Як правiльна змагацца з кляшчамi?

Як правiльна змагацца з кляшчамi і чаму іх колькасць за апошнія некалькі гадоў павялічылася? Што рабіць, каб не схапіць барэліёз ці энцэфаліт? Можа быць ёсць актуальная мапа інфікавання па Беларусі? Як вы сябе абараняеце ад іх у вашай палявой працы?

1200px-Dermacentor_marginatus

Адказвае Анатоль Кулак, навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных беспазваночных жывёл навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах

Ва ўмовах Беларусі з іксодавых кляшчоў найбольшую небяспеку ўяўляюць віды родаў Ixodes і Dermacentor. Тым часам як віды роду Ixodes сустракаюцца галоўным чынам ў лясах, хмызняковых тэрыторыях або ў непасрэднай блізкасці ад іх, то кляшчы роду Dermacentor аддаюць перавагу больш адкрытым тэрыторыям. Нягледзячы на тое, што кляшчы роду Dermacentor значна буйнейшыя і іх часам нашмат больш (у Гомельска вобласці на некаторых лугах уздоўж Дняпра я назіраў не менш за 50 экзэмпляраў на 100 м2 і… да 8 экзэмпляраў на 1 зелянінцы!), яны значна радзей нападаюць на людзей. Дакладней, яны чапляюцца за вопратку, але неўзабаве падаюць.

Вельмі важна правільна падрыхтавацца да паходу на прыроду ў цёплую пару года: мець вопратку аднастайнай расфарбоўкі (каб кляшчы на ёй былі больш заўважныя) і са шчыльна аблі’занымі манжэтамі (штаны лепш заправіць у шкарпэткі), хаваць пад галаўны ўбор валасы, выкарыстоўваць адпаведныя рэпеленты. Важна як мага часцей аглядаць сябе на прадмет нападу кляшча. Пры гэтым трэба памятаць, што асноўная іх маса знаходзіцца ў метровым ярусе расліннасці, а іх улюбёныя месцы на целе – гэта ўчасткі з найбольш лагоднай скурай і валасяным покрывам. Зразумела, што ў гэтым аспекце дзеці з’яўляюцца больш уразлівыя.

Нягледзячы на гэтыя захады перасцярогі, у 2016 годзе да мяне прысмакталася каля 20 кляшчоў. Гэта нядзіўна, паколькі па родзе сваёй дзейнасці мне прыходзіцца бываць у самых непралазных, дзікіх і «закляшчаваных» месцах Беларусі, пры гэтым па некалькі месяцаў цягам года. Аднак часты агляд самога сябе і калегамі заолагамі папярэдзіў нашмат большы адсотак нападаў і дазволіў выцягнуць паразітаў на ранняй стадыі прысмоктвання, гэта значыць да моманту глыбокага пранікнення хабатку ў скуру. Гэта значна зніжае рызыку інфікавання энцэфалітам і барэліёзам. Медыцына таксама прапаноўвае супрацьэнцэфалітныя прышчэпкі.

Адным з найважнейшых чыннікаў, што абумоўліваюць высокую канцэнтрацыю кляшчоў у прыродзе, з’яўляецца багацце цеплакроўных арганізмаў, у тым ліку дробных грызуноў, якія з’яўляюцца крыніцай харчавання для лічынак кляшчоў. Цяпер робім выснову для сябе: чым больш ядомага смецця мы пакідаем пасля сябе, тым больш у гэтым месцы расплодзіцца мышападобных грызуноў, і тым большы поспех тут будуць мець кляшчы. А калі гэта папулярнае месца для адпачынку…

Источник фото

Поделиться:

Оставить комментарий