Лес ці чалавек: пытанне аб тым, хто важней

Лес ці чалавек: пытанне аб тым, хто важней

Ёсць не толькі гісторыя Белавежскай пушчы, але і гісторыя людзей, што жывуць побач. Як ім зрабіцца пачутымі, чым дапаможа сертыфікацыя запаведніка і што рабіць, калі сертыфікат не дадуць, расказалі прадстаўнікі грамадскасці на прэзентацыі фільма “Чорны бусел, Белы бусел”, арганiзаванага  3 траўня ў Каменюках, што побач з Белавежскай пушчай. 

Фільм аб сацыяльнай гісторыі Белавежскай пушчы

“Я зрабіла гэты фільм, каб звярнуцца да канфлікту: тыя, хто любіць прыроду і трапляе ў пушчу, шукаюць гэтую жывую прыроду. Але пушча мае і сацыяльную гісторыю”, — пачынае расповед Юніс Блаваскунас, прафесар антрапалогіі і дацэнт дэпартамента экалогіі і навакольнага асяроддзя Вітманского каледжа (Whitman College, Уола-Уола, штата Вашынгтон (ЗША).

Junis

Яна, рыхтуючы доктарскую дысертацыю на факультэце Aнтрапалёгii i Экалёгii Каліфарнійскага ўніверсітэту, стварыла этнаграфічны дакументальны фільм пра жыхароў польскай вёскі ля самай Белавежскай пушчы.  Фільм выйшаў у 2014 годзе пад назвай “Чорны бусел, Белы бусел” ( «Black stork, White stork»).

1-B87A0453

Першую ў Беларусі прэзентацыю з перакладам зладзілі працоная група “Ахова дзікай прыроды Беларусi” у асобе ГА “Багна”, таварыства “Зялёная сетка” і ГА “Брэсцкае абласное аддзяленне Ахова птушак Бацькаўшчыны” i мясцовы дабрачынны фонд «Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці». Магчыма, будзе прэзентацыя ў Мінску.

Лесаўпарадкаванне як спосаб успрымання

Тое, што называецца лесаўпарадкаваннем, вельмі моцна ўплывае на жыццё людзей, — так лічыць арганізатарка прэзентацыі Марыя Аўхімовіч, сяброўка ГА “Багна”:

“У фільме паказана, як змяняюцца адносіны да прыроды ў людзей, які выраслі побач з пушчай, калі ёй кіравалі па розных стратэгіях: высякалі і саджалі – гаспадарчыя адносіны, прыйшлі экалагічныя праграмы – пушчу пачалі ўспрымаць як векавы лес, які трэба абараняць”

Лёс мясцовых жыхароў і ў Беларусі моцна звязаны са спосабам кіравання. Узяць хаця б Каменюкі: аграмястэчка на тысячу з нечым чалавек. З іх большасць працуе ў пушчы, а калі хто не паразумеўся з дырэктарам – іншую працу знайсці цяжка, бо яе амаль няма.

FSC: сертыфікат аб тым, што людзей пачулі

Стварыць зваротную сувязь, каб і людзі ўплывалі на лёс лесу, прапануюць грамадскія арганізацыі,  можна выкарыстоўваючы такi iнструмент, напрыклад, як FSC (“Ляснога апякунскага савету”) – міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі, у якую ўваходзяць дзяржструктуры, грамадскія арганізацыі і прыватныя асобы. У Беларусі па гэтай схеме сертыфікавана 76% лясоў.

Белавежская пушча зараз праходзіць яе (з 4 па 8 траўня 2015), і гэта азначае, што яна мае шанец атрымаць сертыфікат як прызнанне, што сумяшчае прынцыпы ўстойлівага развіцця, атрымання эканамічных выгодаў і ўлічвае сацыяльны аспект.

Гэта фактычна падштурхоўвае людзей да пытанняў узаемаадносiн – лес і чалавек. Эколагі акцэнтуюць на ўдзеле людзей у кіраванні:

“Важна тое, што вялікае значэнне маюць веды і пажаданні мясцовага насельніцтва, — падкрэслівае Андрэй Абрамчук з Брэсцкага аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. — Гэта дае магчымасць удзельнічаць у кіраванні любым зацікаўленым асобам і, канешне, для нашай краіны гэта новая з’ява”

У розных краінах па-рознаму кіруюць запаведнымі тэрыторыямі, і Андрэй прывёў прыклад з фільму: калі ў Польшчы, каб пашырыць запаведную зону, трэба спытаць людзей, то ў Беларусі – не. Бываюць праблемы і нашмат больш вострыя, выяўна адмоўныя, дзе супрацоўнікі выконваюць, але не ўплываюць на рашэнні.

Адна з праблем пушчы звязаная са спадчынай запаведна-паляўнічай гаспадаркі, — так мяркуе Мікалай Чэркас з мінскага аддзялення “АПБ”, з 1992 па 2009 супрацоўнік Белавежскай пушчы.

Cerkas

“Паляўнічая і лясная гаспадарка несумяшчальныя. Калі мы захаваем пушчу для палявання, то страцім яе як лясны масіў”, — кажа Мікалай. І наадварот

Мясцовы жыхар: “Людзі хацелі б нешта сказаць! Але каму?”

Вырашэнню гэтай праблемы мог бы паспрыяць удзел людзей, як гэта было ў выпадку кампаніі “У абарону беларускіх балот”. У выніку яе некаторыя тэрыторыі пазбеглі асушэння:

“Нашая мэта напрацягу двух год была  ў тым, каб аб’яднаць жыхароў, грамадскасць, спецыялістаў і тых, хто прымае рашэнні. — кажа Вольга Каскевіч, старшыня ГА “Багна”. — Мы сутыкнуліся з тым, што мясцовыя жыхары розных вёсак не бачаць свайго месца ў працэсе кіравання і прыняцця рашэнняў”

 

“Разумееце, у нас няма такога органа, які змог бы ўдзельнічаць у гэтым, — кажа як пра відавочнасць Рыгор Краўчук. Ён мясцовы жыхар і 46 год працаваў у пушчы. — У Польшчы крыху прасцей, там у навуковы савет і з гміны могуць прыйсці людзі са сваёй праўдай. А ў нас кіраванне — праз нараду ў дырэктара. Навуковы савет можа нешта прапанаваць як дарадчы орган. Ці паслухае дырэктар, ці не? Грамадскасць гэтага абсалютна не датычыцца. Людзі тут хацелі б нешта сказаць, канешне! Але як сказаць, каму? Старшыні сельсавету? Ён не ўплывае ні на што, нават калі сходзіць да дырэктара”

Ryhor

Куды накіраваць заўвагі па Белавежскай пушчы

Адной з кропак уваходу для жыхароў мясцовасцi прадстаўнікі грамадскасці лiчаць сертыфікацыю FSC. Пушча пройдзiць сертыфікацыю – i кожны можа накіраваць заўвагі па парушэннях у ёй у FSC. Вынік аўдыту ў пушчы будзе вядомы праз 90 дзён пасля заканчэння (8 траўня). У такім разе праверкі зробяцца штогадовымі.

“У лютым 2015 года мы зачынілі грамадскую кампанію “У абарону беларускіх балот” як праект і вырашылі пашырыць дзейнасць, — тлумачыць Вольга Каскевіч. — Мы ўбачылі, што сама сістэма кіравання тэрыторыямі мае мноства праблем, і вырашылі паглядзець комплексна на пытанне кіравання ўсёй лясной тэрыторыяй”

З 2015 года ўтварылася працоўная група пад назвай «Ахова дзiкай прыроды», якую курыруе “Багна” і таварыства “Зялёная сетка”.

Ганна Валынец 

Матэрыял створаны ў рамках дзейнасці рабочай групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі«

Поделиться:

Оставить комментарий