Права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе

Якія ёсьць спосабы абароны права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе?

Адказвае Андрэй Раманцоў, юрыст

Права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе належыць грамадзяніну ад нараджэньня і належыць абароне як асабістае немаёмаснае права, не звязанае з маёмасным. Г.зн, спрыяльнае навакольнае асяроддзе з’яўляецца нематэрыяльным дабром.

Пры выбары спосаба абароны дадзенага права напачатку трэба зыходзіць з таго, якое менавіта парушэньне права было здзейснена або яшчэ працягваецца.

Сярод самых частых парушэньняў пры ажыцьцяўленьні права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе з’яюляюцца: непрадастаўленьне экалагічнай інфармацыі; прыняцьце рашэньня ўпаўнаважаным органам, што пярэчыць экалагічнаму заканадаўству; неналежны ўлік меркаваньня грамадзян пры прыняцьці рашэньня па экалагічных пытаньнях; ажыцьцяўленьне гаспадарчай дзейнасьці, што прычыняе шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю грамадзян і іншага кшалту парушэньні.

І ўжо зыходзячы з гэтага, вы можаце выбраць адпаведны спосаб абароны вашага права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Напрыклад, калі вам не прадаставілі па вашым запыце экалагічную інфармацыю, вы можаце напісаць скаргу  ў вышэйстаячы орган або звярнуцца непасрэдна ў суд (арт. 74-4 Закона аб ахове навакольнага асяроддзя), каб адпаведны орган абавязаў першапачатковага суб’екта, які парушыў ваша права, выдаць такую інфармацыю.

Калі раённая адміністрацыя, напрыклад, прыняла рашэньне, якое супярэчыць заканадаўству ў вобласьці аховы навакольнага асяроддзя, і такім чынам парушае ваша права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, вы можаце звярнуцца ў суд дзеля адмены такога рашэньня.

Калі каля вашага дома або ў іншым месцы пабудавалі хімічны завод, здабываюць торф, высякаюць лес або ажыццяўляюць іншую гаспадарчую дзейнасць, і пры гэтым вы даведаліся, што пры яе ажыцьцяўленьні парушаюцца патрабаваньні  ў вобласьці аховы навакольнага асяроддзя і аказваецца шкоднае ўздзеяньне на прыроду, то вы можаце звярнуцца з іскам у суд аб прыпыненьні або забароне такой дзейнасьці (арт. 100 Закона аб ахове навакольнага асяродзя).

У дадзеных прыкладах я пералічыў толькі некаторыя спосабы абароны грамадзянскіх правоў. Поўны пералік спосабаў абароны прадугледжаны ў арт. 11 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Пры выбары таго або іншага спосаба абароны права, заўсёды памятайце пра тое, які з іх будзе найбольш эфектыўны дзеля абароны вашага права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе!

Поделиться:

Оставить комментарий