Балота ў беларускай мове, міфалогіі і мастацкіх тэкстах

Балота ў беларускай мове, міфалогіі і мастацкіх тэкстах

Вядома, што кожная мова назапашвае ў сябе гістарычны вопыт нацыі, яго характар, дакладна адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць. А што родная мова беларусаў «расказвае» пра балота?

Чым больш шырока для таго ці іншага народа характэрныя  пэўныя рэаліі, паняцці, тым больш назваў ужываеццца для іх абазначэння. Напрыклад, у кітайцаў шмат найменняў для абазначэння рысу, у фінаў — снегу, у англічан — дажджу, у нарвежцаў — ветру, у беларусаў — балота. І гэта зразумела. На тэрыторыі  нашай краіны навукоўцы налічваюць ад 9 да 11,5 тысяч  балот.

«Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» падае тры значэнні слова «балота»:

1. Нізкае багністае месца са стаячай вадой.

2. (размоўнае) Вялікая гразь на вуліцы, у двары.

3. (пераноснае) Усё, што характарызуецца застоем, бяздзейнасцю, маральным падзеннем.

Паходжанне

Слова «балота» балта-славянскае. Ва ўсходнеславянскіх мовах яно гучыць поўнагалосна, у іншых як «блато», «балто». Падобны корань сустракаецца ва ўсіх старажытных і сучасных балта-славянскіх мовах. Згодна з этымалагічным слоўнікам Фасмера, слова мае славянскае паходжанне і роднаснае да літоўскага báltas (белы).

Даволі «папулярнае» балота ў беларускай фразеалогіі. Напрыклад, у прыказках і прымаўках:

Жыве кулік, дзе прывык, і кожны роднае балота хваліць.

Жаба квокча, сваё балота хваліць.

Было б балота, а чэрці знойдуцца.

Балота без чорта не будзе.

Шлёп у балота, а людзі скажуць: п’яны быў, у балота лёг.

Дрыжыць, як дрыгва.

«Балотная» тапаніміка

Балота прысутнічае ў назвах беларускіх гарадоў, мястэчак, вёсак як відавочна (вёскі Белае балота, Балоціна, Балотнікі і іншыя), так і зашыфравана (напрыклад, назва абласнога цэнтра Віцебск паходзіць ад назвы ракі Віцьба, якая ў сваю чаргу мае старажытны корань «віць» — топкае месца, балота). На тэрыторыі Беларусі амаль 60 вёсак Забалоцце, 8 Забалаццяў. Ёсць дзесяткі Багнаў, Беламошшаў, Замошшаў, Балатовічаў, Балотцаў і іншых.

Шмат назваў населеных пунктаў маюць «балотнае» паходжанне, але пра гэтае значэнне ўжо забыліся. Напрыклад, назва вёскі Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна паходзіць ад слова «гала» — глыбокае, амаль без расліннасці вакно ў балоце, якое не замярзае.

Шмат што забылася, а шмат гідронімаў мае фіна-ўгорскае і балцкае паходжанне. Напрыклад, паходжанне вёскі Ваўкалата ў Докшыцкім раёне тлумачаць тым, што там жылі ваўкалакі. Насамрэч паходжанне назвы балцкае, ад словаў «воке» і «латэ» — рэчка з нізкімі і топкімі берагамі. Але для славянаў было прасцей вымаўляць так, яны і адаптавалі скажоную назву. Адсюль і з’явілася на Докшыччыне вёска «ведзьмакоў».

Для старажытных людзей, якія вельмі залежалі ад прыроды, веды пра кожную з яе праяваў былі жыццёва важнымі. Ад гэтага залежаў дабрабыт і нават жыццё. У сваіх назвах яны адзначалі і адлюстроўвалі самыя розныя асаблівасці геаграфічных аб’ектаў. Тое, што мы цяпер называем «балотам», для старажытнага чалавека магло мець дзесяткі адметнасцяў і адценняў.

Вось некаторыя словы, якія адлюстроўваюць розныя катэгорыі паняцця «балота»: алёс, багна, багніва,  бездань, валога, віць, гала, дрыгва, зыб, імшарына, мох, мраіва, нетра, павіцце, твань, слата, іржа і іншыя.

У беларускай літаратуры

Найбольш знакаміты твор — гэта раман «Людзі на балоце» Івана Мележа, які апісвае жыццё палескай вёскі Курані, акружанай балотам («Людзі жылі на востраве…»). Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» прысвечана знакамітаму беларускаму партызану Дзеду Талашу. Асноўнае дзеянне «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча праходзіла ў Балотных Ялінах. У балоце закончыў свой жыццёвы шлях, ратуючыся ад пераследнікаў, Хведар Роўба, галоўны герой аповесці «Аблава» Васіля Быкава. Аўтар закончыў твор радкамі: «Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы». У Быкава ёсць таксама аповесць пад назвай «Балота».

Для абазначэння балота беларускія пісьменнікі выбіралі розныя словы: багнішча – рус. «огромная топь»: …забіваюць на багнішчах балесную вольху (У. Караткевіч. Вужыная каралева); балаціна – рус. «болотистое место, небольшое болото»: Бондар пайшоў на ўскраек балаціны (І. Навуменка. Сасна пры дарозе); імшара  — рус. «моховое болото»: каго спытаць? Журавоў на імшарыне? (Р. Барадулін. Удакладненні); узболатак – рус. «край болота»: Ужо ідучы ўзболаткам, Васіль адчуў з сяла сабачы брэх: брахалі Карчовы вартавыя (І. Мележ. Людзі на балоце). Як бачым з прыведзеных радкоў, такія словы складана перакладаць адным тэрмінам — яны безэквівалентныя, не маюць у іншых мовах аднаслоўных адпаведнікаў. Гэта перліны нашай мовы, тое, што робіць яе адметнай ад іншых моваў свету.

У міфалогіі

Многія культуры атаясамляюць балота з дрэнным, нячыстым месцам. Беларусь у гэтым сэнсе мала чым адрозніваецца. Наша балота насяляюць шматлікія міфічныя істоты: Змяіны Цар, Чорт, Вадзянік, Вадзяніцы. Існуюць і спецыфічна «балотныя» істота Аржавень, які жыве ў аржавеннях — багністых мясцінах, пакрытых іржою. Аржавень спакайнешы за сваіх братоў Багніка і Балотніка, апошні — найбольш пачварная істота. Уяўляецца страшэнным таўстуном без вачэй, аблепленым тоўстым слоем гразі, які заманьвае ў балота сваіх ахвяр і засмоктвае на дно. Пра Баламуценя расказваюць хутчэй з хітраватай гарэзлівасцю, чым са страхам: вельмі любіць жанчын, але ніколі не забірае іх назаўсёды. Пасля сустрэчы з гэтым нячысцікам яны набываюць здольнасць не тануць.

3-%d0%b1%d0%b0%d0%bb%d0%be%d1%82%d0%b0-%d1%9e-%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d1%80%d1%83%d1%81%d0%ba%d0%b0%d0%b9-%d0%bc%d0%be%d0%b2%d0%b5-04-%d0%b6%d0%b0%d0%bb%d0%b5%d0%b7%d0%bd%d1%8b-%d1%87%d0%b0%d0%bb

Жалезны чалавек

3-%d0%b1%d0%b0%d0%bb%d0%be%d1%82%d0%b0-%d1%9e-%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d1%80%d1%83%d1%81%d0%ba%d0%b0%d0%b9-%d0%bc%d0%be%d0%b2%d0%b5-04-%d0%b0%d1%80%d0%b6%d0%b0%d0%b2%d0%b5%d0%bd%d1%8c

Аржавень

Багнік

Балотнік

Нашыя балоты багатыя не толькі на ягады, грыбы і птушак, але і на балотную жалезную руду. Калі людзі навучыліся здабываць з балотнай руды жалеза, з якога можна зрабіць больш надзейныя прылады працы, хатнія рэчы, зброю, яно заслужана набыло пашану ў чалавека. Тады і папоўніўся пантэон паганскіх багоў і асілкаў яшчэ адным героем — міфічным волатам, ахоўнікам беларускіх балотаў і лясоў— Жалезным Чалавекам. Гэты вобраз прысутнічае як у беларускіх казках («Цар Васіль», «Дух у блакітным святле»), так і ў казках суседніх народаў.

Такім чынам, балота добра «ўкаранілася» у беларускай мове, паколькі беларуская тая дакладна адлюстроўвае нашае жыццё. Зрэшты, і мова, і балота — нашыя нацыянальныя скарбы.

Багна

Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic

 

Выкарыстаная літаратура

1. Беларуская мова: спецыяльная лексіка : вучэб.-метад. дапам. / В. У. Азарка, А. С, Васілеўская, М. М. Круталевіч. – 3-е выд., пера-прац. – Мінск : БДПУ, 2007. – 207 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Склад. Ф. Янкоўскі; Прадм. Д.Я. Бугаёва. – Мінск : Бел. навука, 2004. – 494 с.

3. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974, стр. 52-53

4. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы : больш за 65 000 слоў / Пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко; афармленне А.М. Хількевіча. – 4-е выд. – Мінск : БелЭН, 2005. – 784 с.

5. Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэдкал. : Г.П. Пашкоў [і інш.] / маст. В.П. Слаук. – Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі. 2008. – 216 с.

6. Фасмер М. Этимологический словарь русского языка : в 4 т.   – Москва: Прогресс. – 1971. – 827 с.

Поделиться:

Оставить комментарий