Грамадскія абмеркаванні па пытанні здабычы торфу

Ці павінны праводзіцца грамадскія абмеркаванні па пытанні здабычы торфу?

Адказвае Андрэй Раманцоў, юрыст

На сёньняшні дзень у Беларусі няма асобнага нарматыўнага прававога акта, які б рэгуляваў магчымасьць і працэдуру правядзеньня грамадскага абмеркаваньня па пытаньнях здабычы торфу.

Аднак, Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала Архускую канвенцыю (Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступу да правасуддзя па пытаньнях, датычных навакольнага асяроддзя 1998), палажэньні якой з’яўляюцца юрыдычна абавязковымі для выкананьня. Так, згодна артыкулу 6 Канвенцыі на ўпашнаважаныя дзяржаўныя органы ўскладваецца абавязальніцтва

  1. своечасова, адэкватна і эфектыўна інфармаваць грамадскасьць па пытаньнях, датычных наваколнага асяроддзя і
  2. прадастаўляць магчымасьць грамадскасьці ўдзельнічаць у працэсе прыняцьця рашэньняў па такіх пытаньнях.

Гэта ў тым ліку тычыцца і прыняцьця рашэньня аб такім відзе дзейнасьці як здабыча торфу, пры якой паверхня ўчастку перавышае 150 га.

У дадзеным кантэксьце ўдзел у прыняцьці рашэньняў ажыцьцяўляецца пасродкам грамадскага абмеркаваньня.

Ёсьць і другі момант.

У Беларусі найбольш частая практыка па здабычы торфу адбываецца на былых тэрыторыях заказнікаў. Спачатку адбываецца вывядзеньне зямель з тэрыторыі заказніка (такая працэдура называецца ператварэньне функцыянаваньня асабліва ахоўваемай прыроднай тэрыторыі), а потым на гэтай зямлі здабываюць торф.

Калі здабычы торфу папярэднічае менавіта такая працэдура – ператварэньне функцыянаваньня заказніка – то ў адпаведнасьці з арт. 16 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях” дзяржаўныя органы павінны разглядаць прапановы грамадзян і грамадскіх аб’яднаньняў пры прыняцьці рашэньняў па такім ператварэньні. Дзеля таго, каб грамадзяне і грамадскія арганізацыі маглі падаваць такія прапановы, дзяржаўныя органы найперш павінны своечасова і эфектыўна праінфармаваць іх аб прыняцьці такога рашэньня. І, па-другое, стварыць пэўную працэдуру для падачы прапановаў і іх уліку. У дадзеным выпадку гэта і будзе грамадскае абмеркаваньне.

У сваё практыцы грамадская кампанія “У абарону беларускіх балот” пры абароне заказніка Вецярэвіцкі ад запланаванай здабычы торфа на выведзенай тэрыторыі выкарыстоўвала менавіта гэтыя два прававыя інструменты – Архуская канвенцыя і Закон аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях. У сваёй аргументацыі мы звярнулі ўвагу на тое, што мясцовы выканаўчы орган прыняў рашэньне аб вывядзеньні зямель з тэрыторыі заказніка Вецярэвіцкі ў парушэньне дадзеных Канвенцыі і Закона, бо мясцовых жыхароў не праінфармавалі пра прыняцьце такога рашэньня і не далі магчымасьці ўдзельнічаць у працэсе яго прыняцьця.

Поделиться:

Оставить комментарий