46 год запаведнай тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі»

46 год запаведнай тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі»

Сёння, 3 чэрвеня, памятная дата ў гісторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Менавiта ў гэты дзень у 1969 годзе адбылося прыняцце пастановы аб стварэннi запаведнай тэрыторыі на Прыпяці:  роўна 46 гадоў таму Савет Міністраў пастанавіў стварыць запаведнік на тэрыторыі шырокіх Тураўскі балотаў. Мэта стварэння запаведніка дыкларавалася як «захаванне ў натуральным стане тыповага для Беларускага Палесся ландшафтна-гідралагічнага комплекса, вывучэнне на яго аснове зменаў у прыродзе ў сувязі з шырокім вядзенне меліярацыі, вызначэнне эфектыўнасці гэтых мерапрыемстваў і выяўленне наступстваў актыўнага ўмяшання чалавека ў прыроду Палесся». Дзякуючы гэтаму рашэнню, унікальны прыпяцкi лес i вялiзарны балотны масiў самага сэрца Палесся быў выратаваны ад поўнага асушэння і высечкі.

ф2

Былы запаведнік добра памятае навуковы супрацоўнік  Прыпяцкага нацыянальнага парка ў мiнулым і сённяшняя каардынатарка кампаніі «У абарону дзікай прыроды нацыянальнага парка «Прыпяцкі»» Інэса Балоцiна, да якой мы звярнулiся з просьбай ўспомніць і абмаляваць яе першыя ўражанннi ад гэтай тэрыторыi, каб падараваць гэты страчаны вобраз выдатнейшых беларускiх мясцiн дзiкай прыроды нашым чытачам.

ф5

«Упершыню лес Прыпяцкага запаведніка я пабачыла праз акно аўтобуса, які вёз мяне з Мазыра ў Тураў 30 год назад», — распавядае Iнэса. — «Зараз я не памятаю свой першы выезд у Прыпяцкі запаведнік ў якасці яго працаўніка ў далёкім 1991 годзе. Магчыма, гэта была Семча, урочышча ў Азяранскім лясніцтве, альбо зубравы пітомнік, размешчаны ў тым самым лясніцтве. Але і зараз і Семча, і зубровы пітомнік — гэта мае любімыя месцы ў былым запаведніку, цяперашнiм нацпарку “Прыпяцкі”.  Шмат год я там не была. Зараз чакаю нагоды зноў прайсціся па дарозе на Семчу, дзе вясной на сонечных узвышшах паміж хвояў цвіце сон-трава. Не ведаю, ці захавалася там і па сёння гэтая чырвонакніжная расліна. Лес вакол зубровага пітомніка: хвойнік, дуброва, грабняк — быў на працягу 10 год месцам правядзення маіх маніторынгавых даследаванняў дробных млекакормячых. Зараз з цеплынёй успамінаю той час, зуброў, чырвонакніжную лілію-саранку побач з гаспадарчай пабудовай зубровага пітомніка, калодзеж, дзе бралі ваду егеры-даглядчыкі паіць зуброў, мы — працаўнікі запаведніка, і студэнты — біёлагі з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нежынскага педагагічнага інстытуту, каб згатаваць сабе ежу.

ф4

З цеплынёй і ўсмешкай заўсёды ўспамінаю прыгожы ельнік уздоўж Свінавода ў Сіманіцкім лясніцтве непадалёк ад вёскі Сіманіцкі Млынок. На беразе Свінавода ў летнія цёплыя дні грэюцца чарапахі. Гэта было першае з вядомых навукоўцам месцаў у запаведніку, дзе сустракаецца рэдкая балотная чарапаха. Таксама ў Сіманіцкім лясніцтве яшчэ некалькі асабліва любімых мною і прыгожых месцаў, дзе сустракаюцца хвойнік на пясчаных дзюнах і верхавое балота, якое цягнецца на некалькі кіламетраў у сярэдзіне запаведнай тэрыторыі. Там жа прасцiраецца маляўнічае возера, наўпрост сярод балота».

Поймавая дуброва паміж Снядзінам і Хлупінам — гэта было асаблівае месца дзеля Iнэсы, якое яна пытаецца абаранiць і па гэты дзень.

Ф6

«Цяжка даступнае, бо не было дарог, як цяпер», — успамiнае яна.— «І машын 30 год таму было значна меней, чым зараз. Я бывала там не часта. У гэтым лесе заўсёды можна было сустрэць лася альбо казулю, пачуць ці пабачыць філіна,  іншага прадстаўніка савінага племя. Уражвала расліннасць і дрэвы: старыя вялікія дубы, клёны, ліпы. Шмат відаў травяністых раслін, якія прыгожа цвітуць. Я зараз не разумею тых навукоўцаў з Акадэміі навук, тых працаўнікоў нацыянальнага парка хто выступае за высечкі ў гэтым лесе, хто пагадзіўся пусціць туды бензапілы і лесавозы, каб рэзаць і таптаць дрэвы і расліны».

З 1996 года «Прыпяцкі» мае статус нацыянальнага парку.  Мiнулае багацце з гадамі пачалi рабаваць няўмелыя гаспадары. Сёння нацыянальны парк выглядае зусім інакш. Межы запаведнай зоны былі змененыя некалькі гадоў таму. З запаведнай тэрыторыі выведзеныя ўчасткі з вялікай колькасцю чырванакніжных відаў, таксама i знакамітыя і любімыя ўсімі пойменныя дубровы. Шкада, што гэтым запаведным мясцінам застаецца толькі спадзявацца на лепшы час. Але вельмі прыемна, што дагэтуль ёсьць людзі, якія працягваюць аддаваць усе свае сілы за захаванне гэтай унікальнай спадчыны.

З Iнэсай гутарыла Каскевiч Вольга,

Матэрыял створаны ў рамках дзейнасці рабочай групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі»

Поделиться:

Оставить комментарий