Віцебскае мора. Неажыццяўлённы праект самага вялікага вадасховішча ў краіне

Віцебскае мора. Неажыццяўлённы праект самага вялікага вадасховішча ў краіне

У 1960-я – 1970-я гг. у СССР ажыццяўлiлася грандыёзныя праекты. На Дняпры, Волзе ствараліся агромныя вадасховішчы, дзе пад ваду ішлі гарады і цэлыя раёны. Гігантаманія захапіла і БССР. На Дзвіне павінна было ўтварыцца Віцебскае мора – самае вялікае вадасховішча ў краіне і адно з самых вялікіх у СССР. Калі б праект рэалізавалі, то пад ваду мусілі пайсці гарады Сураж і Усвяты.

Будаўнічыя праекты

Планы па ўзвядзенні ГЭС на Дзвіне і стварэннi «Віцебскага мора» былі распрацаваныя ў 1950-я гады. У выніку яе будаўніцтва каля вёскi Лушчыха Віцебскага раёна павінна было паўстаць самае вялікае вадасховішча ў краіне і адно з самых вялікіх у СССР. Праектная плошча вадасховішча складала 800 км², гэта тэрыторыя амаль трох сучасных Мінскаў. Шырыня сягала 10 км. Пад затапленне шлі значныя плошчы Віцебскай, Смаленскай і Вялікалуцкай абласцей.

У зону затаплення траплялі гарады Сураж і Усвяты. Разглядаліся праекты іх пераносу ў іншыя месцы. Спецыялістамі Віцебскага філіяла Белдзяжпраект быў распрацаваны праект стварэння новага Суража (гал. інжынер Віктар Паўлавіч Чарнышоў).

На працягу чатырох гадоў будаўніцтва трэба было вынуць і перамясціць 6 млн. м³ грунта, укласці больш 150 тыс. м³ бетону і жалезабетону, зманціраваць некалькі тысяч тон металаканструкцый і пад’ёмных механізмаў, гідрамеханічнае і электрычнае абсталяванне. А яшчэ пабудаваць высокавольныя лініі электраперадач, будаўнічыя і эксплуатацыйныя пасёлкі, пад’язную чыгуначную ветку, аўтадарогу.

Навошта гэта напланавалі?

Асноўная задача будаўніцтва Віцебскай ГЭС – атрыманне таннай электраэнэргіі. Улічваючы, што на 1950-я гады асноўны від паліва на электрастанцыях быў торф, то праца Віцебскай ГЭС давала эканомію ў 2 тысячы тон торфу штосуткi. Сабекошт адной кілават гадзіны ў параўнанні з цеплавой павінны быў знізіцца ў 4–5 разоў.

Вадасховішча забяспечыла б лепшую працу гідраэлектрастанцый Рыжскага каскада ў Латвіі (Кегумскай і праектуемай Плявіньскай). Ствараліся перадумовы для развіцця воднага траспарту, паляпшаліся ўмовы лесасплаву, рыбнай гаспадаркі. На мелкаводных участках вадасховішча планавалася заняцца развядзеннем высокаспажыўнага корму для жывёл – вадзянога рысу. Замест калгасаў, якія займаліся вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі і жывёлагадоўляй, думалі стварыць рыбалоўныя арцелі.

Новы шлях з «варагаў у грэкі»

 Па шэрагу прычын будаўніцтва Віцебскага мора не адбылося. Але да праекта вярнуліся ў 1970-1980-я гады ў сувязі з праектаваннем глыбокаводнай транспартнай сістэмы р. Днепр–Дзвіна–Волга, так бы мовіць, новага варыянта шляху з «варагаў у грэкі».

Інстытутам «Белгіправодгас» па замове Міністэрства воднай гаспадаркі СССР была распрацавана «Схема комплекснага выкарыстання і аховы водных і зямельных рэсурсаў басейна ракі Заходняя Дзвіна». Інстытут «Гідрапраект» імя С.Я. Жука распрацаваў некалькі варыянтаў стварэння каскада ГЭС на Заходняй Дзвіне з мэтай павышэння ўзроўню вады і атрымання электрычнасці. Асаблівая ўвага надавалася менавіта Віцебскаму вадасховішчу і стварэнні Віцебскага гідравузла.

Былі распрацаваныя два варыянта стварэння вадасховішча: аднаплацінны і двухплацінны.

У аднаплацінным вузел плаваналася збудаваць каля в. Лушчыха. Плошча вадасховішча павінна была быць 49.5 тыс. га, поўны аб’ём – 2.0 км³. Пры гэтым, яно сягала да Веліжа, затопліваючы горад Сураж. Па рацэ Каспле да Дзямідава, а па рацэ Усвячы да возера Ардосна і затапляла гарадскi пасёлак Усвяты. Да затаплення намячалася і рака Лужаснянка і яе пойма праз штучныя прорэзі.

Па вадападзелу паміж Лужаснянкай і Дзвіной павінны быў прайсці злучальны канал. Па ім воды Лужаснянкі ішлі б у зваротным баку і траплялі у Віцебскае вадасховішча. Возера Вымна ўвайшло б у вадасховішча і перастала б існаваць. Ва Усвяцкім раёне ствараліся дамбы даўжынёй 15 км, неабходныя для прадухілення пераліву вады з Віцебскага вадасховішча ў басейн ракi Ловаць. На Лужаснянцы, ніжэй створу ГЭС планавалася пабудова вадапад’ёмнай плаціны.

У двухплацінным варыянце ствараліся два руславых вадасховішча: Віцебскае і Суражскае. Віцебскае руславое вадасховішча стваралася б падпорным вузлом на Дзвіне вышэй упадзення ракi Лужаснянка (на месцы сучаснага будаўніцтва ГЭС). Плошча люстэрка — 30 км², поўная ёмістасць — 140 млн. м³. Суражскае руславое вадасховішча стваралася б падпорным вузлом на Дзвіне вышэй упадзення рэк Касплі і Усвячы. Плошча люстэрка  – 77 км², поўная ёмістасць – 305 млн. м³. Так як і пры ажыццяўленні аднаплаціннага варыянта вадасховішча, пад затапленне ішлі значныя плошчы сяльгасугоддзяў (25 тыс. га, з іх 10.5 тыс. га пашы).

shema-vicebskaga-vadashovischa

«Мора» нясе страты 

Будаўніцтва пацягнула б каласальныя матэрыяльныя выдаткі. Кошт работ па ўтварэнню чашы Віцебскага вадасховішча складаў 105.17 млн. руб. Прыблізны перавод у кошты нашага часу складае 13.3 млрд. даляраў ЗША. Такія лічбы ў сярэдзіне 1950-х  выглядалі не зусім дарэчнымі ў Беларусі на фоне страшэнных стратаў ў Другой сусветнай вайне, якія перажыў край. Тут хапала месцаў, каб прыкласці гэтыя сродкі і праз дзесяць год пасля перамогі.

Пад затапленне ішлі значныя часткі лясных і сельскагаспадарчых земляў. Гэта нішчыла звычайнае, без перабольшавання, тысячагадовае жыццё чалавека ў гэтых месцах. Пад ваду ішлі 2 гарады і сотні вёсак.

Пры будаўніцтве ГЭС адбывалася змена рэжыма ракі, а разам з ім змены відавога складу флоры і фаўны. Тыповы тут рачны тып расліннага і жывёльнага свету мусіў цалкам знікнуць і саступіць месца для азёрнага. Верагоднымі станавіліся забалачване некаторай часткі зямель, іх вывад з сельскагаспадарчага абароту.

Пры будаўніцтве «мора» змяняўся ландшафт, адміністрацыйныя і нават рэспубліканскія межы. Некаторыя часткі раёна не мелі б сухапутнай сувязі з БССР і таму іх меркавалася аддаць у падпарадкаванне РСФСР. Хаця ў межах СССР гэта была, бадай, не найбольшая праблема.

Змены адбываліся ў свядомасці чалавека. Пра гэты добра пісаў Валянцін Распуцін у сваім творы «Прощание с Матерой», які ўваходзіць у школьную праграму. Гігантаманія была ўласцівай рысай эканомікі СССР і 1950-х – 1970-х гг. Тэзісы «чалавек – гаспадар прыроды», «мы не можам чакаць міласцяў ад прыроды, наша задача – забраць іх» панавалі.

Варта  прыгадаць у нечым падобны і адзін з самых грандыёзных праектаў СССР па павароту сібірскіх рэк па поўдзень, у Сярэднюю Азію. Тады планавалася адаць пад затапленне тэрыторыю, роўную сучаснай Германіі. Для правядзення каналаў меркавалася зрабіць 250 мініядзерных выбухаў. Галоўнае – сумнеўная эканамічная выгада арашэння засушлівых зямель і папаўненне Каспія і Арала. А на тое, што ў выніку маглі адбыцца глабальныя кліматычныя змены не зважалася.

Як і паварот сібірскіх рэк, праект па  будаўніцтву «Віцебскага мора», на шчасце, не быў рэалізаваны. Ці выкарысталі «марскія» высновы пазней, не вядома. Прынамсі, у 2000-х гадах па Дзвіне распачалі будаўніцтва каскада з чатырох ГЭС і крытыка гэтага праекта вельмі часта супадае з праблемнымі момантамі нерэалізаванага «Віцебскага мора».

Багна

Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic

Поделиться:

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.