Беларусь журавінавая

Беларусь журавінавая

Журавіны – адны з самых карысных ягад, якія растуць на Беларусі. Яны багатыя на калій, жалеза, арганічныя кіслоты і антыаксіданты. Адной з якасцяў журавінаў з’яўляецца актывізацыя дзейнасці антыбіётыкаў у некалькі разоў. Ягады маюць бактэрыцыднцыя і супрацьмікробныя якасці.

Ягадная медыцына

Спажыванне ягад паляпшае апетыт і спрыяе вылечванню ад гастрытаў. Журавіны маюць мачагоннае бактэрыцыднае дзеянне. Яны ўтрымліваюць шмат антыаксідантаў, што спрыяе прафілактыцы анкалагічных захворванняў. Журавінавы сок зніжае ўзровень халестэрыну ў крыві. Таксама гэтыя балотныя ягады – своеасаблівы прыродны аналаг аспірына. Яны ўтрымліваюць шмат вітаміна С. Калі на англійскіх караблях як антыцынготны сродак спажывалі лайм і лімоны, то на амерыканскіх караблях раздавалі журавіны.

На Палессі яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя журавіны ўжывалі як сродак ад угару. Такія атручванні былі досыць шырокараспаўсюджанымі ў вёсцы ў эпоху печкі і коміна. Атручаным угарным газам укладалі ў вушы ягады. Верагодна, холад ад ягад дзейнічаў пэўным чынам на рэцэптары і дапамагаў прывесці ў пачуццё небаракаў.

Ягадная кулінарыя

Есці журавіны можна ў сырым, замарожаным, мачоным ці сушоным выглядзе. Гатуюць сокі, морсы, жэле, варэнні, кісялі, кактэйлі, квас. Ягаду дадаюць у салаты, пірагі і іншыя стравы.

Хаця трэба сказаць, што ў народнай кулінарыі ў даўніну журавіны былі не дужа папулярнымі. Гэта зараз рэзкая кіслінка ягад прыемна спалучаецца з цукрам ці салодкімі дабаўкамі. А раней цукар быў вельмі дарагім, таму салодкія ягады цаніліся больш. Журавінам жа даставалася роля гэтакай Папялушкі расліннага свету, карыснай, але “непрывабнай” ягады. З іншага боку, у адрозненні ад каліны, якая не такая кіслая, журавіны могуць вельмі доўга захоўвацца. Гэта вельмі высока цанілася ў эпоху да “Атлантаў” і “Індэзітаў” на нашых кухнях.

Лацінская назва журавінаў паходзіць ад грэчаскіх словаў “oxis” – востры, кіслы і “coccus” – шаравідны. То-бок літаральна журавіна – гэта “кіслы шарык». На англійскай мове журавіны таксама, як і ў беларускай, атрымалі назву па падобнасці на журавоў, таму і  – “cran” – жораў, “berry” – ягады: “журавінавыя ягады”.

125275_4741f0f2

Запаведнікі для журавінаў

Для Беларусі журавіны – тавар стратэгічны. Але актыўная меліярацыя, увядзенне ў сельскагаспадарчы абарот значнай колькасці зямель, актыўная здабыча торфа як асноўнага сродку развіцця цеплавой прамысловасці ў БССР прывялі да скарачэння колькасці балот, а з гэтым і скарачэння запасаў журавінаў. Біёлагі прапанавалі неадкладна прыняць захады па захаванні і ахове прыродных месцаў вырастання журавінаў.

Разумеючы карыснасць журавінаў, іх значнасць у медыцынскай, харчовай сферах, захаванні біяразнастайнасці. 16 жніўня 1979 года Савет Міністраў БССР прыняў Пастанову № 252 “Аб стварэнні дзяржаўных заказнікаў на тарфяных радовішчах і азёрах рэспублікі”.

У адпаведнасці з ёй у краіне было ўтворана 20 заказнікаў-журавіннікаў рэспубліканскага значэння для аховы журавінаў. На іх тэрыторыі забаранялася правядзенне гідрамеліяратыўных работ, распрацоўка тарфяных радовішчаў, скід сцёчных водаў і побытавых адходаў. Увядзенне запаведнага статуса не паўплывала на магчымасці збору ягад. Збіраць іх для асабістага карыстання можна было, як і раней, ва ўсталяваны органамі лясной гаспадаркі тэрмін, пачынаючы з верасня.

Ніжэй прапануем табліцу, складзеную на аснове аналізу пастаноў Савета Міністраў розных часоў, артыкулаў у даведачнай літаратуры, дакументаў абласных і раённых інспекцый па ахове навакольнага асяроддзя краіны, прыродаахоўных арганізацый. У ёй прыведзеныя найбольш поўныя звесткі пра заказнікі, ўтвораныя ў краіне менавіта для захавання журавіннікаў.

Заказнікі-журавіннікі Беларусі   

№№ Назва заказніка Плошча, га Раён Балоты, на якіх утвораны заказнік
Брэсцкая вобласць
1 “Елаўскі” 963 Ганцавіцкі Елаўскае, Коча
2 “Борскі” 2805 Ганцавіцкі, Лунінецкі Пусташ, Дабралукскае
Віцебская вобласць
3 “Забалоцце” 1957 Браслаўскі
4 “Запольскі” 794 Віцебскі верхавое балота каля в. Заполле
5 “Мошна” 399 Віцебскі Мошна
6 “Чысцік” 300 Віцебскі Жукаўскае
7 “Лонна” 443 Полацкі Лонна
8 “Фаміно” 640 Расонскі Васільеўскае
9 “Юхавіцкі” 2089 Расонскі балота каля в. Юхавічы
10 “Вялікае Балота” 650 Расонскі Вялікае балота
Гомельская вобласць
11 “Букчанскі” 4915 Лельчыцкі Тамілаўскае
12 “Бабінец” 850 Акцябрскі Парослішча
13 “Чыркавіцкі” 463 Светлагорскі Непраходнае, Далёкае
Гродзенская вобласць
14 “Дубатоўскае” 720 Смаргонскі Дубатоўка
Мінская вобласць
15 “Чарнеўскі” 1000 Барысаўскі Маленькі Машок,Навасельскі Мох, Крывы Мох
16 “Дзянісавіцкі” 1300 Крупскі Ражкі, Калінаўка
17 “Капыш” 1038 Пухавіцкі
18 “Мацэвіцкае” 1754 Пухавіцкі
19 “Амельянаўскі” 1784 Пухавіцкі балота Парэцкі Мох
20 “Фаліцкі Мох” 1700 Старадарожскі

Усяго пад ахову дзяржавы было ўзята 26560 гектараў балатоў. Найбольшую колькасць журавіннікаў стварылі на Віцебшчыне – 8. На Міншчыне – 6, Гомельшчыне – 3, Брэстчыне – 2. У Гродзенскай вобласці ўтвораны толькі адзін, а ў Магілёўскай ніводнага. Прычыны такой нераўнамернасці ў асаблівасцях рэльефу.

Самы буйны на Беларусі заказнік-журавіннік “Букчанскі” быў утвораны ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, ён меў плошчу 4915 гектараў і ахоўваў балота Тамілаўскае. У гэтай жа вобласці быў і самы маленькі заказнік – “Чыркавіцкі” у Светлагорскім раёне.

Не ўсе заказнікі дайшлі да нашага часу. Юхавіцкі і Вялікае Балота на Віцебшчыне перасталі існаваць у сувязі з уключэннем іх у склад ландшафтнага заказніка “Красны Бор” у Расонскім раёне ў 1997 годзе. З 2007 года больш не існуюць заказнікі “Забалоцце” Браслаўскага і “Фаміно” Расонскага раёнаў. Аднак пра “Забалоцце” непакоіцца няма чаго, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”.

Справа захавання журавінаў жыве і сёння. У 2007 годзе былі пашыраныя заказнікі “Дубатоўскі” (Смаргонскі раён), “Капыш” (Пухавіцкі раён), “Фаліцкі Мох” (Старадарожскі раён).

Дзе жывуць журавіны і хто жыве ў журавінніках?

Заказнікі-журавіннікі як правіла размяшчаюцца на верхавых балотах, якія маюць значныя мінеральныя ўчасткі. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з вялікім пашырэннем журавінаў. Што гэта значыць? Вялікія абсягі тэрыторыі, пакрытыя сфагнумам, хмызнякамі багуна, дурніц, брусніцаў, чэзлымі хвойкамі, елачкамі, бярозкамі, якія, маючы вялікі ўзрост, не вырастаюць вышэй за метр. Але найбольш тут расце, натуральна, журавінаў. Акрамя журавінаў звычайных, на тэрыторыі некаторых заказнікаў вырастаюць журавіны дробнаплодныя (Oxycoccus microcarpus), якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Зрэдку сустракаецца марошка прыземістая  (Rubus chamaemous)

moroshka2

На мінеральных участках пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы чарнічнага і кіслічнага тыпаў.

Зрэдку сустракаюцца доўгамошныя беразнякі, імшыстыя і вераскавыя хвойнікі. На поўдні краіны, у Брэсцкай вобласці, сустракаюцца арляковыя і чарнічныя дубравы.

Ягады і насякомыя, што вядуцца на балотах – кармавая база для розных відаў птушак. Таму тут іх заўсёды багата  гняздуецца ў гэтых абшарах. Асабліва птушак шмат увесну і ўвосень, у час міграцыі, калі яны ляцяць на поўнач ці ў вырай. На балотах птушкі спыняюцца падсілкавацца.

На тэрыторыі заказнікаў часта гняздуюцца занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь рэдкія віды птушак: сокал-кабец, малы падворлік, варакушка, арол-маркут, дзербнік, шэры саракуш, шэры журавель, вялікі ўліт, белая курапатка, балотная сава, доўгахвостая кугакаўка, арол-вужаед, салаўіны свярчок і іншыя віды. Журавіннікі вабяць не толькі птушак. Напрыклад, на Віцебшчыне ў іх можна сустрэць бурага мядзведзя.

Белая Куропатка. Фото - М. Иванов

Белая Куропатка. Фото — М. Иванов

Журавіннікі і глабалізацыя

Што чакае журавіннікі? Ці апраўданае існаванне заказнікаў-журавіннікаў у сістэме ахоўных тэрыторый краіны? У апошні час на Беларусі пачынаюць стварацца фермы па прамысловым вырошчванні журавінаў. Але на іх высаджваюць не мясцовыя, а паўночнаамерыканскія журавіны, якія іншыя на выгляд і смак. Ягады збіраюць механізаваным спосабам, таму яны павінныя быць спажытыя ці замарожаныя на працягу некалькіх дзён. На экспарт адпраўляюцца толькі ягады, сабраныя ўручную.

Журавінавыя фермы – праява глабалізацыйных працэсаў у свеце. Танней і хутчэй вырабіць, даражэй прадаць. Такая сітуацыя стварае небяспеку – ці не знікнуць праз нейкі час з нашай фаўны мясцовыя журавіны?

Для прадухілення такога страшнага сцэнара, да беларускай журавіны і яе ўнікальных уласцівасцяў варта прыцягваць больш увагі. Трэба з улікам антрапагеннай нагрузкі займацца арганізацыяй інфраструктуры для прыцягнення ў заказнікі турыстаў, рабіць аглядныя вышкі дзеля назірання за жывёламі і птушкамі, экасцяжыны, дапоўніць прастору інфармацыйнымі знакамі, стэндамі, аншлагамі з цікавымі фактамі пра балота, яго жывёльны і раслінны свет. Падвышэнне ўзроўню экалагічнай культуры людзей сёння дасць эканамічны эфект заўтра.

Багна

Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic

Поделиться:

Оставить комментарий