НСУР-2030: яшчэ больш меліярацыі і ні слова пра экатурызм

1629732_900

Аб тым, якімі мусяць быць некаторыя раздзелы Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця (НСУР), вынесенай на грамадскае абмеркаванне, чаму менавіта так і што для гэтага зроблена, расказваюць прадстаўнікі ГА «Чыстая вада».

Стратэгія ўстойлівага развіцця зрабілася дакументам аб эканоміцы

Нацыянальная стратэгія – дакумент, у якім апісваюцца кірункі развіцця дзяржавы ў сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай сферы. Ён з’явіўся, бо ў 1992 годзе ў Рыа Беларусь зрабілася адной са 179 краін, якія прынялі «Павестку на ХХІ стагоддзе» – праграму дзеянняў, накіраваную на дасягненне здаровай эканомікі і высокай якасці навакольнага асяроддзя.

«Цяжка назваць НСУР-2030 дакументам аб устойлівым развіцці. Ён хутчэй аб развіцці эканамічным. У ім не ўлічаныя экалагічныя цікавасці, якія дазваляюць развівацца краіне ўстойліва», – мяркуе Вольга Каскевіч, прадстаўніца ГА «Чыстая вада» і каардынатарка кампаніі «У абарону беларускіх балот».

Яна і другі прадстаўнік «Чыстай вады», Канстанцін Чыкалаў, узялі ўдзел у грамадскім абмеркаванні праекта Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года і падрыхтавалі каментары і заўвагі, якія, разам з заўвагамі экалагічнай супольнасці, лістом адаслалі распрацоўнікам і ў Савет міністраў.

На думку Канстанціна і Вольгі, НСУР-2030 дастаткова недасканалая, i ёсць патрэба яе перапісваць камандзе прафесіяналаў.

Балота – не крынiца сыравiны, а экасiстэма

Каментары Вольгі і Канстанціна тычыліся раздзелаў «Сельская гаспадарка» і «Турызм».

На старонцы 56 раздзела «Сельская гаспадарка» гаворыцца аб тым, што «у земляробстве прыярытэтнымі будуць меліярацыя земляў і комплекс мераў па рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў глебы».

На думку Канстанціна, гэты артыкул патэнцыйна можа азначаць пашырэнне сельскагаспадарчых земляў праз меліяраванне новых тэрыторый. Не абавязкова жывых балот, але і не выключна, улічваючы, што ў краіне развіваюць аграрны сектар. І нават распахванне асушаных земляў вядзе да моцнага выкідвання вуглякіслага газу, які месціцца ў торфе ў звязаным стане.

«Я б сказала, што галоўны акцэнт у дакуменце ў нас на тым, што торф – неаднаўляльны прыродны рэсурс, і адносіны да нашых прыродных актываў мусяць быць іншымі. Для нас балота – не проста сыравінная база, гэта цэласная экасістэма, якую мы мусім зберагчы», – каментуе Вольга.

Складанасці без камунікацыі

Выкарыстанне балотных глебаў (калі гэта толькі не выпрацаваныя тарфянікі) у сельскагаспадарчых мэтах супярэчыла б заканадаўству, напрыклад ТКП17.12-06-2014 (02120) «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Раслінны свет.Тэрыторыi. Правіла выдзялення i аховы тыповых i рэдкіх біятопаў, тыповых i рэдкіх прыродных ландшафтаў», Пастанаўленню Савета міністраў РБ ад 19 лістапада 2010 № 1707 «Аб некаторых пытаннях у галіне захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці» i iншым.

На думку Вольгі, такія супярэчанні могуць сведчыць аб не надта шчыльнай супрацы розных ведамстваў і міністэрстваў: «Між ведамствамі вiдаць кепская камунікацыя. Мяркуючы па НСУР, яны не чытаюць дакументы i законы адно адное». Аб гэтым ускосна сведчыць і тое, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не ўдзельнічала ў распрацоўцы НСУР.

Экалагічная валюта

Апроч іншага, прадстаўнікі ГА «Чыстая вада» не сустрэлі ў тэксце паняцця «экалагічны турызм» – і гэта іх вельмі здзівіла: «Там ёсць аграэкатурызм, – кажа Канстанцін, – але ён не мае на ўвазе экалагічны турызм, як мы бачым зараз па маштабным развіцці аграэкатурызму».

На яго думку, цяпер экалагічны турызм разам з яго сцежкамі і экалагічнай ежай у трэндзе ў свеце і тым больш актуальны для Беларусі, дзе, у адрозненні ад многіх краін Еўропы, захавалася натуральная прырода.

Ганна Валынец, для Bezbolot.Net

Крынiца фота

Поделиться:

Оставить комментарий