Заказнік у Чысці паўтарае спрадвечны ландшафт Маладзечаншчыны

Заказнік у Чысці паўтарае спрадвечны ландшафт Маладзечаншчыны

Першы водна-балотны заказнік “Чысць” створаны ў Маладзечанскім раёне, каля вёскі Раёўка. У ім растуць рэдкія пароды дрэў і жывуць яшчэ больш рэдкія пароды птушак.

Але гэта не адзінае, чым вылучаецца заказнік у Чысці. Як кажа Ула­дзіслаў Чарноў, начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, чысцінскі заказнік паўтарае спрадвечны ландшафт Маладзечаншчыны.

85 працэнтаў тэрыторыі заказніка займаюць лясы, 15 працэнтаў – балоты.

Умовы, якія стварыліся ў заказніку, цалкам характарызуюць стан балот, які быў да таго, як сюды прыйшлі меліяратары.

У 70-я гады пажар знішчыў вялізную тэрыторыю

Гісторыя заказніка ў нечым нават трагічная. У 1970-х гадах тут месцілася торфапрадпрыемства. І аднойчы ўзнік буйны пажар.

– Наколькі бачыць вока выгарала зямля, – распавядае Уладзіслаў Чарноў. – Каб патушыць тарфянік, ваду чэрпалі жалезнымі трубамі з вадаёмаў. Вада выходзіла ў разлівы. Жывёлы сышлі і птушкі зляцелі адсюль.

Але час ішоў, амаль трыццаць гадоў спатрэбілася прыродзе, каб больш ці менш аднавіцца. У пачатку 2000 гадоў сюды вярнуліся журавы.

Плошча заказніка – 1455 гектараў лясоў і балот у міжрэччы Рыбчанкі і Верадоўкі.

Сёння ў заказніку галоўныя пароды дрэў – гэта сасна, елка і бяроза, чорная вольха, вярба.

На тэрыторыі заказніка расце 430 відаў папараці, хвашчу, хваёвых і кветкавых раслін.

У заказніку водзяцца 6 відаў земнаводных, 4 віды паўзуноў, 69 відаў птушак (з іх шэры журавель, драч і сокал-каршачок, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу), 23 віды млекакормячых (гэта і вожыкі, і лісіцы, і ласі, і нават алені).  16 відаў птушак маюць еўрапейскі ахоўны статус.

Чаго нельга рабіць у заказніку

У заказніку забаронена праводзіць меліярацыю, складзіраваць адходы, весці будаўніцтва, секчы лес, нельга захоўваць мінеральныя ўгнаенні і хімічныя сродкі аховы раслін, высаджваць чужародныя лясныя культуры, займацца сельскай гаспадаркай, размяшчаць жывёлагадоўчыя комплексы.

– А вось што можна рабіць, дык гэта збіраць грыбы і ягады, – падсумаваў Уладзіслаў Чарноў.

На сённяшні дзень у Маладзечанскім раёне створаныя чатыры заказнікі: ландшафтны заказнік “Бортнікі”, гідралагічны “Рака Вязынка”, біялагічны “Сасна Веймутава” і водна-балотны “Чысць”.

Крынiца: Наталля Тур, Рэгiанальная газета

Крынiца фота

Поделиться:

Оставить комментарий