«Прыдзвінне» — заказнік, у якім можна згубіцца ў часе

«Прыдзвінне» — заказнік, у якім можна згубіцца ў часе

Ёсць у наваколлях Віцебска батанічны заказнік “Прыдзвінне”. Тут пад аховай пойменная дубрава, але наведванне яе будзе цікавым не толькі аматарам прыроды, але і ўсім тым, хто верыць у незвычайныя з’явы, напрыклад у тое, што тут людзі губляюцца ў часе. Не верыце? Прыязджайце, спраўдзім. 

Заказнік знаходзіцца ў  15 кіламетрах на захад ад Віцебска ў пойме ракі Шэвінка. Ён створаны ў 1985 годзе для аховы пойменнай дубровы, якая з’яўляецца каштоўным насаджэннем дрэў і рэдкіх раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Заказнік складаецца з дзвюх частак. Адна — пойма ракі Шэвінкі ад выпадзення з возера Шэвінскае да ўпадзення ў Дзвіну, дзе вырастаюць дубы, што ўзятыя пад ахову. Другая частка — гэта прылягаючы да поймы ракі лес.

Найбольш прывабны маршрут наведвання заказніка такі: даязджаеце да станцыі Лётцы, ідзеце па дарозе да вёскі Лукі, а потым крочыце па лясной дарозе ад вусця рэчкі ўздоўж Шэвінкі. Цяпер яна амаль не выкарыстоўваюцца, паціху зарастае і часам становіцца сцяжынай. Але прагулка па прыпойменых лугах, на якіх стаяць векавыя дубы, вартая таго. Некаторыя дрэвы стаяць так блізка да ракі, што галіны звешваюцца над вадой.

Дубрава найбольш верагодна была пасаджаная яшчэ ў пазамінулым стагоддзі мясцовым памешчыкам Свянціцкім. Прадстаўнікі гэтага даўняга шляхецкага роду не толькі рупна займаліся сельскай гаспадаркай, але дбалі і аб лясных ўгоддзях. Некалькі дзесяткаў дубоў найбольш верагодна былі пасаджаныя па загадзе аднаго з шляхцічаў у пойме рэчкі і павінны былі стаць своеасаблівым заказнікам, бо дубы не ўласцівы Віцебшчыне. Тут пануе таёжны тып расліннасці з перавагай елкі і хвоі. Але дубы заўжды шанаваліся і ахоўваліся. Не прайшло якіх 150 гадоў, як пажаданні Свянціцкага спраўдзіліся.

Дарэчы, пры будаўніцтве ўчастка Полацк — Віцебск Рыга-Арлоўскай чыгункі, Свянціцкі задарма аддаў частку сваіх зямель, па якіх павінна былі праходзіць чыгунка, хаця рынкавы кошт іх быў вельмі вялікі. Адзінай умовай памешчыка была тое,каб будаўнікі назвалі станцыю ці, як цяпер кажуць, прыпыначны пункт у гонар маёмасніка. Так і назвалі — “Платформа Свянціцкага”. Цяпер гэта станцыя Лётцы.

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

З ахоўных відаў у заказніку растуць боцікі шарсцістагубыя, асака Дэвела, ятрышнік шлеманосны і мужчынскі, пярэсна еўрапейская, познацвет асенні, тайнік яйкападобны, асака павіслая, шалфей лугавы. Сустракаецца касач сібірскі, фіялка персікалістая, шпажнік чарапіцавы, пальчатакарэннік балтыйскі і мясачырвоны, першацвет высокі, венерын чаравік сапраўдны. На тэрыторыі заказніка рэгулярна гняздуюцца рэдкія віды птушак: пустальга, малы пагоніч, дамавы і махнаногі сыч, зімародак звычайны.

Цікавыя і вартыя аховы ўчасткі расліннасці і аб’екты, якія на жаль не ўваходзяць у склад заказніка, сустракаюцца паблізу вёсак Шэвіна, Дарагакупава, Лётцы, Малыя Лётцы, Старое Сяло. Напрыклад, валун,  вялікі клён і крыніца каля вёскі Дарагакупава, якая цяпер называецца Прыдзвінне.

daragakupava

Адразу каля чыгункі знаходзіцца аздараўленчы лагер “Магістраль”. У пары дзесятках метраў ад дарогі, што вядзе да вёскі Лукі знаходзіцца так званае “Цуда-дрэва”. Гэта вялізная елка, якая мае некалькі макушак і так незвычайна перакручаныя галіны, што робіць яе выгляд вельмі незвычайным і загадкавым. Дзеці шчыра вераць, што дрэва выконвае жаданні. Адсюль і такая назва магчымага помніка прыроды, які варта ўтварыць узяўшы елку пад ахову.

cuda-dreva

“Прыдзвінне” вядомае не толькі ў аматараў прыроды, але і ў шукальнікаў паранармальных з’яваў. Кажуць, што некаторыя людзі, якія праходзілі каля Шэвінкі,  губляліся ў часе! Ім здавалася, што прайшло толькі некалькі гадзін, а насамрэч людзей не было некалькі дзён. Можна падумаць, што тыя, хто згубіўся ў часе, злоўжываюць алкаголем, але распавядаюць пра жанчыну, якая збірала грыбы ў лесе дзень, а калі вярнулася дадому, аказалася, што яе не было некалькі дзён.

Легенды, у якіх людзі губляюцца ў часе, ёсць у шэрагу народаў і культураў. Варта прыгадаць вавілонскае паданне пра Хоні Ха-Меагель, які спаў 70 гадоў,  грэка Эпэменіда, які спаў 57 гадоў. У хрысціянскім Паданні і Каране ёсць гісторыі пра праведнікаў, якія ратаваліся ад язычканіў і праспалі сотні гадоў. Ёсць таія гісторыі ў Германіі і Кітаі.

У аснове навэлы Вашынгтона Ірвінга — гісторыя пра галандскага пасяленца Рып ван Вінклі, які жыў каля Нью-Ёрка. На пачатку 1760-х гадоў ён пайшоў на паляванне, але нічога не ўпаляваў, стаміўся, лёг адпачыць і праспаў 20 гадоў.

Ёсць і іншыя падобныя месцы ў бліжніх наваколлях. “Губляюцца” там людзі, праўда не на дзесяткі гадоў, а толькі на некалькі дзён. На той жа рэчцы дзеці, якія прыбеглі ўлетку купацца, ўбачылі жанчыну, апранутую ў белае адзенне, якая плыла стоячы на чоўне.  Яна спытала іх аб нечым (ніхто пазней не памятаў аб чым) і паплыла далей. А дзеці пабеглі дадому. Аказалася, што размова, якая доўжылася некалькі хвілінаў, заняла цэлы дзень.

Выпадак загубленнасці  “у часе і прасторы” зафіксаваны ў мастацкай літаратуры. Вядома, што ў аснове сюжэта паэмы “Тарас на Парнасе” ляжыць выпадак, калі палясоўшчык Тарас ўцякаючы ад мядзведзя зваліўся з гары і трапіў у іншае вымярэнне, дзе адбываюцца падзеі паэмы. Сучасныя даследчыкі лакалізавалі месца дзеяння паэмы — гэта наваколлі вёскі Пуцявішча, якая знаходзілася ў прыкладна 4 км ад “Прыдзвіння”. Супадзенне? Хто ведае?

Багна

Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic

Поделиться:

Оставить комментарий