Мова балот

Мова балот

21 снежня «Багна» прадставіла тэму балот на занятках «Мова Нанова». Сябры арганізацыі Канстанцін Чыкалаў і Вольга Каскевіч прапанавалі гасцям вывучыць балотны слоўнік і распавялі шмат фактаў пра гэтую хрупкую экасістэму.

2

Тэма атрымалася даволі цікавай. Асабліва таму, што ў ёй балоты разглядаліся не толькі з прыродаахоўнага ракурса, але і закраналі антрапалагічны аспект: чалавек, нарэшце, з’яўляўся неад’емнай часткай гэтай экасістэмы. Чырвонай ніткай у расповедзі гучаў пасыл, што мы як нацыя фармаваліся менавіта ў такім прыродным асяроддзі і яно вельмі моцна паўплывала на станаўленне беларуса.

1

Напрыканцы занятку мы паабяцалі ў якасці падарунка на Каляды прадставіць нашым гасцям невялікае эссе гісторыка і мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, які  некалі спецыялна для нас паразважаў аб тым, якую ролю балоты выконваюць і выконвалі ў нашым жыцці:

«Балота — аб’ектыўная рэальнасць Беларусі. 12% яе плошчы занята балотам. Яго часта называюць сімвалам Беларусі. Але ці сапраўды гэта так? Бо каб штосьці стала сімвалам, яно ў першую чаргу павінна стаць прыкметай культуры краіны і яе народа. У розных крыніцах знаходзім каля трыццаці слоў, якімі можна назваць балоты: багна, дрыгва, твань, дрыгвянік, алёс, трасіна, бездань, балацюга, тапіла, топ, балваны і інш.

Вобраз балота займае цэнтральнае месца ва ўсіх жанрах беларускага фальклору і з’яўляецца адным са стрыжняў беларускай мадэлі свету. У прыродзе балота — гэта беспарадкавая сумесь зямлі і вады, і менавіта з іх, як вядома, утварыўся будучы Космас. Таму балоты — гэта любімыя месцы бытавання розных нячысцікаў.

Як сведчыць фальклор, у балоце жывуць тры браты: Балотнік, Аржавеннік і Багнік. Гэта непрывабныя, пачварныя істоты. Лазавік і Лознікі ўтвараюць асобны гурт надводных духаў. Атрымалі яны сваё найменне праз звычку будаваць хатку ў лазе сярод балота. Будаваць хатку… Вось тут, мабыць, падказка — чаму балота стала сімвалам не толькі духоўнай, але і матэрыяльнай культуры беларусаў. І сапраўды, цікавы від традыцыйных рамёстваў на Беларусі — лазапляценне. Пасярод балота пад карчом жыве Хапун, які лятае ў паветры, прыглядаючыся, дзе і якое дзіця не слухаецца старэйшых, каб скапіць і занесці да сябе. Жаночы вобраз — Лойма найчасцей страшыць на балотах жанчын, хоць часам можа прывязацца і да мужчын. Самы ж галоўны злы дух, якому падпарадкоўваюцца ўсе ніжэйшыя злыя духі — гэта Кадук. Ён рэдка выходзіць са свайго балота і выдумляе, якую шкоду зрабіць супраць людзей. Усе гэтыя фантастычныя пачвары ўвасаблялі негатыўныя адносіны да балотнага асяроддзя, якое лічылася чужой, небяспечнай прасторай.

У беларускіх слоўніках ёсьць багата прыказак, у якіх згадваецца балота, Напрыклад, да характарыстыкі чалавека:

Двор па бор, вароты па балота. 3 аднаго балота чэрці. У ціхім балоце чэрці водзяцца. Чэрці не толькі ў балоце водзяцца. Кіруе, як чорт балотам. Як чорта ні хрысці, усё адно: у балота пусці і інш.

Ацэнка розных каштоўнасцей:

Kaму як  балота; а каму — як залота. Праца з балота робіць залота. Каму што, а чорту балота. Адносіны да радзімы, уласнасці: Жыве кулік, дзе прывьк, і кожны ронае балота хваліць. Жаба квокча, сваё балота хваліць. Кожны кулік на сваім балоце вялік. Жаба і тая жадае, каб яе балота было большае за ўсіх.

Характарыстыка навакольнага свету, рэчаіснасці:

Балота не будзе без чорта. Дзе балота, там чорт. На кожнае балота чорт знойдзецца. Было б балота, а жабы знойдуцца.

Розныя жыццёвыя сітуацыі:

У балота ўскочыць. Калоціць, як чорт балота. Абы дрыгва, а чэрці будуць. Грэх не схаваеш у мех,не ўтопчаш у балота. Навялі на бяду, як чорт на балота. Галота хоць у балота. 3 чужога вазка і сярод балота злазяць. Няхай бы чортам называлі, абы ў балота не гналі.

І прафесійныя літаратары звярталіся да балотнай тэмы. Прыклады можна знайсці ў класікаў беларускай літаратуры, а таксама сучасных паэтаў і пісьменнікаў. У школьным курсе беларускай літаратуры ёсць шмат твораў, у якіх аўтары апісвалі балота як асаблівасць беларускага пейзажу і месца для адлюстравання падзей. На аснове іх аналізу прапаную ўласныя вывады адносна спецыфікі адлюстравання канцэпту «балота» ў творах школьнай праграмы па літаратуры: балота — гэта не проста ландшафтная адметнасць Беларусі, на яго фоне дзейнічаюць героі, яно абумоўлівае іх характары і ўчынкі, загартоўвае, выхоўвае, вучыць цярплівасці і працавітасці (Я. Колас «У палескай глушы», І. Мележ «Людзі на балоце»); балота — гэта месца, дзе хавалася містычная сіла, якая служыла фонам для паказу міфічных і нерэальных падзей (Я. Купала «Курган», У. Караткевіч «Дзікае паляванне караля Стаха»); балота — месца збаўлення ад пакут для беларуса (В. Быкаў «Аблава»); дрыгва — гэта гіблае асяроддзе для ворага і месца выратавання, «другі дом» для мясцовых жыхароў, спосаб паратунку ад акупантаў у часы войнаў (А. Адамовіча й Зьмітрак Бядулі «На балоце»; балота — найпрыгажэйшы, эстэтычны астравок зямлі з унікальным жывёльным і раслінным светам (У. Караткевіч «3ямля пад белымі крыламі», Я. Маўр «Палескія рабінзоны»); балота — духоўна- інтэлектуальная прыкмета беларусаў (І. Мележ «Людзі на балоце»). І Карусь Каганец, і Янка Лучына, пачынальнікі найноўшае нашае літартуры, лічылі балота найпрыгажэйшым кутком беларускай прыроды. Паэт-эмігрант Алесь Салавей успрымае балота як маўклівае, змрочнае месца — у яго вершах яно паказана як сімвал застою ў грамадскім жыцці.

Наш сучаснік Адам Глобус у адпаведнасці з фальклорнымі традыцыямі сцвярджае, што балота — гэта сімвал перашкоды на шляку кахання, а балотны агонь сімвалізуе творчасць і натхненне. Мікалай Улашчык і Адам Глобус лічаць, што чалавек умешваецца ў прыродны свет і асушае балоты, а гэта не заўсёды прыносіць карысць. Хочацца адзначьщь, што да балотных сюжэтаў звярталіся не толькі пісьменнікі і паэты, але і беларускія мастакі В.Бялыніцкі-Біруля, А.Гараўскі, Г.Вашчанка, І.Стасевіч, М. Волкаў, а таксама сучасныя фотамастакі. У іх творах балота адлюстравана як адметны куточкак нашай роднай зямлі. Асаблівыя фарбы — шэра-блакітныя, малахітавыя, чырвона-аранжавыя — і асвятленне ў дадатак да душэўнай цеплыні мастакоў перадаюць і нам ўсхваляваную пачуццёвасць і любоў да роднай прыроды, якую імкнуцца перадаць творцы. А ўсё гэта разам з’яўляецца вынікам глыбокай пашаны да захаванай яшчэ дзе-нідзе прыроднай чысціні, якая існуе насуперак прагрэсу. Беларусы былі неабыякавыя да сваёй ландшафтнай асаблівасці: канцэпт «балота» прасочваецца ў шматлікіх фальклорных творах, творах жывапісу, а таксама ў класічнай і сучаснай беларускай літаратуры. Журавы на журавінавым балоце, на пярэстым кіліме траваў і імхоў, або палі дзікіх жоўтых касчоў — хараство незвычайнае.

… У канцэпце «балота» заключаецца высокі культурны патэнцыял і ўнутраная сіла народа, а сам беларускі менталітэт ўтрымлівае ў сабе архетып багны. Дрыгва характарызуе лёс чалавека: яна корміць, выхоўвае, ахоўвае і аберагае, служьщь месцам выратавання ад ворагаў і збаўлення ад пакут, а таксама з’яўляецца прыкладам высокай эстэтыкі. Без балота беларус не бачыць сваёй будучыні: балота не аднойчы дапамагло яму выжыць і будзе дапамагаць далей. Таму з упэўненасцю можна сцвярджаць, адмовіўшыся ад іранічнага адцення, што беларусы — незалежна ад месца іх пражывання — гэта «людзі на балоце».

Прыродаахоўная каштоўнасць балотаў выключная, бо на іх жывуць больш як 150 відаў птушак! Тутсама гняздуюцца рэдкія віды птушак, якія занесеныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу і маюць еўрапейскі ахоўны статус: шэрыя журавы, чорныя буслы, палявы лунь, арол-вужаед, сокалы — пустальга і сокал-кабец, вераценнік вялікі. Беларускія балоты маюць выключную міжнародную значнасць для падтрымання буйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чаротаўкі і глабальна знікаючых відаў — вялікага арляца, дубальта і драча. На тэрыторыі балотаў гняздуюцца чорныя буслы, чаплі-бугаі і вадзяныя пастушкі. Усё стракатае птаства на нашых балотах проста не злічьць! Тут жывуць і балотныя чарапахі і самыя розныя жабкі, яшчаркі.

Прэзентацыю Багны можна спампаваць тут.

Багна

Поделиться:

Оставить комментарий