Прыпяцкія балоты — сэрца Палесся

Прыпяцкія балоты — сэрца Палесся

Грамадскасць спадзяецца, што наданне нацыянальнаму парку “Прыпяцкі” міжнароднага статусу аховы дасць дадатковыя магчымасці для абароны яго прыродных комплексаў ад разбуральнага гаспадарчага ўздзеяння.

Палескія ландшафты

У самым цэнтры Палесся, на пашыранай частцы старажытнай даліны Прыпяці паміж рэкамі Сцвіга і Убарць раскінуліся цудоўныя мясціны. Шэраг лясоў і балот з багаццем рэк, азёр і далін. Гэта тэрыторыя складае частку нацыянальнага парка “Прыпяцкі”.

02

Доктар біялагічных навук Марцінкевіч склаў мапу нацыянальнага парка, на якой вызначыў сорак відаў ландшафтаў. Усе яны аб’ядноўваюцца ў чатыры вялікія комплексы, якія паслядоўна змяняюцца па тэрыторыі “Прыпяцкага” ў напрамку з поўначы на поўдзень: поймавыя ландшафты (пойма ракі, парослая хмызняком і лісцевымі лясамі, а таксама заліўныя лугі), першая надпоймавая тэраса (лісцевые і змяшаныя лясы), другая надпоймавая тэраса (балота розных тыпаў з выспамі), водна-ледавіковая раўніна (невялічкія рачные даліны з эолавымі дзюнамі, парослымі хваёвымі лясамі).

Меліярацыя стогадовай даўніны

Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот генерала Жылінскага у 1874-1898 гг пабудавала на тэрыторыі сучаснага “Прыпяцкага” меліярацыйную сетку. Яна складалася з 92 каналаў рознага ўзроўню агульнай даўжынёй 301 кіламетр, з якіх сем каналаў – магістральныя. Тагачасная меліярацыя мела на мэце павялічэнне прыбытку з дзяржаўных лясных і лугавых угоддзяў і садзейнічанне прыватнай ініцыятыве па развіццю земляробства і жывёлагадоўлі ў цэнтры Палесся. Асушэнне таксама мела значэнне для пабудовы транспалескай чыгункі Брэст-Бранск. Вопыт правядзення мяккай (як яе назвалі сучасныя навукоўцы) меліярацыі Жылінскага і дагэтуль варты ўвагі і вывучэння.

03

Пасля надання ў 1969 годзе гэтай тэрыторыі запаведнага статусу, нагляд за каналамі спынілі. Яны паступова пачалі зарастать, і зараз працуюць толькі магістральныя каналы.

Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік

Запаведнік быў створаны на гэтай тэрыторыі ў 1969 годзе ў мэтах захавання ў натуральным стане тыповага для беларускага Палесся ландшафтна-гідралагічнага комплекса, вывучэння на яго аснове зменаў у прыродзе, захавання і ўзнаўлення асобных рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін. З 1975 года на тэрыторыі Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка спынілі высяканні галоўнага карыстання, нагляд за меліярацыйнай сістэмай і паляванні. Былі створаныя навуковыя пункты стацыянарнага даследвання і пачалося шматгадовае вывучэнне прыроды запаведніка. Прыпяцкім балотам было прысвечана больш за сто публікацый. Але галоўнае тое, што стварэнне запаведніка спыніла планы па распачынанню торфараспрацоўкі на гэтай тэрыторыі.

04

Біяразнастайнасць

У цяперашні час на тэрыторыі нацыянальнага парка “Прыпяцкі” адзначаныя 246 відаў птушак, з якія 66 занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. У “Прыпяцкім” гняздуецца значная колькасць глабальна знікаючых відаў: белавокі нырок, арлан-белахвост, вялікі арлец, драч, дубальт. Акрамя таго, у нацыянальным парку сустракаюцца 58 відаў млекакормячых, восем з якіх таксама ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. На тэрыторыі “Прыпяцкага” зарэгістравана 827 відаў вышэйшых раслін, 18 з якіх “чырвонакніжнікі”.

05

Наяўнасць такой вялікай колькасці відаў нацыянальнага і міжнароднага значэння падкрэслівае выключную важнасць тэрыторыі нацыянальнага парка для захавання біялагічнай разнастайнасці Палесся, Беларусі і Еўропы ў цэлым.

Тэрыторыя, важная для птушак

Адным з найбольш эфектыўных метадаў аховы большасці рэдкіх і многіх звычайных відаў птушак з’яўляецца захаванне каштоўных прыродных тэрыторыяў, неабходных для іх выжывання. Міжнародная праграма IBA (тэрыторыя, важная для птушак, ТВП) садзейничае гэтаму. Наданне тэрыторыі статусу ТВП пацвярджаюць, што гэтае месца мае рэальную значнасць для захавання папуляцый птушак на міжнародным узроўні. ТВП “Прыпяцкія балоты”, ў склад якой ўваходзіць тэрыторыя нацыянальнага парку “Прыпяцкі” мае міжнароднае значэнне для захавання відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вялікі арлец, дубальт, вялiкi грыцук. А таксама рэгіянальнае значэнне для захавання такіх відаў як чорны бусел, арол-вужаед, шэры журавель, малая крычка, пугач, шэрая кугакаўка, звычайны ляляк, сярэдні дзяцел (крынiца).

06

Расмсарскае угоддзе

У 2014 годзе напярэдадні Міжнароднага Дня водна-балотных угоддзяў нацыянальны парк “Прыпяцкі” атрымаў статус Рамсарскага водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння. Наданне “Прыпяцкаму” статуса міжнароднай аховы цалкам натуральна і абсалютна лагічна. Менавіта тут над поймай Прыпяці пралягае адзін з асноўных для птушак міграцыйных шляхоў міжнароднай значнасці. Сотні тысяч птушак не толькі ляцяць над “Прыпяцкім”, але і спыняюцца тут адпачыць і пахарчавацца, каб потым рушыць далей. Знікненне, як і істотнае змяненне такога месца можа нанесці непапраўную шкоду дзясяткам відаў у многіх краінах Еўропы.

Акрамя таго, нацыянальны парк “Прыпяцкі” з’яўляецца значнай часткай перспектыўнага міжнароднага (Беларусь – Украiна) біясфернага рэзервата “Прадаліна Прыпяці”, заяву на стварэнне якога падрыхтавала Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі.

07

Зямля пад нагамі

Наданне “Прыпяцкаму” міжнароднага статусу аховы дасць дадатковыя магчымасці для абароны прыродных комплексаў ад разбуральнага гаспадарчага ўплыву. Пасля пераўтварэння ў 1996 годзе Прыпяцкага запаведніка ў нацыянальны парк, лесагаспадарчая дзейнасць на яго тэрыторыі значна пашырылася, што аказала істотны негатыўны ўплыў на экасістэмы (крынiца).

У цяперашні час на тэрыторыі нацыянальнага парку “Прыпяцкі” праводзіцца вясновае паляванне на птушак, адбываецца шыракамаштабнае будаўніцтва дарог з высяканнем вялізарнай колькасці жывых каштоўных дрэваў. Адміністрацыя нацпарка выступае ініцыятарам пашырэнння санітарных высяканняў дрэў на тэрыторыі поймавых дубраў.

08

Акрамя ўсяго гэтага, нацыянальны парк “Прыпяцкі” трапіў у пастанову Савета Міністраў №794 як тэрыторыя, перспектыўная для здабычы торфу. У недрах “Прыпяцкага” есць залежы бурага вуглю і сланцаў, якія ў апошнія гады не даюць спакою “гаспадарнікам”.

Да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя грамадская кампанія «Захаваем Прыпяцкія дубровы!» запусціла электронны зварот, у якім выступае за тэрміновую змену палітыкі кіравання нацыянальным паркам.

А. Раеўская для BezBolot.Net

Першае фота Дз. Вiнчэўскi


Спасылкi па тэме:

Подпишите петицию «Остановите уничтожение природы в национальном парке «Припятский»!

Уникальная природа Национального парка «Припятский» под угрозой

Поделиться:

Оставить комментарий