Прыпяць ад світанку да світанку (Фота)

Прыпяць ад світанку да світанку (Фота)

Рака Прыпяць – гэта сапраўдная крыніца жыцця для беларускага Палесся. Увесну, асабліва пасля снежнай зімы, рака лёгка можа разліцца нават на дзесяць і болей кіламетраў. Але як толькі вада спадзе і рака вернецца ў сваё русла, яе пойма становіцца сапраўдным раем для мноства раслін, птушак і жывёл. Нездарма на сваім шляху рака праходзіць праз дзве вялікія прыродаахоўныя тэрыторыі – Нацыянальны парк «Прыпяцкі» і Палескі радыяцыйны запаведнік.

Нават адзін дзень, праведзены побач з ракой, пакіне безліч уражанняў і дазволіць адчуць усё хараство палескай прыроды. Таму прапануем перанесціся туды разам з фатографам Віктарам Малышчыцам і пражыць адзін дзень каля Прыпяці – ад світанку да світанку. Амаль усе фота зробленыя цягам аднаго дня ў запаведнай зоне Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

reka-pripiat-01

Першыя промні сонца асвятляюць прыпяцкія паплавы, сярод якіх там-сям раскіданыя велічныя дубы, нізкарослы кустоўнік і шматлікія пойменныя азёры-старыцы.

reka-pripiat-02 reka-pripiat-03 reka-pripiat-04

Над азёрамі сцелецца туман, між дубоў па пояс стаіць трава, і толькі адмеціны на дрэвах паказваюць, што ўсё гэта хараство разам з дарогай раз-пораз сыходзіць пад ваду падчас паводак.

reka-pripiat-05 reka-pripiat-06 reka-pripiat-07 reka-pripiat-08

Сонца хутка разганяе ранішні туман, і пачынаецца чарговы сонечны дзень. Дарэчы, на Гомельшчыне назіраецца найбольшая колькасць сонечных дзён у Беларусі.

reka-pripiat-09 reka-pripiat-10 reka-pripiat-11

Бліжэй да ракі дрэвы саступаюць месца шырокім лугам, якія ўлетку ператвараюцца ў рознакаляровы дыван з красак.

reka-pripiat-12

Над ракой паціху згушчаюцца фарбы вечара:

reka-pripiat-13 reka-pripiat-14 reka-pripiat-15

Ноч у такім месцы пакідае незабыўныя пачуцці, бо дакладна ведаеш, што ў запаведнай зоне ты цяпер сам-насам разам з Млечным Шляхам, зоркамі, салаўямі, туманнай роўняддзю вады і лісой, якая неабачліва падышла занадта блізка.

reka-pripiat-16 reka-pripiat-17 reka-pripiat-18 reka-pripiat-19

Праўда, летнія ночы ў Беларусі светлыя і кароткія. І хоць на Палессі зоркамі любавацца лепш за ўсё, нават тут паўночная частка неба асвятляецца неглыбокім сонцам усю ноч – звярніце ўвагу на левую палову гэтага здымка:

reka-pripiat-20

Ужо праз некалькі гадзін неба зноў пачынае ззяць залатымі промнямі. Час вяртацца дадому, таму пад промнямі ўзыходзячага сонца развітваемся з Прыпяццю, каб, канешне, вяртацца сюды яшчэ не раз.

reka-pripiat-21 reka-pripiat-28 reka-pripiat-27 reka-pripiat-26 reka-pripiat-25 reka-pripiat-24 reka-pripiat-23 reka-pripiat-22

Фота Віктара Малышчыца

Поделиться:

Оставить комментарий