Ігар Бышнёў: «Прыроду не трэба ратаваць. Ратаваць трэба нас!»

Ігар Бышнёў: «Прыроду не трэба ратаваць. Ратаваць трэба нас!»

«Я думала, у эколагаў жыццё больш спакойнае», — прызнаюся я, нарэшце «ўпаляваўшы» свайго суразмоўцу ў Мінску. У верасні — экспедыцыя на Курылы, потым — міжнародная канферэнцыя па капытных у Расонах, пасля — здымкі ў Азербайджане… А 14 кастрычніка яшчэ і ўнук нарадзіўся!

На дзядулю Ігар Іванавіч Бышнёў не выглядае. Падцягнуты, хударлявы, амаль без сівізны. Хаця хто сказаў, што дзядулі павінны быць падобныя да Санта-Клаўсаў? Можа, свету акурат і не хапае адважных дзядуляў-вандроўнікаў а-ля Індыяна Джонс? Беларусі дык дакладна.

«Я не скажу, што яно неспакойнае ў мяне, — крыху падумаўшы, адказвае «за жыццё» Ігар Іванавіч. — Я займаюся любімай справай, а гэта вялікая раскоша!»

Ігар Бышнёў — беларускі рэжысёр-дакументаліст, сцэнарыст, аператар, кандыдат біялагічных навук. Скончыў біяфак БДУ, пасля чаго 14 гадоў працаваў у Бярэзінскім біясферным запаведніку. Быў адным з першых штатных супрацоўнікаў АПБ.

«Я думаў, за сваё жыццё паспрабую ўсё. Але, як толькі пачалося сур’ёзнае кіно, я зразумеў, што ні на што іншае проста не хапае часу. Навукоўцаў я вельмі паважаю, але з мяне нармальны навуковец не атрымаўся», — прызнаецца Ігар Іванавіч.

Дакументальнае кіно на экалагічную тэматыку ён пачаў здымаць з канца 1990-х, а паўтара года таму заснаваў уласную кінастудыю AVES. Гэта да яе звяртаюцца Discovery і National Geоgraphic, калі ім патрэбныя прафесійныя кадры з Беларусі. Гэта яе запрашаюць здымаць для нацыянальных паркаў і запаведнікаў у самых розных кутках былога СССР. Гэта ёй належыць фантастычнай прыгажосці 9-хвілінны ролік Wildlife Belarus-2015 і шмат-шмат іншых фільмаў, прасякнутых любоўю да ўсяго жывога і да нашай зямлі.

 

Ігар Бышнёў — аўтар папулярнай тэлеперадачы «Мільён пытанняў пра прыроду», што выходзіць на тэлеканале «Мір» вось ужо больш за 10 гадоў. На «Беларусь 3» мы бачым яго штодня ў праграме «Дабраранак». Ігар Іванавіч — «Найлепшы аператар» 2006 года па версіі «Тэлевяршыні», лаўрэат спецыяльнай прэзідэнцкай прэміі ў галіне кіно і тэлебачання за 2003 і 2006 гады. А атрыманых AVES узнагародаў на разнастайных міжнародных конкурсах проста не злічыць…

Зрэшты, знаёмства з героем майго матэрыялу ўпэўніла мяне, што ён не будзе ў захапленні ад шматслоўнага перабору сваіх рэгалій. Запомнілася яго фраза: «Зашмат словаў навокал». Можа, таму на інтэрнэт-пляцоўках кінастудыі AVES тэкстаў бадай няма, затое ёсць неймаверныя фота і відэа, якія раскажуць пра ўсё лепш за любыя словы.

Мы пагутарылі з Ігарам Іванавічам пра кінастудыю, сям’ю, лес і горад, пра тое, як на дроне заляцець у 5-тысячную чараду фламінга… Ну і пра «Ахову птушак Бацькаўшчыны», безумоўна.

«Птушкi і Мы»: Ігар Іванавіч, у АПБ вы з моманту заснавання, былі адным з нешматлікіх першых штатных супрацоўнікаў. Чаму ў свой час прыйшлі туды? Што за гэтыя амаль два дзясяткі гадоў змянілася — да лепшага і да горшага, у арганізацыі і па-за ёй?

Ігар Бышнёў: Мяне вельмі цешыць, што я маю нейкае дачыненне да АПБ. Але, баюся, мае суджэнні шмат у чым будуць павярхоўнымі на сённяшні момант… АПБ «майго» перыяду — гэта АПБ перыяду рамантызму. І час быў рамантычны, і стаўленне. Офіс быў табе і дом, і сям’я, людзі там суткамі праседжвалі… Цяпер АПБ значна больш прафесійная: канкрэтная, разнастайная. Рамантызму, канешне, паменела, стасункі больш строгія, правільныя. Але я думаю, усё развіваецца натуральным чынам. Арганізацыя — як жывы арганізм, які перажывае пэўныя стадыі.

byshnev-03_resize

«ПіМ»: Сёлета вы сталі сябрам Цэнтральнага савета АПБ. Ці дазволіў новы статус рэалізаваць нейкія новыя ідэі, праекты?

І.Б.: Я вырашыў паўдзельнічаць у працы Савета пасля даволі працяглага перапынку. Хочацца чымсьці дапамагчы, штосьці зрабіць.Варта было б паздымаць нейкія мерапрыемствы АПБ, людзей АПБ. Але такія рэчы трэба рабіць добра, а на «добра» не хапіла часу. Акрамя роліка пра «птушку года» — гогаля, «прад’явіць» пакуль няма чаго.

Між тым назапашана багата відэаматэрыялаў, якія могуць спрацаваць на імідж арганізацыі. Да таго ж у нас шмат прафесійных фатографаў і таленавітых фотааматараў, якія могуць здымаць і фота, і відэа. Ва ўсіх фотаапаратах цяпер ёсць функцыя відэа. А ёсць мы, якія можам гэта ўсё прафесійна апрацаваць і падаць належным чынам шырокай публіцы — і на тэлеканале «Мір», і праз БТ.

Думаю, АПБ магла б стаць платформай для такога партнёрства.Я бачу гэты «ланцужок», проста дзесьці ў ім не хапае звёнаў. Але мы яго «счэпім» даволі хутка, спадзяюся.

«ПіМ»: Якія, на вашу думку, праблемы ў галіне аховы прыроды Беларусі сёння стаяць найбольш востра?

І.Б.: Прафесійныя суджэнні — справа прафесіяналаў. Я не прафесіянал у гэтай галіне. Але з досведу ўласнага жыцця і дачыненняў з людзьмі, чыноўнікамі, з назірання заіншымі краінамі я прыйшоў да пэўных высноваў.

Я сказаў бы, што зніжаецца прафесіяналізм вырашэння праблем. Кар’ерны рост у структурах, якія вызначаюць прыродаахоўную палітыку, часта адбываецца за кошт знаёмстваў, а не за кошт прафесійных якасцяў. Гэта, мабыць, бяда нашага грамадства, і яна праяўляецца ў прыродаахоўнай сферы гэтак жа, як і ў іншых.

А між тым трэба цаніць прафесіяналаў са сваім поглядам на праблему. Трэба да яго прыслухоўвацца і браць даўвагі, ні ў якім разе не падаўляючы. Прафесіянал заўсёды «нязручны». Але як толькі мы навучымся цаніць гэтую шчырасць, тады і праблемы будуць вырашацца хутчэй.

byshnev-04_resize

«ПіМ»: Вы часта ездзіце на здымкі ў іншыя краіны, бываеце ў мясцовых запаведніках і нацыянальных парках… Што з гэтага досведу можна і варта было б пераняць Беларусі?

І.Б.: Вось літаральна нядаўна вярнуліся з Курыльскага запаведніка.Сапраўдны край зямлі! Восем дзён перад гэтым сядзелі на Сахаліне, каб вылецець, бо надвор’е было жудаснае. Сустрэлі там жанчыну, якая з Алтая ехала на Сахалін да мужа, ды так і не паспела дабрацца, бо адпачынак скончыўся — сем дзён непагадзі.

Але ж мы прыязджаем туды — і бачым абсалютна нармальнае жыццё запаведніка. У тым самым сэнсе, з-за якога я калісьці пайшоў працаваць у гэтую сферу. Мне і сапраўды падаецца, што сістэма запаведнасці ў СССР была адной з найлепшых і грунтавалася на трох кітах — ахова, вывучэнне, асвета. У нас з гэтага ўсё пачыналася, але пасля пайшло кудысьці ўбок. Не ў той бок, на жаль.

І ў гэтым запаведніку на Курылах жыццё віруе: прыязджаюць аднекуль студэнты, вывучаюць нейкія вулканічныя пароды… І гэта ўсё не паказуха! І гэтаму запаведніку ніхто не ставіць задачу — маўляў, зарабіце сабе грошай на развядзенні страусаў.Гэта зборны вобраз таго, як у нас людзей прымушаюць пілаваць лес, збіраць журавіны, развіваць экатурызм.

Зямлю забіраюць з гаспадарчага абароту дзеля таго, каб пакінуць для нашчадкаў некранутай. Якія тут страусы? Калі ёсць магчымасць — калі ласка!Але гэта не павінна быць задачай нумар адзін толькі з-за таго, што дае нейкія хуткія грошы, фінансавую аддачу. Яна будзе. Але толькі калі гэта ўсё захаваць.

byshnev-06_resize

«ПіМ»: Ці верыце вы, што прыроду наогул можна выратаваць? Калі б у вас была магчымасць выступіць на саміце ААН з 50 словамі — што гэта былі б за словы?

І.Б.: Мне падаецца, слова ў сучасным свеце крыху страціла сваю значнасць і вагу. Зашмат словаў навокал. І ўсё больш хочацца слухаць тых, хто з’яўляецца для цябе абсалютным аўтарытэтам.

Я нічога не казаў бы, а проста паказаў пэўныя кадры. Я іх знайшоў бы. Сабраў бы лепшае, што можа паўздзейнічаць без усякіх словаў. Можа, гэта былі б кадры, дзе зубрыца плача над сваім мёртвым зубраняткам. Альбо калі бусел прыносіць ваду ў дзюбе, каб напаіць сваё птушаня. Можна знайсці кранальныя кадры і з павуком, і з мышкай — не мае значэння. Але, паглядзеўшы іх, кожны нармальны чалавек павінен задумацца, як сябе паводзіць з прыродай і ў прыродзе і якія прымаць законы.

Чалавек можа і павінен змяняць нешта. Як мінімум у сабе, у сваіх блізкіх, родных, знаёмых. І гэта натуральным чынам паўплывае на тое, як будзе ставіцца да нас прырода.

Гэты Салярыс не трэба ратаваць. Ратаваць трэба нас! Чарнобыль паказаў, што прырода без чалавека аднаўляецца імгненна. Ну хіба што толькі мы ўзарвём нашу планету… Мы ў асноўным перашкаджаем. Варта толькі кудысьці адысці — і тут будзе аазіс. Але ж і мы павінны таксама жыць! Таму трэба вучыцца неяк гарманізаваць нашы стасункі з прыродай.

«ПіМ»: Прырода ў вашых фільмах у асноўным выступае як абсалютнае дабро. А ці не сутыкаліся вы ў сваёй працы з яе агрэсіўнымі, небяспечнымі праявамі? 

І.Б.: Дзікія жывёлы абсалютна прадказальныя. Галоўнае — не пераходзіць пэўнага парогу дазволенага, пра які яны цябе не раз папярэдзяць: маўляў, далей не трэба… Я па маладосці вельмі назаляў жывёлам, ганяўся за імі, за хвасты цягаў. Усё было цікава, на мяжы дазволенага. Але максімальнае пакаранне, што я атрымліваў, — гэта хіба што слабенькі ўкус. Хаця заслугоўваў значна большага.

 

Бываюць, канешне, адхіленні і ў жывёлаў, але з людзьмі гэта несупастаўляльна. Горад — страшная рэч у параўнанні з лесам.

Пры жаданні заўсёды можна зрабіць які-небудзь шакуючы фільм, але гэта не маё. Я раблю тое, што люблю. І лічу, што прыгажосць выратуе свет.

«ПіМ»: Вы знялі сотні фота- і відэасюжэтаў пра дзікую прыроду і ў Беларусі, і за мяжой. Якія яшчэ месцы ці з’явы хацелася б зняць?

І.Б.: Злавіў сябе на думцы, што, каб зняць нешта, трэба не ў экспедыцыю прыязджаць, а пажыць. Пажыць з гэтым месцам, з гэтымі людзьмі, з гэтай прыродай, жывёламі. Сёння ёсць такія тэрыторыі, якія мы паслядоўна здымаем і дзе жывём.

Але адназначна мне хочацца здымаць тэрыторыю былога СССР. Колькі я ні задумваўся пра розную трапічную экзотыку — ну нічога ўва мне не варушыцца. А вось Азербайджан, Курыльскія астравы, Беларусь — тут я адчуваю сябе камфортна. Мабыць, таму, што ўсё гэта — кавалачкі радзімы, на якой я вырас. А з улікам таго, што былы СССР — вялізная тэрыторыя, цяжка сказаць, куды яшчэ лёс закіне.

byshnev-05_resize

«ПіМ»: «Фішка» вашай студыі — здымкі пры дапамозе дронаў. Ці здараліся нейкія адметныя выпадкі, звязаныя з iх выкарыстаннем?

І.Б.: Мы стараемся трымаць еўрапейскі ўзровень, пры гэтым спрабуючы, як і кожны беларус, думаць пра суадносіны якасці і кошту. Канешне, існуюць «касмічныя» тэхналогіі па гэткім жа «касмічным» кошце, якія для нас проста нерэальныя. Таму мы знаходзім нейкія бюджэтныя варыянты, якія дазваляюць здымаць не горш.

Дроны — гэта вельмі здорава! Гэта прыгожа і эфектна, і мы пачалі працаваць з імі яшчэ да таго, як яны ўвайшлі ў моду. Безумоўна, дрон можа дабрацца туды, дзе нават верталёты не лётаюць. Але мы імкнёмся здымаць не проста «тапаграфічную карту», але найперш стан прыроды і жывёлаў.

 

У анімалістыцы, у тым ліку і ў працы з дронамі, веданне біялогіі важнейшае за веданне тэхналогіі. Працуючы з жывёламі, ты ўсё адно іх непакоіш. Іншая рэч — у якой ступені і наколькі гэта пагражае іх здароўю.

Мой старэйшы сын мэтанакіравана засвойвае тэхналогіі здымак з дрона. Гэтай вясной яму ўдалося на досвітку на Каспійскім моры заляцець у 5-тысячную чараду фламінга. Я здымаў з зямлі звычайным тэлеаб’ектывам, а Мікіта «паляцеў». Фламінга — птушкі разумныя, стаяць далёка ў моры, метраўза 600 ад берага. Я бачу, што паводзяць яны сябе абсалютна спакойна. А праз пэўны час гляджу — Мікіта ўжо ідзе назад. «Што, не атрымалася?» — пытаюся.«Ды не, наадварот, усё класна…» Я калі паглядзеў фільм, толькі тады ўцяміў, чаму фламінга так спакойна на наш дрон рэагавалі. Там жа,наКаспіі,на зімоўках пастаянна лётаюць драпежныя птушкі прыкладна такога ж памеру. Ад кожнай хавацца — здароўя не хопіць.

Так што знялі мы класна. Кепска толькі, што пасля гэтага Мікіта проста перастаў здымаць усё астатняе: «Ну што ты мне кажаш тут пра 20 лебедзяў? Навошта гэта? У нас вунь пяць тысяч фламінга былі».

byshnev-08_resize

«ПіМ»: Яшчэ адна адметнасць вашай студыі — сямейная праца. Калі над фільмам працуюць блізкія і родныя — гэта перавага ці ёсць і недахопы?

І. Б.:Гэта асобная тэма. Старэйшы сын — Мікіта — тэхнар, акуратыст, вельмі адказны. Скончыў біяфак БДУ, адвучыўся, паступіў у магістратуру, пасля ў аспірантуру. Вельмі добрае месца працы было ў Інстытуце генетыкі, перспектыўная спецыяльнасць, грошы зарабляў. З’ездзіў разок са мной у Азербайджан — і ўсё кінуў. Сказаў: «Тата, я буду з табой».

З малодшым яшчэ круцей. Ілля таксама пайшоў у БДУ, адвучыўся больш за год і кінуў. Паступіў ў Гродзенскі ўніверсітэт на завочнае, ізноў нешта не пайшло. Знайшоў вялікае каханне, пачаў жыць сваім жыццём у Мінску. Пратрымаўся года паўтара і таксама прыйшоў да мяне. Я сказаў: «Будзеш вучыцца — будзеш працаваць. Не будзеш вучыцца — звольню!» Цяпер ён паступіў у Акадэмію мастацтваў на аператарскі факультэт і атрымлівае там «дзясяткі».

Вось пасля такой сур’ёзнай «замовы» паўтара года таму давялося арганізоўваць уласную кінастудыю (смяецца).

Кожны з нас рэалізуе пэўныя задачы. Сыны абодва аператары. А жонка Наталля ў мяне кампазітар, яна піша музыку да нашых фільмаў. Вельмі важна, каб гукарад ствараўся паралельна з мантажом — кожная доля секунды мае значэнне. Дарэчы, менавіта Наталля — дырэктар кінастудыі, а я — мастацкі кіраўнік.

Я вельмі ганаруся, што мы працуем сям’ёй. Калі мы ўпершыню прыехалі ў Азербайджан учацвярох, там ўспрынялі гэта так: «А, ну ясна: Ігар Іванавіч — на працу, а астатнія — на курорт…» Пакуль не пераканаліся, што ў нас усе працуюць на поўную. І вось пасля гэтага нас сталі ледзь не ў прыклад прыводзіць.У Азербайджане, з яго культам сям’і! Гэтага дарагога каштуе…

byshnev-09_resize

Мы — строгія бацькі. І добрыя, і строгія. З намі добра і цікава, мы часта вандруем. Але нейкія рэчы я кажу вельмі жорстка. Што тычыцца самаразвіцця, стаўлення да жанчын, сям’і…

З чужымі людзьмі, канешне, прасцей — ім загадаў, яны выканалі. Асабліва калі з прафесіяналамі працуеш. З дзецьмі складаней, але ж і значна цікавей. Я капрызны і патрабавальны. Я стараюся прымусіць людзей працаваць так, як бачу я.

«ПіМ»: Але ж і сыны могуць запярэчыць…

І. Б.: Канешне, але ж я мацнейшы(смяецца)! Насамрэч я настойваю, толькі калі на 100 % упэўнены, што маю рацыю. Калі ты кіраўнік, ты заўсёды павінен сумнявацца, бо ў цябе больш магчымасцяў пакрыўдзіць. Негатовасць прызнаць свае памылкі — гэта комплекс няспелага начальніка.

Гэтая хвароба пачаткоўца — «я сам» — паступова адыходзіць убок. Я з задавальненнем назіраю, як працуюць маладыя, і цешуся, што здолеў стварыць вартую даверу каманду. Вось здымалі мы для Discovery жывёл у Белавежскай пушчы. Прыехалі, за некалькі хвілін расставілі свае 5–6 камер, падключылі ўсю апаратуру — і знялі сюжэт, за які пасля не сорамна. Спадзяюся, тая ступень прафесіяналізму, якой мы дасягнулі, дазволіць нам усё больш і больш займацца чыстай творчасцю.

Па матэрыялах часопісу «Птушкі і Мы» 

Фота — архіў І.Бышнёва. 

Поделиться:

Оставить комментарий