самачкамі. Кажуць, шчасліўчыку, які выявіць двух аднолькавых турухтанаў, брытанцы насыплюць шалёных бабак (піпл, гоў па біноклі!).

«Птушкам тут курорт пяць зорак са шведскім сталом»

05
06
07

Зімой «нашы» турухтаны тусуюцца ў Афрыцы, а ўлетку гняздуюцца пераважна на поўначы Расіі, у Скандынавіі, на Брытанскіх выспах. У Беларусі птушка часцей за ўсё транзітам, але гэта вельмі важны для яе прыпынак: на Тураўскім лузе турухтаны нагульваюць тлушч, каб паспяхова фінішаваць ва ўлюбёнай тундры. Калі Прыпяць выходзіць з берагоў, птушкам тут курорт пяць зорак са шведскім сталом: на заліўных лугах ежы – хоць трэсні.

08 09 10 11

Стваральнікі Е-40 абяцаюць да чатырох мільёнаў тон грузу ў год, працоўныя месцы, канкурэнцыю марскім курортам, памяншэнне выкідаў СО2, эканамічны ўздым і інтэрнацыянальную дружбу – моцную, як кот Леапольд прапісаў. Журналісты дзяржаўных выданняў сінхронна падаставалі са слоўнікавых запасаў усё магчымае па тэгу «аптымізм», ну а выгада праекта па аднаўленні Е-40 аказалася для іх «відавочная» яшчэ да таго, як у спецыялістаў саспела тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне.

12 13
Тураўскі луг

Мяне і Волю бяруць паглядзець на тое, як расстаўляюць сеткі. Як на заказ, над Прыпяццю ў гэтую самую гадзіну заходзіць сонца, і мы можам назіраць гэты звычайны цуд з вышыні байдаркі, акружаныя з усіх бакоў шырачэннай ракой. Дзесьці глыбока ўнутры я пускаю слязу захаплення. Над вадой уздымаюцца птушыныя зграі.

Пойма Прыпяці важная для многіх птушак: вялікага грыцука, дупеля, куліка-сарокі, марадункі, шылахвосці, ужо згаданага намі красуна-зуйка ды іншых (google it!). Гэта для іх не прыпыначны пункт на шляху дадому, а ўласна дом. «Тутэйшыя» птушачкі, палескія!

Увагу да важнасці поймы Прыпяці прыцягвае грамадская арганiзацыя Ахова птушак Бацькаўшчыны, якая штогод ладзiць ў Тураве фестываль кулікоў. АПБ ўзяла з 2007 года ў арэнду гэтую тэрыторыю да 2017 года, і збіраецца працягваць рабiць гэта далей. Гэта дае гарантыі, што на тых землях не пабудуюць завод і ня натвораць iншых глупстваў.

«Рака пракорміць, рака абароніць, рака сілы дасць»

Калі мы, чалавечкі, можам па пару тыдняў на год падсмажваць сваю тушку ў Таі, а потым вяртацца да цудоўнага віду на ЦЭЦ з акна панэлькі на Алтайскай, то птушкі не рабы пашпартоў, жывуць яны па-іншаму і чуйна рэагуюць на змены навакольнага асяроддзя. Вось наляглі на сельскую гаспадарку ў Нідэрландах – і ўсё менш у галандцаў стала адзначацца турухтанаў-мігрантаў. Затое на Тураўскім лузе гэтыя птушкі асядаюць ахвотна, таму што пакуль ім тут вельмі хораша: рака пракорміць, рака абароніць, рака сілы дасць. Некаторыя асобіны нават гняздуюцца ў Беларусі, пакуль іх сабраты востраць крылы на Якуцію.

14 16 17 18

18 красавіка ў Пінску спусцілі на ваду першы беларускі круізны цеплаход «Белая Русь». Судна асвяцілі і разбілі аб борт бутэльку ігрыстага. Падарожжа даўжынёй у 8 дзён і 7 начэй па сістэме all inclusive абыдзецца мінімум у 350 даляраў, за такія радасці жыцця, як Wi-Fi і імпартны алкаголь, папросяць даплаціць звыш. Працягласць круізу – 523 кіламетра. У праграме – барбекю на беразе Прыпяці, купанне, рыбалка, лазня, экскурсіі. Палова квіткоў на гэты сезон ужо прададзеная. Турысты пераважна з Расіі.

19 20 21 22 23 24 25 26 27
Кібаргі на балоце

4:20, -6°C. Збіраемся фотапаляваць на ўзыходзячае сонца. Дзве пары шкарпэтак з аленямі, зімовы абутак, джынсы, два ваўняныя швэдры, анарак на флісе, парка з пухнатым капюшонам – на мне ўсё, што ўзяла з сабой. Апранаю сонцаахоўныя акуляры – і Маша кажа, што цяпер я выліты канадзец-абарыген.

Пад Азяранамі да нас далучаюцца Лёша і Каця. У іх ёсць дрон. Самі яны таксама нічога.

Навакольныя вёскі яшчэ ў павольнай фазе сну, таму спевы птушак гучаць круцей за Гендэля, калі ў філармоніі ніхто не кашляе. Сонца вытварае нешта неверагоднае з дрэвамі, якія растуць быццам з вады, і прыхопленай інеем травой. Каб ухапіць хоць бы каліва гэтага хараства, у нас на сем чалавек дастаткова гаджэтаў: смартфоны, фота-, відэакамеры, дыктафоны і нават дрон. Мама, мы ўсе цяжка хворыя. Здаецца, мы ўсе трошкі кібаргі.

«Калі людзі кажуць пра тое, што ў жыцці трэба паспрабаваць усё, яны чамусьці маюць на ўвазе парашкі і анальны сэкс»

28 29

Дарога тут і там заліта вадою. Nissan – добрая тачка.

Калі людзі кажуць пра тое, што ў жыцці трэба паспрабаваць усё, яны чамусьці маюць на ўвазе парашкі і анальны сэкс. Паспрабаваць пачуць раку – гэта як быццам бы занадта лайт. Так здаецца да таго моманту, пакуль не апынаешся з ракою сам-насам. Вось тады ты хочаш усё і адразу: айпод, 3G, цыгарэту. Табе складана. Ты занадта прывык да ўзмацняльнікаў смаку.

На экалагічным форуме, які папярэднічаў заключнай канферэнцыі праекта «Аднаўленне магістральнага воднага шляху E-40 на ўчастку Днепр–Вісла» ў Любліне, супрацоўніца Марскога інстытута ў Гданьску заявіла: «Прырода сапраўды гэтак жа важная, як эканоміка. Вада павінна разглядацца як сродак эканомікі. Але ў гэтым ланцужку чалавек павінен быць самым важным, а прырода – служыць чалавеку».

31 32
Мардзвіны

Цікава пагутарыць з мясцовымі жыхарамі – трымаем курс на вёску Мардзвін на мяжы з нацыянальным паркам «Прыпяцкі». Рускі варыянт назвы – Мордвин – інтрыгуе, ды і знаходзіцца вёска in the middle of nowhere. З пункту гледжання спадарожніка, Прыпяць на гэтым участку выглядае нібы накід да сцэнару ў жанры фэнтэзі. У Вікіпедыі Мардзвіну прысвечаны артыкул, даўжэйшы за артыкулы пра некаторыя гарады: «па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як вёска Мардзвінава Трокскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага».

Жыхары Мардзвіна аказваюцца гасціннымі і прыязнымі, а непрыступнасць вёскі – ілюзорнай: у момант нашага прыбыцця насельніцтва высыпае на вуліцы – рандэву з аўталаўкай ніхто не правароніць. Ні пра якія Е-40 тут не ў курсах: «Лепш заходзьце на каву ды паесці!» Палешукі гасцям рады, але галоўны ньюсмэйкер тут заўжды рака: наколькі разлілася сёлета ды колькі рыбы дасць.

«Прыпяць на гэтым участку выглядае нібы накід да сцэнару ў жанры фэнтэзі»

33 34 35

Нацыянальны парк «Прыпяцкі» сардэчна запрашае: «Добрый день уважаемые охотники. Наша организация предлагает красивые и знаменитые земли в Южной Белоруссии. Не важно, хотите ли Вы добыть большие трофеи самца-лося или оленя, или дикого кабана, или Вас обрадует меткий выстрел по бекасу — прекрасно и профессионально управляемые угодья, которые принадлежат нам, удовлетворят любые желания охотников» (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).

36

Барацьба двух «э»

Дома, каля печы ды за кубачкам падбадзёрлівага пуэра, разважаем пра долю фатографаў/відэографаў. Лёша кажа, што аднойчы загадаў сустракаць усе заходы і світанкі. Ну і вось – атрымайце-распішыцеся: стаў відэографам, прачынайся на досвітку, каб злавіць самыя файныя кадры. Іронія, вядома, жартоўная, бо што можа быць лепш за світанне?

Гарадскія жыхары Лёша і Каця пераехалі ў бабулін дом, летась вырасцілі першы ўраджай, удасканальваюць новы побыт і атрымліваюць кайф ад стану, калі поркацца па хаце цікавей, чым гартаць Фэйсбук. Прапаную тэг #саджаюцьнетолькібабулі.

«Сёлета Тураўскі луг – рэкардсмен па колькасці турухтанаў»

Час высоўвацца на станцыю. Пакуль частка яе супрацоўнікаў накіроўваецца ў цемру збіраць «улоў» – птушак для кальцавання, – мы гутарым з астатнімі пра ўнікальнае месца, у якім знаходзімся, пра вечную барацьбу двух «э» – эканомікі і экалогіі – ды пра птушак (пра іх тут могуць распавядаць гадзінамі і не прытаміцца).

Сёлета Тураўскі луг – рэкардсмен па колькасці турухтанаў за 20 год назірання. За адзін дзень іх налічылі ажно 120 000! На слушнае пытанне: «Як можна палічыць птушак, калі яны на месцы не сядзяць?» – вось табе арніталагічны жарт: «Вельмі проста: лічыш крылы і дзеліш на два!» Але факт застаецца фактам: менавіта на Прыпяці сёлета назіраецца самая буйная міграцыйная «навала» турухтанаў на пралёце, прычым не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе.

Пасля засушлівых гадоў Прыпяць ізноў паказала сябе ва ўсёй сваёй сіле. Бёрдвотчару тут – асалода.

37 38 39 40

11 сакавіка ў Беларусі адкрылася веснавое паляванне на вадаплаўных птушак, і ўжо двойчы супрацоўнікі Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету фіксавалі парушэнні падчас правядзення палявання для замежных турыстаў у нацыянальным парку «Прыпяцкі». Гомельскі зялёны партал піша: «Паляўнічыя з Італіі на возеры Чырвонае і грамадзянін Расіі на тэрыторыі Перароўскага лясніцтва застрэлілі свіязей – качак, паляваць на якіх увесну нельга».

41 42 43 44 45 46 47 48

Very Important Birds

Тураўскі луг мае статус Тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднага значэння (Important Bird Areas). Калі ты бачыш знак IBA, значыцца, ты знаходзішся ў месцы тусоўкі вялікай колькасці птушак. Птушкі тут могуць карміцца, кахацца, выседжваць яйкі – увогуле займацца стандартнымі птушынымі справамі, а ты ім тут, уяві сабе, не патрэбны(-ая) зусім – ад слова «нахран». І калі дзесьці побач надрываецца ад крыку птушка, гэта не азначае, што яна шэрыць з табой гуллівы настрой або з глузду пакрысе з’язджае. Гэта азначае, што ты раскідаў(-ла) манаткі побач з яе гняздом і нясенне рызыкуе загінуць ад холаду.

Давай ужо дзяліць гэтую планету па-сумленнаму. Турухтан бачыў возера Чад, а не проста чытаў пра яго ў Гумілёва.

Піпл вяртаецца з птушкамі, час позні, і размова паступова сыходзіць на нуль. «Ідэальна, калі ўсё развіваецца натуральным чынам. Раней у вёсцы магло і па 1000 кароў быць. Людзі пасвілі жывёлу, лавілі рыбу…» – «У нацпарках, па-добраму, трэ экасцежкі рабіць. І сачыць, каб па іх на матацыклах не ганялі ці яшчэ чаго не тварылі…» – «Лепш наогул усё зачыніць і замініраваць. Ну а што? Пінгвіны на Фалклэндскіх выспах няблага сябе адчуваюць…»

«Турухтан бачыў возера Чад, а не проста чытаў пра яго ў Гумілёва»

49 50 51 53 52 54 55 56 57

34Маg.net

Фота Вольга Каскевіч

Поделиться:

Оставить комментарий