Палессе Луізы Бойд

Палессе Луізы Бойд

Нават у наш час цяжка ўявіць, каб з-за акіяну нейкі навукоўца на ўласным аўтамабілі з кіроўцам арганізаваў экспедыцыю па Палессі. Гэта было ў 1934 годзе. Увогуле, дзіўны той час, палешукі вазілі на продаж у Варшаву ды Кракаў марозіва, але гэта гісторыя для іншага артыкулу. Вернемся да навуковай вандроўкі.

Даследчыца Арктыкі і Грэнландыі, першая жанчына, якая праляцела над Паўночным полюсам, Луіза Арнер Бойд у 1930-ых гадах адкрыла свету Палессе. Дзякуючы ёй Новы Свет і Заходняя Еўропа ўбачылі край неабсяжных балот і незлічоных рэк ва ўсёй сваёй шматаблічнасці, самабытнасці і непаўторнасці.

Амерыканская падарожніца вядома далёка за межамі Злучаных Штатаў Амерыкі, яна ўваходзіць у лік дзесяці найбольш выбітных першапраходцаў ХХ стагоддзя, але, на жаль, мы малазнаёмы з гэтай незвычайнай асобай.

Bojd1

Восенню 1934 года экспедыцыя даследчыцы дасягнула Пінскага Палесся. У горадзе над Пінай яна спынілася ў гасцініцы “Англійская”, якая на некаторы час стала штабам экспедыцыі. Луізу Бойд суправаджалі польскія географы Станіслаў Гажухоўскі і Ванда Рэвеньска. Па сушы экспедыцыя рухалася на ўласным аўтамабілі “Пакард” з асабістым кіроўцам Персі Р. Кэмеранам, а па вадзе – на кацеры Пінскай ваеннай рачной флатыліі.

У ходзе экспедыцыі на Палессе легендарная амерыканка зрабіла больш за 700 унікальных здымкаў, якія пасля неаднаразова экспанаваліся на выставах, друкаваліся ў журналах, фотаальбомах і служылі ілюстрацыямі да навуковых артыкулаў.

«КАРАЛЕВА ЛЁДУ» І «ЛЕДЗІ АРКТЫКІ»

«Дзівачка», «багатая выскачка», «транжыра бацькоўскіх мільёнаў,» – так спачатку гаварылі пра Луізу Бойд яе знаёмыя, а следам за імі – навуковае грамацтва, асабліва калі яна ў 1918 годзе накіравалася ў Еўропу і Афрыку для барацьбы з эпідэміей іспанкі. Бо жудасны вірус адняў жыццё больш як у 60 мільёнаў чалавек. Маладая Бойд уладкавалася простай медсястрой для аказання дапамогі пацярпелым ад гэтай страшнай эпідэміі.

У далечыні ад радзімы Луіза прабыла каля года. У 1919 годзе смерць бацькі, уладальніка залатых руднікоў у Каліфорніі, і маці прымусіла яе вярнуцца на радзіму. Яшчэ ранней з-за хранічнай хваробы сэрца пайшлі з жыцця двое старэйшых братоў. Мільённая спадчына дасталася 32-гадовай Луізе.

Bojd2

Першую экспедыцыю ў Арктыку адважная амерыканка арганізавала ў 1924 годзе, пасля знаёмства з палярнымі льдамі на архіпелагу Шпіцберген. Праз два гады адбылася другая экспедыцыя, больш удалая. Было зроблена больш за 700 здымкаў Арктыкі, а таксама адзняты дакументальны фільм.

У 1928 годзе дырыжабль «Італія», на якім здзяйсняў арктычную экспедыцыю сусветнавядомы дырыжаблебудаўнік і даследчык Умберта Нобіле, пацярпеў крушэнне. На пошукі зніклай экспедыцыі кінуўся нарвежскі палярны падарожнік Руальд Амундсен, але па злой іроніі лёсу ягоны гідраплан упаў у мора. Луіза Арнер Бойд не магла заставацца ў баку ад гэтых драматычных падзей і на арэндаваным караблі «Хобі» накіравалася на пошукі Амундсена. На жаль, выратаваць жыццё палярніка не ўдалася.

Урад Нарвегіі высока ацаніў учынак Бойд, яна стала трэцяй жанчынай у свеце, узнагароджанай Крыжом ордэна Святога Олафа, які даецца за выбітныя заслугі перад Нарвегіяй і Чалавецтвам. Але самае галоўнае – блізкія, паплечнікі, прадстаўнікі навуковага свету і шырокай грамадкасці, нарэшце, усвядомілі, што мільёны Луізы Бойд выдаткоўваюцца на добрыя справы, ідуць на службу навукі і дабра.

Bojd3

У наступныя гады Бойд актыўна вывучала Грэнландыю і глыбіні акіяна паблізу паўночна-усходняй аканечнасці Нарвегіі. Менавіта тады, за любоў да палярных льдоў навуковае супольніцтва дало ёй прозвішчы «Каралева Лёду» і «Ледзі Арктыкі».

ТАЙНАЕ ЗАДАННЕ УРАДА ЗША І ПАКАРЭННЕ ПАЎНОЧНАГА ПОЛЮСА

У 1938 годзе кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі з-за асцярогі, што нацысцкая Германія можа выкарыстаць атрыманыя дадзенныя для стварэння сваіх ваенных баз, прапанавала даследчыцы пачакаць з абвяшчэннем вынікаў даследванняў Грэнландыі і Артыкі. У разгар Другой сусветнай вайны Луіза Бойд атрымала спецыяльнае заданне – дэтальна вывучыць магнітнае поле Паўночнага полюса, таму што праз яго праходзіла радыёсувязь “Еўропа-ЗША”. Паспяхова выканаўшы яго, яна дадаткова падрыхтавала справаздачу аб магчымасці ўладкавання ваеннага аэрадрома на Бафінавай Зямлі.

Bojd4

Пасля вайны Луіза Арнер Бойд знаходзілася на вяршыні славы – дзяржаўныя узнагароды, публічныя лекцыі, навуковыя канферэнцыі… Але яе, як і раней, цягнула бяскрайняя далеч Поўначы, і у шэсцьдзесят сем гадоў падарожніца зноў адважылася на рызыкоўны ўчынак. У 1955 годзе на самалёце «Дуглас DC-4» Бойд адпраўляецца у палёт над Паўночным полюсам і робіцца першай жанчынай, якая трапіла на «край Зямлі».

Заслугі і дасягненні Луізы Бойд аказаліся настолькі важкімі і значнымі, што прымусілі парушыць традыцыі выключна мужчынскага Амерыканскага геаграфічнага таварыства. У 1960 годзе яна стала першай жанчынай у складзе гэтай арганізацыі за больш чым 100 гадоў гісторыі яе існавання.

«НІДЗЕ Я НЕ БАЧЫЛА ТАГО УНІКАЛЬНАГА І ЦІКАВАГА, ШТО Я УБАЧЫЛА Ў ПІНСКУ»

У 1934 годзе Луіза Арнер Бойд удзельнічала ў Міжнародным кангрэсе географаў, які адкрыўся 23 жніўня у Варшаве. Але гэта толькі адна з прычын яе візіту ў Польшчу. Галоўнай мэтай было знаёмства з польскай правінцыяй, а асаблівую цікавасць для яе ўяўляла загадкавае і невядомае Пінскае Палессе, куды даследчыца накіравалася з Варшавы праз Львоў і Ковель.

Bojd5

Застаецца загадкай, адкуль Луіза Бойд даведалася пра край неабсяжных балот, які раскінуўся у даліне Прыпяці і яе шматлікіх прытокаў? Можна выказаць здагадку, што фантастычны вобраз «балотнай краіны» нарадзіўся ў яе ўяўленні, дзякуючы апавяданням эмігрантаў, якія пакінулі Палессе ў пошуках лепшай долі. Але не выключана, што ў яе рукі трапіла якая-небудзь інтрыгуючая публікацыя, якая паманіла падарожніцу адкрыць для сябе яшчэ адзін нязведаны куточак Зямлі.

Bojd6

Так гэты было ці не, але 29 верасня 1934 года Луіза Бойд у суправаджэнні польскіх географаў Станіслава Гажухоўскага і Ванды Рэвеньскай прыбыла ў Пінск. Пасяліліся падарожнікі ў самам цэнтры горада, у фешэнебельнай гасцініцы «Англійская». Тэлефанізіраваныя нумары, наяўнасць ванных пакояў, гаражоў, выдатная кухня – ўвесь гэты камфорт прыемна здзівіў і стварыў патрэбныя ўмовы для плённай працы. Побач з гасцініцай – ўсё, што магло цікавіць падарожнікаў: пінская прыстань, мост праз Піну, знакаміты «торг над Пінай» – водны рынак, дзе проста з лодак гандлявалі рыбай і іншымі таварамі, кірмаш з гандлёвымі радамі, хрысціянскія святыні – велічны касцёл Святога Станіслава, кафедральны касцёл, праваслаўны Фёдараўскі сабор і іншыя пінскія славутасці. Непадалёку знаходзілася Пінская рачная ваенная флатылія, у яе майстэрнях быў адрамантаваны аўтамабіль Луізы Бойд. Камандуючы флатыліяй Вітольд Заянчкоўскі прадаставіў экспедыцыі маторны кацер, без якога падарожжа па водных лабірынтах Палесся было немагчымым.

Bojd7

«За сваё жыццё я бачыла шмат розных кірмашоў у многіх краінах свету, але нідзе я не бачыла таго унікальнага і цікавага, што я ўбачыла ў Пінску. Гэты горад з’яўляецца перакрыжаваннем шляхоў, куды з усіх аколіц прыбываюць і сустракаюцца людзі, якіх аддзяляюць дзясяткі кіламетраў вады», – адзначыла даследчыца 3 кастрычніка 1934 года, наведаўшы штогадовы восеньскі пінскі кірмаш.

Праз два гады, ў 1936 годзе, гэта каларытны кірмаш будзе засняты польскімі кінахранікёрамі.

 

Падарожніцу зачараваў старажытны Пінск, але галоўнай яе мэтай было знаёмства са знакамітымі пінскімі балотамі і абарыгенамі гэтага невядомага, згубленага сярод непраходных багнаў края, наскрозь працятага густымі воднымі артэрыямі.

«Звычайна балоты апісваюцца як нешта экстрымальна плоскае і манатоннае, чаго я тут не ўбачыла, таму што маёй галоўнай мэтай былі толькі мясцовыя жыхары… Жывучы на водных шляхах або сярод іх, яны ствараюць сваеасаблівы этнічны стрыжань, які адрознівае гэтых людзей ад іншых», – пісала у “Палесскім дзённіку” Луіза Бойд.

Bojd8

На кацеры Пінскай рачной ваеннай флатыліі Бойд накіравалася па Піне ў бок Гарадзішчанскага возера. Пад Пінскам, у вёсцы Пінкавічы, яна зрабіла мноства здымкаў. На іх – мясцовы люд, хаты, хлявы, стагі сена, рыбацкія снасці і драўляная Пакроўская царква, якая і зараз узвышаецца на беразе Піны. У Гарадзішчы каля сцен старажытнага бенедыктынскага касцёла святой Ганны Бойд сфатаграфавала мноства рыбацкіх прыладаў, размешчаных на гэтым легендарным возеры. Па Ясельдзе, якая сярод неабсяжных балот прабівае свой шлях да Прыпяці, яна спусцілася да архаічных вёсак Кудрычы, Курадава і Плошчава.

«Некранутае сучаснасцю Палессе з’яўляецца краінай лясоў і балот… Ужо ў старажытнасці яго насялялі людзі, але відавочных змен у прыродным ланшафце тут у адрозненні ад Заходняй Еўропы менш за ўсё», – адзначала падарожніца.

У гэтых унікальных краявідах адчуваецца ўсё хараство палескай спрадвечнасці, яны напоўнены непаўторнай і самабытнай прыгажосцю. А на Прыпяці – галоўнай рацэ Палесся, «палескай Амазонцы», амерыканка ўбачыла практычна ўвесь спектр жыцця палешука. Незлічоныя сялянскія лодкі, прыстасаваныя для перавозкі жывёлы, сена, тавараў і лоўлі рыбы, якія няспынна рухаліся па вадзе і стагоддзямі былі галоўным сродкам камунікацыі паміж астраўнымі паселішчамі. Рэкі і балоты служылі асноўнай крыніцай жыццядзейнасці палешука. Падчас падарожжа па Прыпяці, наведаўшы Тупчыцы, Хрыстаболавічы і Кнубава, Луіза Бойд без стомы здымала паўставаўшыя над ваколіцамі проста з палескіх туманаў архітэктурныя сілуэты сталіцы Палесся.

Bojd9

Сваім першым уражанням аб Палессі Л. Бойд прысвяціла публікацыю ў журнале «Геаграфічны агляд» за ліпень 1936 года, а вынікам экпедыцыі з’явілася выданне ў 1937 годзе ў Нью-Ёрку фотаальбома «Польская правінцыя». Адзначаючы ўнікальнасць Палескага рэгіёна, амерыканка задалася пытаннем, сколькі гадоў спатрэбіцца, каб змянілася Палессе, пачалося развіцё інфраструктуры, палегчылася цяжкае жыццё палешука, палепшыліся ўмовы яго існавання. Як паказала гісторыя – зусім крыху, усяго некалькі дзесяцігоддзяў…

Ужо ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя палескі край з-за маштабнай міліярацыі пачаў кардынальна мяняцца. І сёння там, дзе праходзіла экспедыцыя Луізы Бойд, паўстае зусім іншая карціна, так непадобная на палескую мінуўшчыну, ужо амаль знікшую пад націскам сучаснай цывілізацыі. Менавіта таму фатаздымкі Луізы Арнер Бойд з’яўляюцца каштоўным артэфактам, яны паглыбляюць нас у гісторыю, знаёмяць з аўтэнтычным Палессем, якога ўжо няма…

Bojd10

Луіза Арнер Бойд памерла на 85-годзе жыцця 14 верасня 1972 года ў Сан-Францыска.

Яшчэ пры жыцці свой радавы маёнтак у Сан-Рафаэлі легендарная даследчыца пакінула ў спадчыну музею «Marin History Museum», а ўвесь свой навуковы матэрыял і фотаархіў – Амерыканскаму геаграфічнаму таварыству. Фатаграфічная спадчына Луізы Бойд – гэта адзін з найвялікшых здабытакаў сусветнай навукі. Яна захоўвае яшчэ мноства неапублікаваных матэрыялаў з унікальнымі краявідамі Пінскага Палесся 1930-х гадоў.

У 1984 годзе ў амерыканскім горадзе Мілуокі (ЗША) з грандыёзным поспехам прайшла выстава пад назвай «Паляшук вачыма Луізы Бойд», якая затым экспанавалася ў Польшчы. А ў 1991 годзе ў Кракаве быў выдадзены фотаальбом «Крэсы», з яе здымкамі прысвечанымі Піншчыне.

Bojd11

Фенамен Палесся якраз і праяўляецца ў тым, што ў ва ўсе часы яно сваёй надзвычайнай спрадвечнасцю і загадкавасцю прыцягвала, прыцягвае і будзе прыцягваць да сябе ўвагу даследчыкаў і ўсіх, каму ўласціва творчая апантаннасць, прага новых ведаў і ўражанняў. А астатняе залежыць толькі ад намераў і імкненняў тых, хто захоча прайсці палескімі шляхамі Луізы Бойд і адкрыць для сябе гэты цудоўны край.

Сёлета на Пінскім Палессі па ініцыятыве Інфармацыйна-асветніцкай установы “Інстытуцыйнага развіцця” рэалізаваны праект “Шляхамі экспедыціі Луізы Арнер Бойд. Да 80-годдзя легендарнай экспедыцыі амерыканкі”, які быў падтрыманы Амбасадай Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. У рамках праекта на Піншчыне створаны турыстычны маршрут, распрацаваны памятны знак у гонар экспедыцыі, зроблена дакуменатальная стужка і выдадзены фотаальбом пад анаімённай назвай “Палессе Луізы Бойд”. Усё гэта сведчанне таго наколькі глыбокімі з’яўляюцца сувязі паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Поделиться:

Оставить комментарий