Захаваць балоты нашмат больш важна, чым іх узнавіць

Нават праз 100 год пасля паноўнага забалачвання тэрыторыя не выконвае сваёй былой прыроднай функцыі. Новае даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе PLoS Biology, паказала, што для ўзнаўленне водна-балотнай тэрыторыі да таго стану, каб яна падтрымлівала былую біяразнастайнасць і захоўвала былую колькасць двуокісу вугляроду, могуць спатрэбіцца стагоддзі, — калі такое ўзнаўленне ўвогуле магчымае. Атрыманыя вынікі ставяць пад знакам запытання законы, прынятыя, напрыклад, у ЗША, які дазваляе руйнаваць прыроднае балота так доўга, як падобнае дзе-небудзь у іншым месцы адначасова ўзнаўляецца. «Калі аднойчы знішчыць водна-балотнае ўгоддзе, праз шмат год яно не зможа вярнуць свой былы склад расліннасці або багатыя запасы вугляроду ў глебе, ад якіх залежыць прыродны цыкл вады і мінеральных кампанентаў” – сказаў адзін з аўтараў даследавання Дэвід Марэна-Матэос (David Moreno-Mateos) з універсітэту Каліфорніі ў Бэрклі (ЗША). «Нават пасля стагоддзя ўзнаўлення такая водна-балотная тэрыторыя ўсё яшчэ будзе адрознівацца ад таго, што там было раней. І можа ніколі так напраўду і не ўзнавіцца”. Спраўдзіўшы 124 навуковыя працы па ўзнаўленню забалочаных месцаў, у якіх разглядаюцца 621 балота з розных месцаў нашай планеты (хаця 80% з іх размешчаны ў ЗША), артыкул нагадвае, што нават праз 50-100 год узнаўлення такія месцы ўсё яшчэ захоўваюць на 23% менш вуглероду і на 26% менш відаў раслін чым непарушаныя балоты. У сярэднім узнаўляемыя водна-балотныя тэрыторыі на чвэрць менш прадуктыўныя за сапраўдныя. Даследаванне таксама паказала, што балоты ў халодным клімаце патрабуюць на ўзнаўленне сваёй экасістэмы больш часу, чым тыя, якія знаходзяцца ў больш цёплых шыротах. «Балоты назапашваюць шмат вугляроду, таму калі вы асушаеце іх для вядзення сельскай гаспадаркі або для забудовы, вы напрамую “вызваляеце” гэты вуглярод у атмасферу.” – растлумачыў Марэна-Матэос. «Калі працягваць асушаць балоты, вуглярод, які перайдзе з іх у атмасферу прыйдзецца вяртаць стагоддзямі”. Аднак водна-балотныя ўгоддзя не толькі назапашваюць вуглярод, падтрымліваюць багатую біяразнастайнасць, але таксама ачышчаюць ваду, дапамагаюць супрацьстаяць эрозіі і змяншаюць рызыку паводак. Таму трэба не руйнаваць хаця б тое, што засталося. Бо паводле сучасных уяўленняў эколагаў, многія экасістэмы пасля іх знішчэння немагчыма ўзнавіць цалкам.

Крыніца: Mateos-Moreno D, Power M. E, Comin F. A, Yockteng R (2012). Structural and functional loss in restored wetland ecosystems. PLoS Biol 10: e1001247. doi:10.1371/journal.pbio.1001247. Паводле www.news.mongabay.com

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by Забалочаныя месцы нацпарку Кеоладэо,Утар-Прадэш, Індыя.

Поделиться:

Оставить комментарий