Як замест ласёў выраслі бабры

Меліярацыя і балоты – рэчы ў свядомасці беларуса непадзельныя. Як на іх адрэагавалі жывёлы буйней за птушак, што кажуць навукоўцы пра будучыню і сённяшні дзень беларускіх балот – у другой частцы аповеда пра жывёл і іх месцы жыхарства (чытайце першую частку тут).

Безгаспадарныя балоты

Спецыялісты былі ўпэўненыя, што ў Беларусі 1,4 мільёна гектараў балот, а апынулася – амаль у два разы менш. Толькі 863 тысячы гектараў налічылі навукоўцы па выніках паветранай здымкі, якая прайшла тры гады таму.

“У нас ёсць міністэрства лясной, міністэрства сельскай гаспадаркі, але міністэрства балот няма. А балоты ёсць ва ўсіх: у “Белтапгазу”, у лясной гаспадарцы і землях запасу… Гэта безгаспадарныя землі, іх уліку няма, як не было і ўліку таго, што меліяравана, а што не”, – кажа Аляксандр Казулін, супрацоўнік НАН Беларусі.

1

У другой палове дваццатага стагоддзя было асушана каля 2 мільёнаў гектараў балот. Зараз іх колькасць у натуральным стане, паводле Аляксандра, ужо не змяншаецца, меліярацыя для сельскай гаспадаркі забароненая, але асушэнне для здабычы торфу працягваецца.

Гэтае асушэнне ідзе, паводле навукоўцаў, на дэградаваных балотах, “аднаўленне якіх ні эканамічна, ні экалагічна немагчымае ці немэтазгоднае”. Балоты ў натуральным стане навукоўцы накіраваныя абараняць, і спрабуюць распрацаваць стратэгію, якая цалкам бы спыніла іх далейшую распрацоўку.

Гэтая ідэя, па словах Аляксандра, зараз закладаецца ва ўсе стратэгіі – напрыклад, па біяразнастайнасці і ўстойлівым выкарыстанні тарфянікаў. Таксама распрацоўваецца схема рацыянальнага выкарыстання асноўных радовішчаў, якой да 2030 году вызначана, што будзе ахоўвацца, а што – выкарыстоўвацца ў кожным з раёнаў. Раней яе рабілі тарфянікі з Інстытуту торфу, а зараз актыўна займаюцца яшчэ і эколагі. Схема мусіць быць зацверджаная да канца 2015 году.

Як замест ласёў выраслі бабры

Са змяншэннем колькасці балот на Беларусі істотна змяніўся і жывёльны свет. На поўдні, асабліва на Палессі, дзе раней было шмат нізінных балотаў, жыве ўжо  нашмат менш ласей. Гэты від – адзін з самых “балотных”, калі не лічыць птушак. Астатнія  жывёлы могуць існаваць на тэрыторыях, засвоеных у рознай ступені, а лось корміцца, адпачывае і большую частку жыцця праводзіць на балоце.

2

З млекакормячых пацярпелі вадзяная палёўка і еўрапейскі шашок, у якіх падобны лад жыцця. З паўзуноў – некаторыя змеі, напрыклад, гадзюка звычайная.

Для ваўка балота – ідэальныя ўмовы, але гэта не галоўнае і на папуляцыюўплывае не так моцна. Галоўнае — корм, то бок шмат капытных. Рысь з балотам таксама звязаная, але агулам жыве паўсюль – абы не турбаваў чалавек. Алень балотаў пазбягае, бо не можа хадзіць па іх, як і зубр – той не пераносіць, калі глеба правальваецца пад нагамі.

На балотах з’явілася шмат амерыканскай норкі, янотападобнага сабакі і баброў, якія ўжо даўно не ў Чырвонай кнізе. Усім ім спрыяла лясная меліярацыя – з’явіліся каналы, у якіх можна схавацца. Яшчаркі ад меліярацыі таксама не пацярпелі – ім часам даспадобы больш падсушаныя месцы, чарапахам – пяскі па беражках каналаў, куды яны складваюць яйкі.

3

“Колькасць відаў жывёл не змянілася, але вельмі змянілася структура папуляцыі, – падсумоўвае Аляксандр. – Калі раней вадзяная палёўка была распаўсюджаная амаль па ўсёй Беларусі, як і лось – папуляцыі яго былі амаль паўсюль, то зараз гэта ўсё фрагментарна: від захаваўся, але яго колькасць і размеркаванне па тэрыторыі вельмі моцна змянілася”.

Ганна Валынец, для Bezbolot.net

Фота: andrew-dovgan.livejournal.com, katyaburg.ru

Поделиться:

Оставить комментарий